Алан Сміт: погляд з-за кратаў

Грамадзянін Вялікабрытаніі Алан Сміт, які знаходзіцца ў беларускай турме, пачаў атрымліваць лісты і паштоўкі. «Ён такі шчаслівы і ўдзячны, і гэта шмат значыць для яго», — напісала жонка Алана Магдалена Валінска.

Але лісты ад Магдалены да яго па-ранейшаму не даходзяць.

Магдалена паведаміла, што на мінулым тыдні зняволенага наведалі прадстаўнікі брытанскай амбасады. Яго агледзеў афтальмолаг і выпісаў рэцэпт на новыя акуляры.

Паколькі Алану адмаўляюць у перакладзе правілаў унутранага распарадку на англійскую, ён дагэтуль не змог падпісаць іх. З-за гэтага яму перасталі даваць малако, яйкі, масла, не дазваляюць карыстацца трэнажорным залам і спыняюць любыя стасункі з зняволенымі, якія размаўляюць па-ангельску і добра ставяцца да Алана.

Магдалена адправіла лісты Аляксандру Лукашэнку, у Міністэрства ўнутраных спраў, Дэпартамент выканання пакаранняў і інш., каб тыя звярнулі ўвагу на справу Алана і на парушэнне яго правоў. Яна не разумее, чаму яе муж атрымаў такое жорсткае пакаранне і задае пытанні: «Чаму блізкія не маюць з ім кантакту? Чаму Алана не вызвалілі пасля таго, як ён адбыў палову тэрміну?» Адказаў на свае звароты яна не атрымала.

Але, нягледзячы ні на што, ні Алан, ні яго жонка не здаюцца.

«Ён каханне майго жыцця, і я ніколі не перастану змагацца за яго», — кажа Магдалена.


Алан жа сваю гісторыю знаходжання ў беларускай турме фіксуе ў малюнках і карыкатурах, якія перадае на волю. Мы публікуем некаторыя з іх са згоды Магдалены.

25 траўня — дзень народзінаў Алана Сміта. Яму будзе 45 гадоў. Напішыце яму паштоўку. Ён будзе вельмі рады. Таксама яго парадуюць навіны спорту (ён заўзее за «Чэлсі»).


Адрас для паштовак і лістоў: Беларусь, 211300, Віцебская вобласць, Віцебскі р-н, п. Віцьба, ВУ ДВП «ВК №3», атрад №6, Алану Сміту.

Таксама вы можаце сачыць за гісторыяй Алана Сміта праз створаную ў яго падтрымку старонку ў фейсбуку. 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць