Альтэрнатыва без альтэрнатывы

Паводле Канстытуцыі Беларусі, грамадзяне маюць права на замену тэрміновай вайсковай службы альтэрнатыўнай. Аднак адпаведнага закона аб альтэрнатыўнай службе дагэтуль няма. І тым, хто хацеў бы сплаціць свой воінскі абавязак дзяржаве ў іншай форме, даводзіцца ці адказваць за ўхіленне ад службы, ці ісці ў войска.



Паводле Канстытуцыі Беларусі, грамадзяне маюць права на замену тэрміновай вайсковай службы альтэрнатыўнай. Аднак адпаведнага закона аб альтэрнатыўнай службе дагэтуль няма. І тым, хто хацеў бы сплаціць свой воінскі абавязак дзяржаве ў іншай форме, даводзіцца ці адказваць за ўхіленне ад службы, ці ісці ў войска.

Не так даўно ў Гомелі суд аштрафаваў на 100 базавых адзінак за ўхіленне ад вайсковай службы верніка царквы «Сведкаў Іеговы» Дзмітрыя Смыка. Юнак заявіў, што гатовы прайсці вайсковую службу, але ў іншай форме, якая б не супярэчыла яго маральным перакананням, нават калі б тэрмін яе быў большым. Што цікава, суд не адмовіў Дзмітрыю ў праве на альтэрнатыўную службу. Суддзя палічыў няшчырымі ягоныя рэлігійныя перакананні, западозрыў у жаданні «схавацца» на альтэрнатыўнай службе і на падставе гэтага пакараў штрафам.

У адпаведнасці з артыкулам 57 Канстытуцыяй РБ, альтэрнатыўная служба дапускаецца. Сказана пра яе і ў Законе «Аб воінскай службе» і нават ў Законе аб дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі. А вось парадак яе адбывання не ўстаноўлены. Таму фактычна цяпер магчымасці прайсці службу, альтэрнатыўную вайсковай, няма. Пытанне ўздымалася каля дзесяці гадоў таму, і нават пачалася праца ў гэтым накірунку, аднак пазней яна прыпынілася з-за неактуальнасці праблемы.

На запыт прадстаўнікоў кампаніі «За альтэрнатыўную службу» сёлета з парламенту прыйшоў адказ, што ў планах распрацоўка законапраекта ёсць, але калі да яго дойдуць рукі законатворцаў — невядома. Першы працэс па адбыванні альтэрнатыўнай вайсковай службы быў у 2000 годзе. Тады судзілі жыхара горада Рэчыца Валянціна Гулая. Справай займаўся Беларускі Хельсінскі камітэт, было рашэнне Канстытуцыйнага суда пра тое, што ў выпадку адсутнасці адпаведнага закона дзейнічаюць нормы Канстытуцыі. Але такая правапрымяняльная практыка не прыжылася.

Альтэрнатыўная служба ў той або іншай форме існуе ў Еўропе ўжо другое стагоддзе. Прызнанне альтэрнатыўнай службы большасцю дзяржаў адбылося ў многім дзякуючы пацыфісцкаму руху, які мае сваю філасофію. Найперш права на альтэрнатыўную службу грунтуецца на свабодзе сумлення. Гэта мае на ўвазе права вызнаваць любую рэлігію або не вызнаваць нічога, вольна выбіраць і змяняць, мець і распаўсюджваць рэлігійныя і іншыя перакананні і дзейнічаць у адпаведнасці з імі.

Магчымасць дзейнічаць у адпаведнасці са сваімі асабістымі перакананнямі дае чалавеку права самому вырашаць, ці можа ён ужываць смяротную зброю ў дачыненні да іншых. Наяўнасць інстытуту альтэрнатыўнай службы дазваляе грамадству задзейнічаць моладзь для вырашэння шэрагу праблем, найперш сацыяльнага характару.

У Еўропе альтэрнатыўшчыкаў традыцыйна накіроўваюць на дапамогу інвалідам, састарэлым, у сферу аховы навакольнага асяроддзя ці развіцця інфраструктуры. Альтэрнатыўная служба вырашае праблему занятасці моладзі, а таксама забяспечвае сацыяльнае абслугоўванне тым, хто жыве ў нястачы. Сучасная канцэпцыя альтэрнатыўнай службы на Захадзе прадугледжвае магчымасць праходзіць яе па-за межамі краіны, атрымліваецца своеасаблівы абмен валанцёрамі.

