Алег Трусаў: Міхась Ткачоў мог аб’яднаць вакол сябе нацыю. Да 70-годдзя з дня нараджэння Ткачова

Гісторык, педагог, палітык і энцыклапедыст Міхась Ткачоў мог аб’яднаць вакол сябе нацыю, заявіў у інтэрв’ю “Новаму часу яго сябра, гісторык, грамадска-палітычны дзеяч, старшыня РГА “Таварыства беларускай мовы імя Скарыны Алег Трусаў.



Гісторык, педагог, палітык і энцыклапедыст Міхась Ткачоў мог аб’яднаць вакол сябе нацыю, заявіў у інтэрв’ю “Новаму часу яго сябра, гісторык, грамадска-палітычны дзеяч, старшыня РГА “Таварыства беларускай мовы імя Скарыны Алег Трусаў.

На ягоную думку, доктар гістарычных навук, прафесар Ткачоў, які ўмеў ствараць, а не разбураць, мог быць вельмі добрым кандыдатам у прэзідэнты і дзеля Беларусі аб’яднаць людзей розных поглядаў і інтарэсаў. “Для гэтага ў яго было ўсё — моцная харызма, абаяльная знешнасць высокага і дужага чалавека, прыемны голас і ўсмешка, аратарскія здольнасці цудоўнага прамоўцы з гумарам, які мог з дапамогай жарту ў момант памяняць сітуацыю на сваю карысць. Але самае галоўнае — ён доўга не трымаў крыўды на чалавека, і нават калі яго самога крыўдзілі, што было не раз, мог першы дараваць і падаць руку. А такіх людзей вельмі мала, — падкрэсліў Трусаў.

Гэта аб’яднальная моц Ткачова асабліва праявілася пасля яго пахавання, калі сябры-навукоўцы выдалі кнігу яго публіцыстыкі “Паходня, дзе выступілі ўсе — ад Зянона Пазняка да Станіслава Шушкевіча, ад Васіля Быкава да мітрапаліта Філарэта. “Ткачова ўсе вельмі паважалі і пахавалі на Маскоўскіх могілках. А паколькі сям’я нябожчыка была бедная, мы збіралі грошы яму на помнік. Я быў вельмі здзіўлены, калі каля сотні дэпутатаў Вярхоўнага Савета XII склікання — ад фронтаўцаў да камуністаў — спрычыніліся да гэтай высакароднай справы. Дарэчы, скульптар Алесь Шатэрнік зрабіў добры помнік на магіле Ткачова ў выглядзе бел-чырвона-белага сцягу. На яго цэнтральнай частцы — барэльефы навукоўцы і Мірскага замку, які ён даследаваў, — сказаў Трусаў.

Годна ўшанавана і памяць пра Ткачова — яму адкрыты мемарыяльныя дошкі на школе, дзе ён вучыўся ў горадзе Мсціславе Магілёўскай вобласці, і на доме, дзе жыў у Гродне больш за 10 гадоў. “Акрамя таго, у Мсціславе з’явілася вуліца імя Міхася Ткачова. ТБМ выдала кішэнны і насценны календары, прысвечаныя памяці вучонага. Дарэчы, у Гродне, дзе ў мясцовым універсітэце імя Янкі Купалы Ткачоў стварыў кафедру археалогіі, працуюць шмат яго вучняў, у тым ліку доктар гістарычных навук Сяргей Піваварчык і кандыдат гістарычных навук Генадзь Семянчук, а ягоны вучань кандыдат гістарычных навук Андрэй Мяцельскі працуе ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У Гродзенскім універсітэце дзейнічае археалагічны музей, створаны Ткачовым. Добра, каб яшчэ ў яго гонар вуліца была ў Гродне, — сказаў Трусаў. Ён выказаў пажаданне, каб гродзенская інтэлігенцыя зрабіла гэта. “Але самым галоўным помнікам навукоўцу з’яўляюцца яго кнігі. Дарэчы, яго кніга “Замкі Беларусі вытрымала ўжо каля дзесяці выданняў на беларускай і рускай мовах, — адзначыў Трусаў.

