«Акуратненькі» рост цэн

Здаецца, нейкі нядобразычліўца паведаміў Аляксандру Лукашэнку, колькі каштуе каўбаса і якая інфляцыя ў Беларусі здарылася за апошні месяц. Кіраўнік Беларусі быў у шоку. Аж да таго, што згадаў першыя дні свайго прэзідэнцтва, калі ён загадаў коштам на хлеб «павярнуць назад».



Зараз рыторыка менш ваяўнічая. Лукашэнка патрабуе ад урада папросту не дапускаць неабгрунтаванага росту цэн.

На нарадзе аб дзейнасці Рады па развіцці прадпрымальніцтва ў Беларусі таварыш прэзідэнт даў даручэнні па пытаннях цэнаўтварэння і інфляцыі. «Гэта пытанне ўрада. У мінулым годзе, калі мы выходзілі з гэтага незразумелага фінансавага стану, я проста заплюшчваў вочы на некаторыя працэсы, калі нават адміністрацыйна мы павышалі цэны. Я вам павінен сказаць, што з гэтага года гэта заканчваецца. Хай бізнэсмэны потым мяне не папракаюць, што дзяржава ўмешваецца ў нешта. Мы будзем гэта рабіць кропкава, акуратна. Калі такая інфляцыя, рост цэн, аб якім развіцці або мадэрнізацыі можа ісці гаворка?! Таму думайце, як мы будзем працаваць у гэтым годзе, каб усё-ткі інфляцыя і цэны раслі прымальна і для грамадства, і для вытворчасці», — адзначыў Лукашэнка.

Такім чынам, Лукашэнка заявіў пра дзве рэчы. Па-першае, у збядненні народа і высокіх коштах у крамах вінаватая дзяржава, бо дзяржава «нават адміністрацыйна» падвышала цэны. Па-другое, кошты будуць расці і надалей: хоць «кропкава», хоць «акуратна», але цэны падвышацца будуць. І не трэба мець ніякіх ілюзіяў наконт гэтага.

Але нехта Лукашэнку недачуў. Альбо проста можа не павышаць цэны, і не будзе гэтага рабіць. Напрыклад, віцэ-прэм'ер рэспублікі Анатоль Калінін заявіў, што ў Беларусі ў 2013 годзе кошт 1 квадратнага метра жылля, якое ўзводзіцца з дзяржаўнай падтрымкай, не перавысіць памеру сярэдняй зарплаты па краіне. «Сярэдні кошт 1 квадратнага метра жылля не павінен выходзіць за памер сярэдняй збалансаванай намінальнай зарплаты. Гаворка ідзе толькі пра кошт жылля, якое ўзводзіцца з дзяржаўнай падтрымкай. Мы вытрымалі гэтыя ўмовы ў 2012 годзе і спадзяемся вытрымаць іх і ў гэтым годзе», — сказаў Калінін.

Больш за тое, па ягоных словах, кантракты на долевае будаўніцтва будуць заключацца на ўмовах нязменнай цаны і жорсткіх тэрмінаў будаўніцтва. Калі тэрміны не вытрымліваюцца, наступнае будаўніцтва забудоўшчык будзе ажыццяўляць за свае сродкі. Аналагічныя ўмовы будуць дзейнічаць і ў дачыненні да жылля, якое будуецца на аснове дзяржзаказу.

З першага погляду: гонар і слава Калініну! Знайшоўся ва ўрадзе хоць адзін чалавек, які выступіў у абарону народных інтарэсаў, супраць высокіх цэнаў, хай толькі ў адной галіне гаспадаркі! Але насамрэч усё не так. Нагадаем, што напачатку 2012 года сярэдні налічаны заробак у Беларусі складаў 2,88 мільёна рублёў. А сярэдні налічаны заробак за студзень 2013 года — 4 мільёны 368 тысяч рублёў. Так што вартасць квадратнага метра зусім не патаннела, а наадварот, вырасла. І расці яна ўсё роўна будзе, з ростам заробку.

Тым больш, што наперадзе ў нас — штогадовая маштабная акцыя па закопванню грошай у зямлю. Праз два тыдні стартуе традыцыйны першы этап вялікай бітвы за ўраджай — пасяўная. Па разліках ураду, будзе закапана ў зямлю 13,8 трыльёна рублёў, што складае прыкладна 1,59 мільярда долараў.

