Агляд свабоды асацыяцый у Беларусі прэзэнтавалі на нарадзе па чалавечым вымярэнні АБСЕ

26 верасня ў Варшаве на штогадовай нарадзе АБСЕ па чалавечым вымярэнні адбылося паралельнае мерапрыемства “Свабода асацыяцыяў і прававыя ўмовы для дзейнасці арганізацыяў грамадзянскай супольнасці ў Беларусі”. Арганізатарамі падзеі выступілі Асамблея неўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі і Цэнтр прававой трансфармацыі.



Мэтай мерапрыемства было азнаямленне ўдзельнікаў канферэнцыі АБСЕ са зместам аднайменнай альтэрнатыўнай справаздачы, якая была пададзеная беларускімі арганізацыямі ў Савет па правах чалавека ААН у межах падрыхтоўкі да другога раўнду Універсальнага перыядычнага агляду па правах чалавека. Рэспубліка Беларусь павінная прайсці працэдуру Універсальнага перыядычнага агляду ў другі раз на 22-й сэсіі Савета па правах чалавека, якая пройдзе ў Жэневе ў красавіку-траўні 2015 года.

 

У межах паралельнага мерапрыемства праваабаронцы сканцэнтравалі ўвагу на выкананні беларускім урадам рэкамендацый па паляпшэнні прававых умоў для дзейнасці неўрадавых арганізацый, якія былі адрасаваныя нашай краіне ў падчас першага раўнду Універсальнага перыядычнага агляда ў 2010 годзе.

 

У сваім выступе юрыст Асамблеі НДА Юрый Чавусаў адзначыў, што ўрад Беларусі не выканаў абсалютную большасць рэкамендацый, датычных свабоды асацыяцый. У тым ліку не выкананыя тыя рэкамендацыі, якія ў 2010 годзе былі прызнаныя ўрадам Беларусі ў якасці прыймальных, а значыць, нашая краіна ўзяла на сабе абавязак прыслухацца да іх. Так, рэкамендацыя скасавання крымінальнай адказнасці за дзейнасць незарэгістраваных арганізацыяў (сумнавядомы артыкул 193-1 Крымінальнага кодэкса), высунутая Нідэрландамі і шэрагам іншых краінаў, так і засталася не выкананая: хоць ад 2008 году новых прысудаў па артыкуле 193-1 не было, сам артыкул працягвае дзейнічаць і негатыўна ўплываць на развіццё беларускай грамадзянскай супольнасці.

 

Дырэктарка Цэнтра прававой трансфармацыі Вольга Смалянка падкрэсліла, што тыя шматлікія змены заканадаўства пра неўрадавыя арганізацыі, якія адбыліся ў перыяд 2010-2014 гадоў, ніякім чынам не вырашылі асноўных прававых праблемаў і абмежаванняў для працы некамерцыйных арганізацыяў. Парадак дзяржаўнай рэгістрацыі грамадскіх аб’яднаньняў, партый, іх арганізацыйных структур, а таксама фондаў, з’яўляецца складаным і цяжкім, пакідае магчымасць для адвольнай адмовы ў рэгістрацыі якой-кольвек навастворанай арганізацыі (напрыклад, апошні выпадак рэгістрацыі новай партыі ў Беларусі адбыўся ў 2000 годзе і з таго часу аніякія новыя спробы рэгістрацыі не прыводзяць да пазітыўнага рашэння). Заканадаўства ўстанаўлівае істотныя абмежаванні для атрымання неўрадавымі арганізацыямі фінансавання як з унутраных, так і з замежных крыніцаў, у тым ліку абмяжоўваючы мэты, на якія могуць падавацца ахвяраванні замежных і карпаратыўных донараў.

 

Эксперт Цэнтра прававой трансфармацыі Аляксей Казлюк прадставіў агляд ўзаемадзеяння Беларусі з міжнароднымі механізмамі па правах чалавека і месца неўрадавых арганізацый у гэтым працэсе. Выступоўца адзначыў, што ў параўнанні з першым раўндам Універсальнага перыядычнага агляду інтэнсіўнасць узаемадзеяння ўрада з нацыянальнымі праваабарончымі арганізацыямі зменшылася і абмяжоўваецца збольшага фармальнымі мерапрыемствамі з тэарэтычным абмеркаваннем праваабарончых аспектаў, далёкім ад пытанняў практычнай рэалізацыі ў дзяржаўнай палітыцы. Дакладчык падкрэсліў важнасць павелічэння ролі прадстаўніцтва ААН у Мінску ў справе сапраўды рэальнага дыялогу па пытаннях правоў чалавека ў Беларусі.

 

Удзельнікі прэзентацыі акцэнтавалі ўвагу нацыянальных дэлегацый краін-сябраў АБСЕ на тых рэкамэндацыях, якія прадстаўленыя ў альтэрнатыўнай справаздачы. Яны падкрэслілі важнасць адрасавання ўраду Беларусі выключна канкрэтных і адназначных рэкамендацый, выкананне якіх лёгка ацаніць і цяжка сімуляваць. Дакладчыкі заклікалі прысутныя на мерапрыемстве ўрадавыя дэлегацыі грунтаваць свае пытанні і рэкамендацыі да ўраду Беларусі ў межах другога раўнду Універсальнага перыядычнага агляду на тых прапановах, якія ўтрымліваюцца ў прэзентаваным альтэрнатыўным аглядзе па свабодзе асацыяцый.

 

Гэты сайд-івэнт стаў шостым запар мерапрыемствам, праведзеным Асамблеяй НДА на штогадовых нарадах АБСЕ па чалавечым вымярэнні: падобныя прэзентацыі праводзяцца Асамблеяй НДА на гэтай міжнароднай пляцоўцы штогод ад 2009 году.

Каментаваць