Актывісткі FEMEN падзяліліся ўражаннямі з “НЧ”

Актывісткі FEMEN з Украіны сваёй акцыяй, а таксама рэакцыяй на яе з боку сілавых структур, прадэманстравалі ўсяму свету, што сёння адбываецца ў Беларусі. Уражаннямі ад знаходжання ў Беларусі Іна Шаўчэнка, Аксана Шачко і Аляксандра Немчынава падзяліліся з журналісткай “НЧ Таццянай Уласенка.

Іна Шаўчэнка: Шок яшчэ не прайшоў, а на целе засталося шмат сінякоў.

Актывісткі FEMEN з Украіны сваёй акцыяй, а таксама рэакцыяй на яе з боку сілавых структур, прадэманстравалі ўсяму свету, што сёння адбываецца ў Беларусі. Уражаннямі ад знаходжання ў Беларусі Іна Шаўчэнка, Аксана Шачко і Аляксандра Немчынава падзяліліся з журналісткай “НЧ Таццянай Уласенка.

Іна Шаўчэнка: Шок яшчэ не прайшоў, а на целе засталося шмат сінякоў.

Аляксандра Немчынава: Вядома, не магло прайсці бясследна шматгадзіннае сядзенне ў аўтобусе ў нахіленым стане. Нам забаранялася варушыцца, размаўляць, нас не пускалі ў прыбіральню. У першым аўтобусе нас вазілі амаль 12 гадзін, у другім — каля 5 гадзін. Потым шматгадзіннае блуканне па заснежаным лесе мокрымі і змерзлымі. Білі нас па спіне, па шыі. Да гэтага часу засталіся гематомы на руках. Гэта быў цуд, што мы выбраліся, таму што мы выйшлі з лесу перад змрокам. Калі б засталіся ноччу ў лесе, мы б проста не выжылі.

Аксана Шачко: Нашы мучэнні доўжыліся 24 гадзіны. Таму зараз ломіць усё цела. Што тычыцца псіхічнага стану, то гэта нават не абмяркоўваецца. Мы ж не ведалі што з намі будзе, рыхтаваліся да самага страшнага зыходу. Мы думалі, што нас або згвалтуюць або заб’юць.

А.Н.: Але мы ні ў якім разе не збіраемся падаваць сябе ахвярамі. Мы добра разумеем: тое, што адбылося з намі — гэта дробязі ў параўнанні з тым, што робяць кожны дзень з грамадзянамі Беларусі. Шмат беларусаў нам пісалі, што яны былі ў падобнай сітуацыі, калі іх гэтак жа вазілі, перадавалі з рук ў рукі.

— Ці праходзілі вы медычнае абследаванне ва Украіне?

А.Н.: Медычнае абследаванне мы прайшлі ў Ельску, куды нас прывезлі мясцовыя міліцыянты. Урач адзначыў ў нас сляды пабояў і шокавы стан. Але сэнсу дадаткова рабіць абследаванне пакуль няма. Дастаткова заключэння ўрача ельскай бальніцы.

— Вы збіраецеся падаваць заяву пра ўзбуджэнне крымінальнай справы ў Беларусі?

І.Ш.: Вядома! Усе дзяўчаты далі паказанні мясцовым міліцыянтам. Мая заява змясцілася на 6 старонках паперы фармату А4. Міліцыя нас упэўніла, што ёсць як мінімум дзве падставы ўзбудзіць крымінальную справу. У той час мы ведаем, што ў Беларусі суд залежны ад існуючай улады. Таму мы падаем іск для незалежнага расследавання справы ў Міжнародны суд. І мы таксама падзяляем думку беларускай дэмакратычнай часткі грамадства, што месца сённяшняга кіраўніка Беларусі — у міжнародным судзе ў Гаазе.

— Хто павінен панесці адказнасць за тое, што з вамі адбылося?

А.Н.: Безумоўна, беларускія спецслужбы. Тое, што з намі рабілі — гэта саўдэпаўскія метады ўздзеяння на людзей. Усе гэтыя прыёмы з маральным і фізічным здзекам даўно вядомы. Спецслужбы добра разумелі, што пакінуць нас жывымі, што мы прыедзем ва Украіну і будзем тут распавядаць, як у Беларусі жахліва і няма чаго сюды сунуцца. Але гэтым самым яны выканалі і другую задачу: зараз увесь свет ведае пра сучасны палітычны стан Беларусі.

