Агульнанацыянальная дыктоўка: Каб не жыць пад дыктоўку рускіх, напішам дыктоўку па-беларуску!

Наблізіўся час найвялікшага нацыянальнага свята — Дня Волі. Па новай традыцыі мы можам адзначыць яго і агульнанацыянальнай дыктоўкай. 



Першы раз мы пісалі агульнанацыянальную дыктоўку ў 2008 годзе ў гонар 90-годзьдзя БНР. Пісалі ва ўсіх куточках зямной кулі, дзе толькі жылі беларусы. 



Да таго часу і па сёння такія дыктоўкі пішуць шмат якія эўрапейскія народы. А нашы суседзі палякі ды літоўцы пішуць свае дыктоўкі ўжо 20 год. Але ў іх іншая матывацыя — яны пішуць на выяўленнне лепшага знаўца мовы. 
 

Мы ж адразу вырашылі пісаць дыктоўку салідарнасці з мовай і паміж сабой. Дыктоўку салідарнасці з продкамі і нашчадкамі. І нас падтрымалі прадстаўнікі розных цывілізаваных краін. Разам з намі беларускую дыктоўку пісалі амбасадары краінаў Эўразвязу, ЗША, Украіны, Ізраіля. 
 

У мінулым годзе ўпершыню мы зладзілі і відэадэманстрацыю дыктоўкі салідарнасьі з нашым нацыянальным героем — Кастусём Каліноўскім. Выбітныя дзеячы беларускай культуры чыталі ў інтэрнэце ягоны запавет беларусам “Ліст з-пад шыбеніцы”. Гэтую дэманстрацыю бачыў увесь свет. Словамі Каліноўскага мы сказалі свету “Жыве Беларусь!” — што ў нашых душах жыве прага да волі, гатоўнасьць змагацца за яе, адраджаць беларушчыну. 
 

Летась мы пачалі перапісваць Біблію ад рукі. І можа так стацца, што да 500-годзя надрукавння Скарынам Псалтыра — у 2017-м — мы перапішам Біблію. 
 

Сёлета я прапаную напісаць агульнанацыянальную дыктоўку па тэксце Наталлі Арсенневай “Магутны Божа”. І таксама ўзяць удзел у відэадэманстрацыі дыктоўкі ў выкананні ўсімі, хто мае жаданне і мажлівасць зрабіць свой відэазапіс. Вядома ж, нашы знакамітыя дзеячы могуць стаць завадатарамі агульнанацыянальнай дыктоўкі салідарнасці. Уладальнікі інтэрнэт-сайтаў маглі б выставіць у сябе відэа дыктовак як у індывідуальным выкананні, так і начытаных эстафетным чынам. 
 

Наша агульнанацыянальная дыктоўка можа стаць шчытом для абароны нашай мовы. Нашы словы, сказаныя і напісаныя разам, могуць стаць семям, якое прарасце любоўю да Беларусі ў душах нашых дзетак і ўнукаў. Наша супольная дэманстрацыя можа стаць агульнанацыянальнай малітвай, якую пачуе Бог. І стане магутным гімнам, які загартуе нашу волю дзеля абароны Айчыны. 
 

Ад Дня волі да Уваскрэшання Хрыстова мы можам правесці супольную малітву: Дыктоўку ад Бога і да Яго. А 25 сакавіка напісаць усе разам нашу агульнанацыянальную дыктоўку “Магутны Божа”. 
 

Каб не жыць пад дыктоўку рускіх, напішам дыктоўку па-беларуску! 
 

Малітва за Беларусь (Магутны Божа) 
Наталля Арсеннева 

Магутны Божа! Уладар сусветаў, 
Вялікіх сонцаў і сэрц малых! 
Над Беларусяй, ціхай і ветлай, 
Рассып праменне Свае хвалы. 

Дай спор у працы спакойнай, шэрай, 
На хлеб штодзённы, на родны край. 
Павагу, сілу, і веліч веры 
Ў нашу праўду, у прышласць — дай! 

Дай урадлівасць жытнёвым нівам, 
Учынкам нашым пашлі ўмалот. 
Зрабі свабоднай, зрабі шчаслівай 
Краіну нашу і наш народ.



naviny.by

 

Каментаваць