Акцёр Купалаўскага Арцём Бародзіч асуджаны на 5 гадоў калоніі за марыхуану

2 сакавіка ў судзе Кастрычніцкага раёна Мінска быў абвешчаны прысуд акцёру Тэатра імя Янкі Купалы Арцёму Бародзічу. Суддзя Аляксандр Рудэнка прызнаў акцёра вінаватым у захаванні наркотыкаў у мэтах збыту і пастанавіў асудзіць на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Тэлефон акцёра пастаноўлена канфіскаваць на карысць дзяржавы. «Гэта — проста жах», — каментуюць калегі акцёра.



Арцём Бародзіч, tut.by


Пракурор прасіў даць Бародзічу шэсць гадоў калоніі, але суддзя ў выніку знізіў тэрмін на год.

 

У кастрычніку Бародзіча, у стане наркатычнага ап’янення, затрымаў пагранічны спецназ. На судзе абвінавачаны прызнаў, што цягам апошніх 6 гадоў стала ўжываў марыхуану.

 

У следства былі падставы меркаваць, што Бародзіч яшчэ і прадаваў наркотыкі. Непасрэдных доказаў таму не было, але на падазрэнні наводзілі знойдзеныя следчымі шалі, фасовачныя пакеты і аб’ёмы, у якіх Бародзіч закупаў марыхуану. Гэта, у пераліку на грошы, мінімум дзве тысячы даляраў за паўтары года.

 

Праведзеная экпертыза паказала, што ў самога акцёра наркатычнай залежнасці няма.

 

Грунтуючыся на гэтым, 1 сакавіка пракурор запрасіў для Бародзіча 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму без канфіскацыі маёмасці.

 

«Адкуль у падсуднага такія грошы на закуп значных аб’ёмаў марыхуаны?» — задаўся пытаннем пракурор Аляксандр Таўстагузаў і прыгадаў словы мастацкага кіраўніка тэатра Мікалая Пінігіна пра тое, што людзі ў Купалаўскім маюць малыя заробкі і працуюць за ідэю.

 

Адвакатка Бародзіча Кацярына Дземідавец, у сваю чаргу, даказвала, што абвінавачанні ў распаўсюдзе не даказаныя і грунтуюцца толькі на здагадках. Яна пералічыла заслугі акцёра і прыгадала яго цяжарную жонку. Яна папрасіла апраўдаць Бародзіча.

 

А Купалаўскі тэатр даслаў на імя суда хадатайніцтва з просьбай прызначыць мінімальнае пакаранне з магчымых, бо Бародзіч — выбітны акцёр.

 

На пасяджэнне 23 лютага прыходзіў мастацкі кіраўнік Тэатра імя Янкі Купалы Мікалай Пінігін. У сваім выступе Пінігін зазначыў, што Бародзіч адносіцца да такога тыпу артыстаў, якіх мала.

 

«Гэта магутны прафесіянал, — сказаў ён. — Пры горшым сканчэнні справы гэта будзе вялізная cтрата для нас. Зразумейце, што ў Нацыянальны акадэмічны тэатр выпадковыя людзі не трапляюць. Арцём прыйшоў да нас у 2009 годзе і за кароткі час стаў адным з вядучых акцёраў».

 

Пінігін сказаў, што нават калі Бародзіча асудзяць, то тэатр будзе з ім супрацоўнічаць і пасля адбыцця пакарання. 

 

Дарэчы, артысты Купалаўскага амаль што ў поўным складзе прысутнічалі на ўсіх паседжаннях па справе свайго калегі. Усе яны пільна слухалі і апошняе слова Бародзіча.

 

«Я ўсведамляю сваю жудасную памылку і раскайваюся, — сказаў той, звяртаючыся да суда. — Прашу паверыць, што мэты збыту ў мяне не было, усё набывалася для ўласнага спажывання. Я абяцаю, што знайду іншыя шляхі расслаблення. Я прашу суд даць мне шанец выгадаваць маё будучае дзіця ў паўнавартаснай сям'і. Бо, пабываўшы ў СІЗА, я зразумеў, што нішто не вартае разлукі з сям'ёй, любімай жанчынай і работай», — сказаў Бародзіч.

 

Тым не менш, суддзя Аляксандр Рудэнка палічыў віну даказанай. І не пабачыў падставай для змякчэння прысуду.

Крыніца: "Наша ніва"

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2016-03-02 20:17:44
Тэг "Арцём Барозіч" выправілі б?.. Праўда, тут: http://novychas.by/kultura/vjecar_pamiaci_liehiendarnaha/ за два дні не выправілі і фактычную памылку, не тое што тэгі.
  • Аляксей Хадыка
  • 2016-03-03 00:46:36
Дзікунская краіна. Гэтая дзяржава мусіць сама сябе пасадзіць за краты, таму што прадае людзям таннае бырла. Варта зазначыць, што канабіс (марыхуана) у многіх краінах дазволены не толькі як
медыцынскі, але і як РЭКРЭАТЫЎНЫ сродак. І здаецца, менш шкодны, чым тытунь.

Каментаваць