Як распавёў кіраўнік Мінсельгасхарча Беларусі Леанід Заяц, каля 7,3 трыльёна рублёў будзе выдаткавана на мінеральныя ўгнаенні, 2,6 трыльёна — на гаруча-змазачныя матэрыялы, 1,8 трыльёна — сродкі абароны раслін, 1,2 трыльёна — насенне, запчасткі і рамонт тэхнікі — 0,9 трыльёна рублёў.

Вельмі дзівіць тое, што частка гэтых грошай выдаткоўваецца сёння. Ну, хай там сродкі абароны раслін, угнаенні і іншыя, якія павінны быць свежымі. Але любая гаспадыня, якае мае хоць свае 6 сотак зямлі, з мінулай восені ўжо назапасіла пасяўную бульбу, лук-сявок, ужо рыхтуе пад рассаду гуркі і памідоры. Гэтая праца павінна была праводзіцца з восені. Тое ж самае тычыцца і тэхнікі: сабраў ураджай — пастаў яе належным чынам на кансервацыю, а што трэба, падрамантуй у пачатку зімы. Да вясны мы павінныя быць гатовымі заўсёды, а не ачомвацца, як сонейка прыпячэ.

На ўраджай у нас планы напалеонаўскія, як звычайна. Беларускія ўлады плануюць у 2013 сельгасгодзе сабраць 10,9 мільёна тон збожжа (уключаючы кукурузу). Акрамя таго, плануецца сабраць 7,6 мільёна тон бульбы, 4,5 мільёна тон цукровых буракоў, 2,2 мільёна тон гародніны, 180 тысяч тон ільнотрасты.

Усе пералічаныя планы з'яўляюцца папярэднімі і па ходзе бітвы за ўраджай будуць карэктавацца, зыходзячы з умоў надвор'я і разнастайных форс-мажораў, уключаючы ворагаў па перыметры і несумленную канкурэнцыю на сусветным рынку з боку вытворцаў у капіталістычных краінах.

Каб атрымаць такі ўраджай, улады маюць намер толькі падчас пасяўной з дапамогай 45,7 тысячы трактароў і іншай тэхнікі спаліць 193,5 тысячы тон дызпаліва, 26 тысяч тон бензіну і больш за 8 тысяч тон маторных алеяў і змазак. На пасевы будзе выліта 14 тысяч тон ядахімікатаў (пратручвальнікі насення, гербіцыды, фунгіцыды), а ў глебу ўнесена каля 1,344 мільёна тон мінеральных угнаенняў.

І на ўсё гэта патрэбныя грошы. Узяць іх няма адкуль: трэба разлічвацца па ранейшых пазыках, Масква грошай не дае, МВФ — тым больш. Прадаваць і «праядаць» прадпрыемствы не хочацца. Вымушаны круціцца. Залазіць у кішэні грамадзян таксама не вельмі пажадана. Таму трэба гандляваць з тымі, з кім можна гандляваць.

Як паведамляе іранская тэлекампанія «Press TV», Беларусь прымае ўдзел у выставе высокіх тэхналогій у Тэгеране. На ёй прадстаўлены найноўшыя распрацоўкі і тэхналогіі, інавацыйныя падыходы і методыкі ў такіх сферах, як біятэхналогіі, энергетыка і электроніка, нанатэхналогіі, новыя матэрыялы, машынабудаванне, суднабудаванне, інфармацыйныя тэхналогіі.

Што гэта — прарыў Беларускага парку высокіх тэхналогій? Альбо проста рэверанс у бок нашага сябра Махмуда Ахмадзінеджада?

Хутчэй, не пра тыя высокія тэхналогіі вядзецца гаворка. Пэўна, беларуская дэлегацыя (склад якой, дарэчы, не агучваецца — звярніце ўвагу!) павезла да сябра Махмуда што-небудзь убойна-разрыўное, альбо высокадакладнае-карэкціруючае да ўбойна-разрыўнога. Да таго ж Іран, здаецца, і не збіраецца зварочваць сваю ядзерную праграму.

Калі ўжо не атрымалася з «Самандам», трэба прадаць хоць штосьці. Таму што ў чэрвені гэтага года ў Іране выбары новага прэзідэнта. Сябра Махмуд адбыў свае два тэрміны і балатавацца больш не можа. І дзе гарантыя, што новы прэзідэнт таксама будзе сябрам?

Каментаваць