Ахова «Кароны» зноў адзначылася

Ахоўнік крамы "Карона" ў Баранавічах спрабаваў перашкодзіць збору подпісаў за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты Таццяны Малашчанка. 


Увечары 12 ліпеня каля крамы «Карона» ў Баранавічах быў зладжаны пікет па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты Таццяны Малашчанка. Людзі ставілі свае подпісы досыць актыўна, пакуль у працэс не ўключыўся начальнік змены аховы крамы.


Актывістка БХД Таццяна Малашчанка распавяла, што ахоўнік раптам запатрабаваў, каб збор подпісаў быў узгоднены з кіраўніцтвам «Кароны» і настойваў, каб ініцыятыўная група пакінула тэрыторыю каля крамы. А калі тыя не пагадзіліся — выклікаў міліцыянера, які дзяжурыў у краме.


Але прапаршчык Баранавічскага аддзела дэпартамента аховы Дзмітрый Ківель змог спакойна і граматна разабрацца ў сітуацыі і ўрэгуляваць канфлікт. «Ён паводзіў сябе карэктна і прыстойна, чаго нельга сказаць аб прадстаўніку аховы. Далей пікет прайшоў без эксцэсаў», — пракаментаваў сітуацыю праваабаронца Аляксандр Вайцешык, які назіраў за мерапрыемствам.



Каментаваць