Актывісты Курапатаў: Зараз важна абазначыць месцы пахаванняў

Чарговую штоаўторкавую талаку ва ўрочышчы Курапаты наведалі беларускі археолаг, кандыдат гістарычных навук інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Мікола Крывальцэвіч і кандыдат гістарычных навук інстытута гісторыі НАН Вадзім Кошман.



Актывісты ініцыятывы “За ўратаванне Курапатаў” паразмаўлялі з навукоўцамі пра шляхі даследавання пахаванняў і спосабы ўвекавечвання памяці ахвяраў таталітарнага рэжыму.

Паводле слоў Міколы Крывальцэвіча дакладна даследавана каля трыццаці пахаванняў, якія раскопваліся. Пра іх можна казаць пэўна, што там ляжаць парэшткі расстраляных. Большая іх частка вакол гары з вялізнымі крыжамі і валуном, дзе зазвычай адбываецца мітынг пасля шэсця на Дзяды. Каля кожнага такога пахавання крыж з шыльдай, дзе напісаная колькасць пахаваных ахвяраў.

Пры гэтым сотні пахаванняў засталіся недаследаванымі, таму няма поўнай упэўненасці, што там ёсць парэшткі. Хаця з высокай доляй верагоднасці пахаванні вызначыць можна.

Ёсць пэўныя заканамернасці прасядання глебы над пахаваннямі, якія дазваляюць зрабіць пэўныя высновы нават пасля візуальнага агляду. Больш-менш надзейны і адносна хуткі спосаб вызначыць, ці ёсць пад зямлёй чалавечыя парэшткі — бурэнне глебы і аналіз яе ўзораў. Паводле навукоўцаў, традыцыйная эксгумацыя ўсіх курапацкіх пахаванняў зойме дзясяткі гадоў працы.

“Калі зрабіць свідраванне верхняга пласта, праз метр-паўтара можна знайсці парэшткі. Бачныя таксама змены ў стратаграфіі. Гэта вельмі працаёмкая працэдура. Прыкладна месяц. Трэба безумоўна дазвол. Бо мы шкодзім магілы”, — адзначае Мікола Крывальцэвіч.

“Пры разлажэнні парэшткаў выдзяляецца кальцый. Пры раскладанні касцей пад зямлёй падвышаецца канцэнтрацыя фосфару. Гэта дае магчымасць вызначаць месцы пахаванняў з дапамогай адмысловых хімічных аналізаў. Такую методыку можна выкарыстоўваць на любых месцах масавых пахаванняў”, — дадае Вадзім Кошман.

Да меркавання каардынатаркі грамадскай ініцыятывы “За ўратаванне мемарыяла Курапаты” Ганны Шапуцька, наконт магчымасці пашукаць дакладную інфармацыю ў архівах КДБ навукоўцы паставіліся скептычна. Туды, па-першае, няма доступу, па-другое, вельмі верагодна, што значная частка дакументаў знішчана самімі супрацоўнікамі спецслужбаў.

Максімальная тэрыторыя патэнцыйных магіл абазначана навукоўцамі на адмысловых мапах. На сённяшні дзень стаіць задача максімальна пазначыць самі магілы, а таксама ўсталяваць мемарыяльныя знакі для так званай “дарогі смерці” па якой НКУСаўцы везлі людзей на расстрэл у Курапацкі лес.

“Чым больш тэрыторыі мы ўпарадкуем і чым больш мы пазначым пахаванняў, тым складаней будзе несумленным людзям пасягаць на тэрыторыю мемарыялу”, — зазначыла Ганна Шапуцька.

Прадстаўнік міжнароднага таварыства “Мемарыял” Уладзімір Раманоўскі паведаміў, што ў бліжэйшы час плануецца сустрэча ў Міністэрстве культуры, на якой будзе весціся гутарка з высокапастаўленымі чыноўнікамі пра захады па мемарыялізацыі Курапатаў межах існуючай сістэмы.

Нагадаем, талака ў Курапатах праводзіцца кожны аўторак з 17 да 20 гадзін і кожную суботу з 12 да 15 гадзін ажно да 29 кастрычніка.

Каментаваць