Напрыклад, Германія штогод накіроўвае сотні юнакоў для добраахвотнай працы ў краіны былога СССР, што залічваецца ў якасці альтэрнатыўнай службы. Еўрапейцы працуюць і ў Беларусі: на валанцёрскіх праектах, у псіханеўралагічных дыспансерах. Самі беларусы, атрымліваецца, такой магчымасці не маюць.

Апошні прыклад — хадайніцтва аб альтэрнатыўнай вайсковай службе гомельскага сябра арганізацыі «Малады Фронт» Андрэя Цянюты. Ён падаў у Гомельскі гарадскі ваенны камісарыят заяву пра замену тэрміновай вайсковай службы альтэрнатыўнай. У адказ атрымаў ліст, у якім гаварылася, што ў Беларусі альтэрнатыўная служба не прадугледжваецца. Сваё канстытуцыйнае права Андрэй вырашыў адстойваць у судзе. Аднак 6 лістапада гэтага года суд Савецкага раёна Гомеля адмовіў у завядзенні справы. Падстава адмовы: быццам бы невыкананне патрабавання артыкула 36 Закона «Аб Воінскай службе». Маўляў, юнак мусіў спачатку звярнуцца ў далейшыя вайсковыя інстанцыі. Але той жа артыкул 36 прадугледжвае і наўпроставае судовае вырашэнне справаў.

Праваабаронцы лічаць, што ў дадзеным выпадку было звычайнае зацягванне справы — адмовіць у праве на альтэрнатыўную службу не магчыма, таму прасцей заблытаць чалавека ў бюракратычных нюансах. У кастрычніку Андрэй Цянюта прыняў прысягу ў полацкай вайсковай частцы. Паўтара гады актывіст «Маладога Фронту» будзе служыць у якасці стралка.

У суседняй Расіі, у адпаведнасці з загадам Міністэрства здароўя і сацыяльнага развіцця ад 19 чэрвеня 2009 года, альтэрнатыўная грамадзянская служба прадугледжвае 151 від працы, прафесій, і пасады ў больш за 700 арганізацыях і прадпрыемствах па ўсёй краіне. Сёлетняй восенню на альтэрнатыўную грамадзянскую службу былі накіраваныя 269 прызыўнікоў.

Па статыстыцы, восем з дзесяці прызыўнікоў, якія просяць альтэрнатыўную службу, застаюцца цывільнымі асобамі. Двое ўсё ж вымушаныя служыць у войску. Усяго ў перыяд з 2004 па 2009 гады грамадзянамі было пададзена 4 328 заяў на альтэрнатыўную воінскую службу. Прыблізна 80 працэнтаў свой выбар тлумачаць веравызнаннем, 5 працэнтаў — у сувязі з прыналежнасцю да карэнных нешматлікіх народаў, астатнія 15 працэнтаў — перакананнямі. Больш паловы прызыўнікоў праходзяць грамадзянскую службу ў сацыяльнай сферы, каля 30 працэнтаў — у прамысловасці і будаўнічых арганізацыях. Астатнія — у органах федэральнай і рэгіянальнай выканаўчай улады.

У Беларусі, па інфармацыі Мінабароны, штогод выяўляецца сем-восем чалавек, якія не хочуць браць у рукі зброю. Звычайна іх накіроўваюць у Чыгуначныя войскі. Пры гэтым міністр абароны Беларусі генерал-палкоўнік Леанід Мальцаў раней заяўляў, што альтэрнатыўная служба павінна распаўсюджвацца толькі на тых грамадзян, якія не могуць браць у рукі зброю па рэлігійных перакананнях ці іншых важных прычын. Што тычыцца такога аргументу, як «пацыфізм», то Мальцаў у адным з інтэрв’ю заявіў, што гэта ненадзейная падстава, бо насамрэч ніхто не ведае, пра што думае прызыўнік. «Патрэбны механізм, каб даведацца: пацыфіст ці не?» — лічыць міністр абароны. То, можа, Беларусь пойдзе «сваім шляхам» і замест закону аб альтэрнатыўнай службе распрацуе прыстасаванне для чытання думак прызыўнікоў?

Каментаваць