І.Ш.: Напрыклад, у Еўропе, разумеюць, што мы выказваем сваю грамадзянскую пазіцыю. Не праз кроў і здзекі над людзьмі, а топлес. І гэта цывілізаваны і сапраўды дзейсны сродак звярнуць увагу на праблемы грамадства. Бо ёсць вялікая зацікаўленасць да нас, а значыць, і да праблем, якія мы дэманструем. З’яўляючыся прадстаўнікамі вулічнага руху, мы выконваем грамадзянскі доўг і за сябе і за іншых.

— А што афіцыйны Кіеў?

А.Н.: Мы не чакаем сур’ёзных крокаў ад афіцыйнага Кіева. Але, напрыклад, пасол Украіны ў Беларусі адразу заявіў, што ўсё, што адбылося з намі — гэта варварства, што мы маем права праводзіць пратэсты ў той форме, у якой лічым патрэбным. Гэта было прыемнай нечаканасцю для нас. 

 І. Ш.: Зараз, можа яшчэ не так жорстка, як ў Беларусі, але ва Украіне таксама пераследуюцца рухі, асобныя актывісты. І самае страшнае, калі людзям звязваюць рукі і затыкаюць рот. Гэта і ёсць дыктатура. Але мы не маўчым. У Расіі мы таксама, як і ў Беларусі, зачапілі ўладу. Мы неаднойчы выступалі супраць умяшальніцтва Расіі ў палітычныя справы Украіны, супраць умяшальніцтва Патрыярха Кірыла, які прыязджаў у Кіеў, каб паўплываць на палітыку Украіны. Аднойчы мы правялі акцыю падчас прыезду Пуціна пад лозунгамі “Украіна не Аліна, "Пуцін, мацай палюбоўніцу, а не Украіну", "Нас так лёгка не нагнеш", "Крамлёўскім карлікам не дадзім" і г.д. Мы хацелі паказаць, што Украіна не блудніца, якой можна карыстацца. Тады Пуцін моцна пакрыўдзіўся, наша акцыя паўплывала на яго хутчэйшы ад’езд. Таму мы будзем і далей выступаць супраць “карлікаў і “калгасных цароў, мы будзем працягваць свае мірныя пратэсты. Мы зразумелі, што наша форма пратэсту сапраўды вельмі ўплывовая, бо так раззлавала і так напалохала ўлады Беларусі! Мы паказалі жахлівую карціну беларускага аўтарытарызму на ўвесь свет.

А.Ш.: Зараз Украіну пакуль дэманструюць як дэмакратычную краіну. Але гэта хутка скончыцца. Мы упэўнены, што пасля Еўра–2012 у нас рэжым узмацніцца. На жаль, ва Украіне шмат людзей не разумее, што такое “курс на Еўропу, не разумеюць каштоўнасці інтэграцыі з Еўропай.

— А што падштурхнула вас на акцыю ў Беларусі?

І.Ш.: Акцыі на тэму апошняга дыктатара Еўропы, які павінен сысці, праводзяцца намі ўжо даўно. Мы неаднойчы выступалі супраць рэжыму, які пануе ў Беларусі. Паехаць у Беларусь — гэта была цалкам наша ініцыятыва, так жа, як і правядзенне іншых акцый на тэму Беларусі. Нас ніхто не падштурхоўваў, тым больш ніхто з беларускіх палітычных уцекачоў. Беларусы — гэта наш брацкі народ, нашы суседзі. Усяго некалькі соцень кіламетраў ад Кіева да Мінска, а такая страшная розніца ў правах і свабодах! Нас такія рэчы не маглі пакінуць раўнадушнымі.

— Ці адчуваеце вы падтрымку беларусаў пасля таго, што з вамі здарылася?

А.Н.: Мы ведаем, што Уладзімір Някляеў спрабаваў перадаць для нас кветкі ў пасольства Украіны. Актывісты “Маладога Фронту таксама вывешвалі расцяжку на мосце ў Мінску з надпісам “Памятай пра FEMEN. Нам вельмі прыемна, што нас падтрымліваюць. Нас таксама ўразіла, што ў адрозненне ад украінскіх грамадзян, ніводзін беларус не засумняваўся ў тым, што з намі адбылося. Праз вашу газету хочам перадаць беларускаму народу вялікую ўдзячнасць за падтрымку, за тое, што яны працягваюць выходзіць на акцыі. Перадаем ім прывітанне і словы “Жыве Беларусь!
 

Каментаваць