Аграгарадкі ці прырода: што выратуе беларускую вёску ад вымірання?

Які бачыць «вёску будучыні» амерыканская прафесарка Сюзан Слокум, і ў чым яе прапановы разыходзяцца з амбіцыйным праектам беларускіх уладаў.
Працы няма, заробкі ніжэйшыя, чым у горадзе, моладзь з'язджае, старыя паміраюць, інфраструктура зношаная, а навыкам прадпрымальніцтва проста няма адкуль узяцца — праблемы сельскай мясцовасці падобныя ва ўсім свеце.

— І яшчэ знікненне духу сельскай супольнасці, які таксама вельмі важна падтрымліваць, — нагадвае Сюзан Слокум, вядомая амерыканская экспертка ў галіне сельскага і зялёнага турызму, каардынатар акадэмічных праграм Універсітэта Джорджа Мэйсана, штат Вірджынія.

Сюзан Слокум лічыць каталізатарам развіцця сельскай мясцовасцi не ўзвядзенне новых аграгарадкоў, а турызм, які, па яе словах, можа «ажывіць да 26 галін і выклікаць цікавасць у іншых бізнэсаў».

І вось чаму.

Турызм — гэта паслуга. Каб аказваць яе, неабавязкова мець прафесійную адукацыю. Турызм звязаны з іншымі галінамі эканомікі: сельская гаспадарка, будаўніцтва, транспарт, вытворчасць — і з тым, што важней за ўсё — прырода і культура. Калі ёсць гэты рэсурс, тады прыедуць турысты, і эканоміка рэгіёну будзе развівацца, лічыць эксперт.

На выратаванні беларускай вёскі яна прапануе глядзець значна шырэй, чым на ўтрыманне рабочай сілы для ўскопвання градак шляхам будаўніцтва басейна або магазіна, — праз развіццё інтэграванага турызм.

— Інтэграваны турызм — той, які звязаны з культурай, эканомікай і грунтуецца на мясцовых лакальных рэсурсах. Ён павінен быць скаардынаваны ў рамках мясцовай палітыкі і падтрымлівацца дзяржавай, — прапанавала амерыканскі прафесар падчас выступу на канферэнцыі «Аграэкатурызм у Беларусі: трэнды і перспектывы». — Турысцкі кампанент павінен ўлічвацца ў праграмах падаткаабкладання, аховы прыроды, знешняй палітыкі — усё гэта ўплывае на турызм. Важна, каб была дзяржаўная сістэма эфектыўнага кіравання, каб зацікаўленыя ўдзельнікі разумелі, што адбываецца і мелі права на ўласную рэакцыю.

— Трэба досыць адкрытае кіраванне, каб усе члены супольнасці маглі ўдзельнічаць у гэтым працэсе, — падкрэсліла Сюзан Слокум.

Да катэгорыі уцягнутых людзей эксперт адносіць грамадскія арганізацыі, сельскую супольнасць, бізнес і жыхароў гарадоў.

Выкажам здагадку, што турысты прыляцелі ў аэрапорт. Што рабіць далей? Як іх затрымаць у краіне на некалькі дзён і заахвоціць пакінуць у ёй больш грошай? Сюзан прапануе знаёміць турыстаў з аўтэнтычнай прыродай і культурай — тым, што адрознівае Беларусь ад іншых краін.

— Вельмі часта менавіта гэта і дае сельскі турызм. Калі гэтыя турысты з'яўляюцца гарадскімі жыхарамі, то іх трэба адвезці ў вёску, таму што менавіта яна — унікальная магчымасць пазнаёміць гасцей з культурай, гісторыяй, рэгіянальнай кухняй, звычаямі, — перакананая эксперт.

Часцяком лічыцца: дастаткова пабудаваць аб'ект і турысты прыедуць самі.

— Аднак мы ўкладваем мары і грошы канкрэтна ў гэты прадукт, а турысты на яго не рэагую. Вы не можаце развіваць турызм без стратэгічнага бачання: навошта паедуць турысты, як можна выкарыстоўваць гарадскі маркетынг, каб прасунуць вёску і каб сельскі турызм ўпрыгожыў вобраз і імідж краіны, — падкрэслівае Сюзан Слокум. — А калі турыст патрапіць на аграсядзібу, тут трэба прыкласці намаганні ўсіх жыхароў рэгіёну, каб яму было цікава і ён захацеў прабыць у гасцях як мага даўжэй.


Паводле zautra.by

Каментаваць