АГП прапануе стратэгію дэлегітымізацыі ўлады

Кіраўніцтва Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) аб’явіла пра ўласную стратэгію на парламенцкія выбары, што адбудуцца восенню гэтага года. Партыйцы заклікаюць іншыя зарэгістраваныя партыі далучыцца да ідэі АГП.



Кіраўніцтва Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) аб’явіла пра ўласную стратэгію на парламенцкія выбары, што адбудуцца восенню гэтага года. Партыйцы заклікаюць іншыя зарэгістраваныя партыі далучыцца да ідэі АГП.

Сутнасць стратэгіі палягае ў наступным: Аб’яднаная грамадзянская партыя не мае намеру ўдзельнічаць непасрэдна ў выбарах у Палату прадстаўнікоў, але возьме ўдзел у выбарчай кампаніі, вылучыўшы ад партыі патэнцыйных кандыдатаў у парламентарыі. Карыстацца бюджэтам, якія выдзяляе дзяржава кандыдатам нельга, каб не было фінансавай запазычанасці перад дзяржавай. Кандыдаты мусяць сфармаваць уласныя фонды і ўжо за кошт гэтых сродкаў весці інфармацыйную кампанію. «Усе ўдзельнікі гэтай кампаніі мусяць быць сябрамі зарэгістраваных палітычных партый. Гэта азначае: некалькі юрыдычна аформленых рашэнняў на рэгістрацыю і столькі ж рашэнняў на зняцце. Ніякіх апартуністаў! Абсалютна прагназуемы, кантралюемы вынік!» — падкрэслівае Анатоль Лябедзька. Ён зазначыў, што гэтая выбарчая кампанія ёсць інструментам данясення да насельніцтва думкі, што менавіта Аляксандр Лукашэнка тармозіць развіццё Беларусі. Юрыдычны штрых: калі кандыдатаў вылучае партыя, а не грамадзяне шляхам збору подпісаў, то і адзывае кандыдата таксама партыя.


Кандыдаты ў дэпутаты павінны ісці ў народ з трыма тэзамі: галоўная праблема Беларусі — гэта Аляксандр Лукашэнка; выбараў няма, таму ўсе кандыдаты ў дэпутаты здымаюць свае кандыдатуры да пачатку датэрміновага галасавання; выбарцам не варта ісці на выбары ці галасаваць супраць усіх. Па словах Анатоля Лябедзькі, гэта дазволіць дэлегітымізаваць рэжым Лукашэнкі як унутры краіны, так і звонку яе межаў. Прапанаваная схема, на думку Лябедзькі, дазволіць правесці эфектыўную інфармацыйную кампанію, скарыстацца магчымасцямі, што дае заканадаўства, але разам з тым пракантраляваць, каб усе патэнцыйныя кандыдаты прытрымліваліся адзінай стратэгіі.


 «Між іншым, будзе цікава, што зробяць улады, калі будуць ведаць, што кандыдаты ў сваіх тэлевыступах будуць гаварыць, што выбараў няма, — разважае намеснік старшыні АГП Леў Марголін. — Пусцяць ці не пусцяць?» Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі таксама пэўныя спадзевы звязвае з палітычнай кампаніяй у Расіі. «Мы спадзяёмся, што пры паспяховым развіцці сітуацыі ў Расіі і беларуская інфармацыйная прастора будзе напампоўвацца тэмаю свабодных выбараў», — заўважыў Лябедзька.


Кіраўнік АГП заявіў, што гэтая стратэгія будзе прапанавана «кааліцыі шасці» на бліжэйшым пасяджэнні, якое прызначана на 8 лютага. Па словах Лябедзькі, «за выключэннем Сяргея Калякіна (левая партыя «Справядлівы свет» — рэд.) усе заявілі, што гатовыя нейкім чынам зняць сваіх людзей». На мінулым тыдні лідары «кааліцыі шасці» (АГП, Партыі БНФ, Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», руху «За Свабоду» і грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!») планавалі падпісаць дэкларацыю «Аб грамадскай дыскусіі аб мэтах і формах ўдзелу беларускай апазіцыі ў выбарах 2012 года». Аднак узгадніць пазіцыі палітыкам не ўдалося, а сустрэча скончылася разборкамі паміж палітычнымі дзеячамі.
 

Каментаваць