Ахвяра карнай псіхіятрыі: «Я адчуваю сябе пераможцай!»

Днямі Гродзенскі абласны суд паставіў апошнюю кропку ў гісторыі змагання з уладамі Навагрудка былой ахвяры карнай псіхіятрыі, тады фельчара-лабаранта мясцовай бальніцы, урача-валіолага па прафесіі Таццяны Вайтовіч.

Сёння споўнілася роўна паўгода з яе вызвалення з Гродзенскай псіхбальніцы, куды проста з вуліцы з прымяненнем сілы яе прывезлі міліцыянты.

За гэты час ёй давялося прайсці цярністы шлях па мноству чыноўніцкіх кабінетаў ды інстанцый, каб даказаць незаконнасць дыягназу ў псіхіятрычных хваробах. У сувязі з якім яе зрабілі недзеяздольнай.

Таццяны Вайтовіч лічыць, што ўсё адбылося з-за яе змагання з карупцыяй ды чыноўніцкага бязмежжа ва ўладзе. Пра гэта яна распявяла “Радыё Рацыя

— Чаго вы дамагліся за паўгода ў аднаўленні свайго імя і грамадзянскага статусу?

— Відавочна ўдалося паказаць і даказаць неправамоцнасць дзейнасці, дакладней, бяздзеянне суддзяў розных узроўняў, звязанае з парушэннем працэсуальных правоў — а ў мяне было 6 судоў, — распавяла Таццяна Вайтовіч. — Па выніках праверкі Генпракуратура краіны ўстанавіла, што “Вайтовіч была прымусова змешчаная ў псіхіятрычны стацыянар”.

Таму мусяць быць пакараныя ўсе службовыя асобы, што здзейснілі неправамоцныя дзеянні. Найперш, галоўны ўрач Навагрудскай цэнтральнай бальніцы Сіліч Аляксандр Іванавіч. Ён пастаянна дамагаўся да мяне, зневажаючы ды абражаючы. Роў: “Я цябе згнаю за кратамі, твой родны дом псіхушка!” Да таго ж пастаянна сэксуальна заляцаўся да мяне. Гэта была помста за абнародаванне яго шматмільённых крадзяжоў.

— А што ж можна красці ў бальніцы?

— Напісаны аж цэлы кандуіт! А ўвогуле, пачынаючы ад элементарнага паліва да незаконнага платнага лячэння і правядзення платных жа доследаў на УЗІ. Ён падманваў людзей, кладучы ў кішэню шалёныя сумы.

Гэта пацвердзіў Дзяржкантроль, якому далі даручэнне ад імя кіраўніцы адміністрацыі прэзідэнта Качанавай, куды вымушаная была звярнуцца як да апошняй інстанцыі. Яму яшчэ тады мусілі ўляпіць “тэрмін”, які мясцовы Следчы камітэт самаўпраўна замяніў на адміністрацыйны штраф. А наконт мяне цынічна запісалі, што калі, маўляў, Вайтовіч так хваравіта назірае за сваімі і чужымі правамі, дык яе трэба праверыць на псіхічнае здароўе.

А далей была спрэс мафіёзная парука ад кіраўніка абласнога аддзела аховы здароўя Стрыжака, які ігнараваў указанні тагачаснага міністра аховы здароўя мяне працаўладкаваць і ўзяць пад строгі кантроль працу Навагрудскай ЦРБ, крадзяжы ў ёй. Аж да сённяшняга старшыні Навагрудскага райвыканкама Маркевіча, які аніяк не рэагаваў на неправамоцныя дзеянні сваіх падначаленых і міліцыянтаў. Той проста на ўсё махаў рукой…

— Вы адчуваеце сябе пераможцай зараз?

— Безумоўна!

 

Праваабаронца Кацярына Садоўская паўгода суправаджала Таццяну Вайтовіч у яе паходах па чыноўніцкіх кабінетах і судах.

Пасля ўсяго Кацярына Садоўская распавяла:

— Пераканалася, што на месцах зараз створаныя “вертыкальныя” міні-дзяржавы, што адчуваючы беспакаранасць, твораць дзікае бязмежжа. З-за кругавой парукі дабіцца іхняга выкрыцця неймаверна цяжка. А тым больш — справядлівага пакарання! Тым не менш, маем на руках афіцыйны адказ Генпракуратуры: “Падчас разгляду Вашага звароту ўстаноўленая адсутнасць дастатковых падстаў для накіравання Вас на прымусовае лячэнне. У сувязі з чым пракурору Гарадзенскай вобласці даручана правесці адпаведную службовую праверку”.

У перакладзе на нармальную мову — пачаць крымінальныя справы ў адносінах да асоб, што арганізавалі ў адносінах Таццяны Вайтовіч псіхіятрычныя рэпрэсіі, незаконна памясціўшы яе 1 лістапада 2017 у псіхіятрычную бальніцу Гародні. Дарэчы, лічу, што ўсё стала магчыма і таму, што памянёны Сіліч накраў такія мільёны, што здолеў усіх “закупіць”. І гэта адмысловая рыса сённяшніх чыноўнікаў – ад грошай страчваюць розум, прага дармавой “пажывы” залівае вочы.

— А ці мае такая дзяржава права на існаванне?

— Прынамсі, не мае перспектыў, бо пажадныя чыноўнікі давядуць краіну да грамадзянскай вайны, бо насельніцтва не можа цярпець. Што паказалі хоць падзеі мінулага года па “дармаедах”…

 

Сітуацыю пракаментаваў каардынатар праваабарончага формуСвабоду палітвязням!”, сустаршыня Партыі БХД Павел Севярынец: “У сітуацыях, звязаных з карнай псіхіятрыяй, як правіла, найрадчэйшыя выпадкі, калі чалавеку ўдаецца хаця б адбіцца. Часцей з “псіхушкі” выходзяць з кляймом на ўсё жыццё.

Таццяна білася за сваю годнасць з біблейскай моцай і ўпартасцю. І толькі ёй удалося так хутка адбіцца ад пякельнай машыны карнай псіхіятрыі і аднавіць імя!

Дзякуй і тым, хто змагаўся за яе, бо гэта была каманда з праваабаронцаў, грамадскіх актывістаў і журналістаў, што агучвалі гэтыя факты. І вось урок кожнаму актывісту: не саромцеся і ні ў якім разе не маўчыце! Таму што ў абсалютнай большасці выпадкаў улада стараецца нішчыць людзей воcь такім спосабам”…

Днямі, паводле справы Таццяны Вайтовіч, ужо зняты з пасады прарэктар Гродзенскага ўніверсітэта Вераб’ёў, што браў актыўны ўдзел у яе цкаванні. Аднак, паводле праваабарончага форуму “Свабоду палітвязням!”, апошнімі часамі колькасць ахвяр карнай псіхіятрыі па краіне ўзрасла да 21 асобы. Павел Севярынец называе іх змагарамі, што, ўздымаючы на месцах злабадзённыя праблемы, не даюць уладам баляваць на лёсе людзей.

www.racyja.com


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць