Афіцыйны Мінск адказвае на санкцыі

У аўторак, 28 лютага, у беларускае Міністэрства замежных справаў былі выкліканы пасол Еўрапейскага саюза Майра Мора і пасол Польшчы Лешак Шарэпка. Як стала вядома, гэты выклік звязаны з тымі дадатковымі візавымі санкцыямі, якія Еўрасаюз напярэдадні ўвёў у дачыненні да дваццаці аднаго прадстаўніка Беларусі.



У аўторак, 28 лютага, у беларускае Міністэрства замежных справаў былі выкліканы пасол Еўрапейскага саюза Майра Мора і пасол Польшчы Лешак Шарэпка. Як стала вядома, гэты выклік звязаны з тымі дадатковымі візавымі санкцыямі, якія Еўрасаюз напярэдадні ўвёў у дачыненні да дваццаці аднаго прадстаўніка Беларусі.

Ужо з’явілася і заява начальніка ўпраўлення інфармацыі — прэс-сакратара МЗС Беларусі Андрэя Савіных. Як гаворыцца ў дакуменце, Беларусь забароніць уезд на сваю тэрыторыю асобам з краінаў ЕС, якія спрыялі ўвядзенню санкцыяў супраць Беларусі. “У парадку ў адказ беларускі бок зачыніць уезд у Беларусь тым асобам з дзяржаваў Еўрасаюза, якія спрыялі ўвядзенню абмежавальных захадаў, — заявіў Савіных. 

Дзеянні і заявы афіцыйнага Мінска для “Новага часу пракаментаваў эксперт Аналітычнага цэнтру “Стратэгія палітолаг Валеры Карбалевіч:

Забарона на ўезд можа закрануць нейкіх чыноўнікаў з Еўрапейскага саюза, магчыма, некаторых еўрадэпутатаў, нейкіх значных асобаў з еўрапейскіх краінаў. Але гэта не вельмі вялікая навіна. Галоўная навіна — гэта тое, што Беларусь і Польшча, Беларусь і Еўрасаюз адклікаюць сваіх амбасадараў для кансультацыяў. Гэта новы паварот, такога даўно ўжо не было. Беларускі бок сапраўды ідзе на эскалацыю. Гэта значыць, Лукашэнка выконвае свае пагрозы, якія ён даваў падчас прыёму даверчых грамат ад паслоў, дзе ён казаў, што калі пераступіце праз чырвоную лінію, то тады мы будзем адказваць вельмі жорстка. Чаму ён гэта робіць? Ідзе вайна нерваў, вайна характараў і волі. А гэта ў стылі Лукашэнкі — адказваць ударам на ўдар, каб ніхто не падумаў, што ён баіцца, што ён слабы, таму гэта ўсё абсалютна ў стылі беларускага кіраўніка. З іншага боку, падтрымка ад Расіі, эканамічная і палітычная, пра што сведчыць і нядаўняя сумесная заява Лукашэнкі і Мядзведзева. Вось гэта два галоўныя чыннікі. Мне падаецца, што апошнія дзеянні беларускіх уладаў падштурхнуць Еўрапейскі саюз да тых санкцыяў, якія ён планаваў увесці, але дасюль не ўвёў. Я маю на ўвазе і візавыя абмежаванні — гаворка ішла пра сто трыццаць пяць чалавек, а зараз фігуруе толькі дваццаць адзін. Магчыма, справа дойдзе і да Юрыя Чыжа — Славеніі цяпер будзе цяжка супраціўляцца. 

Каментаваць