АГП супраць

На пасяджэнні Палітсавета Аб’яднанай грамадзянскай партыі, якое прайшло 7 верасня, адбылося абмеркаванне вынікаў візіту ў Варшаву старшыні партыі Анатоля Лябедзькі ў складзе дэлегацыі беларускай апазіцыі, а таксама эканамічнай і ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў Беларусі. Пра вынікі пасяджэння кіраўнікі АГП распавялі журналістам адразу па яго завяршэнні.



На пасяджэнні Палітсавета Аб’яднанай грамадзянскай партыі, якое прайшло 7 верасня, адбылося абмеркаванне вынікаў візіту ў Варшаву старшыні партыі Анатоля Лябедзькі ў складзе дэлегацыі беларускай апазіцыі, а таксама эканамічнай і ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў Беларусі. Пра вынікі пасяджэння кіраўнікі АГП распавялі журналістам адразу па яго завяршэнні.

Закранаючы пытанне вынікаў візіту дэлегацыі беларускіх дэмакратычных палітыкаў у польскую сталіцу, Анатоль Лябедзька адзначыў, што сустрэча апазіцыянераў з прэм’ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам замест планаваных 30 хвілін доўжылася 1 гадзіну 15 хвілін, што сведчыць пра наяўнасць цікавасці ў польскага кіраўніцтва да беларускай праблематыкі. Лябедзька адзначыў, што пазіцыя беларускай дэлегацыі была ўзгодненай. “Польшча надзвычай зацікаўлена ў вяртанні Беларусі да дэмакратыі, яна гатова выконваць функцыю аднаго з галоўных лабістаў інтарэсаў прыхільнікаў перамен у Беларусі ў Еўрасаюзе. І Туск, і міністр замежных спраў Сікорскі падкрэслівалі, што прамыя перамовы ўлады і апазіцыі — гэта правільны падыход, і гэта вельмі важна і істотна. У цэлым вынікамі візіту мы задаволеныя, — падкрэсліў старшыня АГП.

Анатоль Лябедзька нагадаў, што ў хуткім часе ў Варшаве мае адбыцца саміт Усходняга партнёрства. “Мы абмяркоўвалі прадстаўніцтва з беларускага боку, і сябры беларускай дэлегацыі адназначна выказаліся, што не можа быць запрашэння на саміт для Аляксандра Лукашэнкі. Разам з тым, мы выказалі меркаванне, што варта, каб нехта быў ад улады і выканаў функцыю паштальёна — атрымаў пасланне ад ЕС і перадаў яго ў Чырвоны дом. Прадстаўнікам апазіцыі таксама будзе прадстаўлена магчымасць прыехаць у Варшаву і прыняць удзел у шэрагу мерапрыемстваў, і нашы польскія калегі паабяцалі гэтаму садзейнічаць, — паведаміў палітык.

Што да ўнутранай сітуацыі ў Беларусі, то, па словах намесніка старшыні АГП Льва Марголіна, на пасяджэнні Палітсавета партыі прынята пастанова аб сітуацыі ў Беларусі і тых захадах, якія ўрад здзяйсняе па барацьбе з эканамічным крызісам. “Мы канстатуем, што гэтыя рашэнні вельмі запозненыя і палавінчатыя, што ўрад не разумее сітуацыю ў краіне і глыбінныя прычыны крызісу. Калі б урад у Беларусі нешта вырашаў, то можна было б ставіць пытанне пра яго адстаўку, але паколькі ўсю адказнасць за тое, што адбываецца ў дзяржаве, бярэ на сябе Лукашэнка, то на парадку дня ўзнікае пытанне аб адстаўцы менавіта яго, — заявіў Марголін.

Па словах намесніка старшыні АГП, Палітсавет пацвердзіў актыўны ўдзел партыйцаў у “Народных сходах, запланаваных на 8 кастрычніка. Што да так званага “круглага стала, які анансавала ўлада, то, як падкрэсліў Леў Марголін, павінны быць наўпроставыя перамовы паміж уладай і апазіцыяй, магчыма, пры пасярэдніцтве еўрапейскіх арганізацый. “Толькі прамыя перамовы і толькі пры ўмове вызвалення ўсіх палітвязняў, — адзначыў палітык.

Каментаваць