Ткачоў зрабіў неацэнны ўнёсак у айчынную гістарыяграфію, бо з’яўляецца заснавальнікам познясярэднявечнай беларускай археалогіі, які ўпершыню сфармаваў тэзіс “Беларусь — краіна замкаў. “Нездарма на дзяржаўным узроўні нядаўна прынята праграма “Замкі Беларусі. Раней гэтую тэму ніхто не вывучаў, бо лічылася, што ўсе замкі на тэрыторыі краіны належалі польскім ці літоўскім феадалам. І гэтыя цудоўныя абарончыя збудаванні разбураліся і знаходзіліся ў занядбаным стане. Прычым Ткачоў вывучаў айчынныя замкі ў большай ступені як гісторык, чым як археолаг, бо гадамі сядзеў у архівах Савецкага Саюза, а потым правяраў свае высновы раскопкамі, палову якіх з-за недахопу дзяржаўнага фінансавання зрабіў сваімі рукамі. Такім чынам, закладваючы асобныя шурфы, ён даследаваў каля 20 замкаў. А калі мы аб’ядналі свае намаганні, дык зрабілі вялікія раскопкі на Крэўскім замку, на Старым замку ў Гродне, а таксама на Мсціслаўскім замку. Дарэчы, вынікам апошніх даследаванняў стала наша сумесная кніжка “Старажытны Мсціслаў, — распавёў Трусаў.

Паводле яго слоў, як педагог Ткачоў быў вельмі здольным прафесарам, бо у яго была ідэальная памяць, а свае лекцыі ён заўсёды ўпрыгожваў жартамі. “У Гродне яго любілі і як добрага экскурсавода і краязнаўцу, які стварыў у горадзе гісторыка-культурны клуб “Паходня. Як яго ні цкавалі мясцовыя ўлады, ён перамог чыноўніцтва і прыехаў у Мінск пераможцам. А тут з маёй падтрымкі, бо я тады быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі XII склікання, Ткачоў прыйшоў у выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя, дзе спачатку працаваў загадчыкам рэдакцыі гісторыі Беларусі, а затым галоўным рэдактарам выдавецтва. Менавіта дзякуючы нашым высілкам з’явілася шасцітомная “Энцыклапедыя гісторыі Беларусі і — упершыню на тэрыторыі Усходняй Еўропы — энцыклапедыя “Археалогія і нумізматыка Беларусі, а таксама ажыццявілася шматгадовую ідэя доктара філалагічных навук Адама Мальдзіса па выданню шасцітомнай энцыклапедыі “Беларускія пісьменнікі, — сказаў Трусаў.

Трусаў згадаў, што ў палітыку Ткачоў прыйшоў праз сваіх сяброў па акадэміі — Міхася Чарняўскага і Зянона Пазняка. “А дзякуючы Ткачову я і сам прыйшоў у палітыку падчас стварэння “Мартыролагу Беларусі “ і аргкамітэта БНФ “Адраджэньне. Тады мы разам трапілі ў аргкамітэт БНФ, а Ткачоў нават стаў намеснікам Зянона Пазняка. А потым мы разам з Ткачовым стварылі Беларускую сацыял-дэмакратычную грамаду. Прычым, Ткачоў быў яе старшынёй, а я — яго першым намеснікам. У 1995 годзе нашая фракцыя грамадоўцаў у парламенце налічвала 15 дэпутатаў, — сказаў Трусаў.

Ткачоў актыўна вяртаў беларусам іх нацыянальныя сімвалы — бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня, вельмі добра папулярызаваў іх гісторыю ў рэспубліканскіх газетах, спрабаваў сябе ў мастацкай літаратуры, а апошні свой выступ прамовіў на прысязе афіцэраў Беларускага згуртавання вайскоўцаў.

Міхась Ткачоў нарадзіўся 10 сакавіка 1942 года ў Мсціславе ў сям’і нашчадка старадаўняга шляхецкага роду Дамінікі Казлоўскай і настаўніка рускай мовы і літаратуры Аляксандра Ткачова, які загінуў пад Ленінградам у 1942 годзе. Памёр навукоўца 31 кастрычніка 1992 года.


На здымку — выступленне Міхася Ткачова на мітынгу 5 снежня 1991 года. Мінск, плошча Незалежнасці

 

Каментаваць