Актывісты БХД сабралі больш за 10 тыс. подпісаў праціўнікаў алкагалізацыі насельніцтва

Актывісты аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» сабралі больш за 10 тысяч подпісаў грамадзян у падтрымку дэалкагалізацыі насельніцтва Беларусі.



9 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску актывістка БХД Вольга Кавалькова распавяла, што сёння «ўлады хоць і дэкларуюць наяўнасць праблемы алкагалізацыі насельніцтва, але для яе вырашэння нічога не робяць». Напрыклад, адзначыла яна, са ста заявак на правядзенне пікетаў супраць алкагалізацыі насельніцтва, якія падалі актывісты БХД у 41 горадзе Беларусі, задаволеныя толькі дзве — у Клічаве (Магілёўская вобласць) і Валожыне (Мінская вобласць).

Кавалькова адзначыла, што людзі станоўча ўспрымаюць кампанію БХД і актыўна да яе далучаюцца. Подпісы збіраліся прыкладна ў 30 населеных пунктах і былі перададзеныя мясцовым уладам.

Кавалькова таксама паведаміла, што на сустрэчах з чыноўнікамі Міністэрства гандлю, а таксама з першым віцэ-прэм'ерам Беларусі Уладзімірам Сямашкам тыя выказвалі разуменне важнасці паднятай БХД праблемы. Арганізацыя распрацавала, у прыватнасці, заканадаўчыя прапановы, якія тычацца: вынасу алкагольнай прадукцыі з агульных гандлёвых залаў у асобныя памяшканні; забароны рэкламы алкагольных брэндаў; забароны рэкламы піва; садзейнічання дзейнасці добраахвотных арганізацый, якія дапамагаюць пазбавіцца ад алкагольнай залежнасці.

Адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі паведаміў, што арганізацыя праводзіць і шэраг іншых кампаній, у прыватнасці якія тычацца даступнасці якаснай медыцыны, праблемы якасці пітной вады ў Мінску і іншыя.

Ён нагадаў, што БХД падчас мясцовай кампаніі вылучала кандыдатамі каля 200 чалавек. «Гэта актыўныя людзі, якія гатовыя ўдзельнічаць у вырашэнні мясцовых праблем праз збор подпісаў, арганізацыю грамадзянскага ціску на ўладу», — сказаў Садоўскі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць