Алег Трусаў: знікненне СССР — падзея сусветнага маштабу

Знікненне СССР з палітычнай мапы свету з’яўляецца падзеяй сусветнага маштабу, заявіў 8 снежня у Мінску ў штаб-кватэры рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, старшыня ТБМ, дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь XII склікання, гісторык Алег Трусаў на вечарыне, прысвечанай 20-годдзю падпісанню ў Віскулях (Белавежская пушча) кіраўнікамі Беларусі, Расіі і Украіны пагаднення аб стварэнні Садружнасці незалежных дзяржаў.



Знікненне СССР з палітычнай мапы свету з’яўляецца падзеяй сусветнага маштабу, заявіў 8 снежня у Мінску ў штаб-кватэры рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, старшыня ТБМ, дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь XII склікання, гісторык Алег Трусаў на вечарыне, прысвечанай 20-годдзю падпісанню ў Віскулях (Белавежская пушча) кіраўнікамі Беларусі, Расіі і Украіны пагаднення аб стварэнні Садружнасці незалежных дзяржаў.

На думку Трусава, па сваім значэнні Белавежскія пагадненні можна параўнаць толькі з падзеннем Заходняй Рымскай імперыі і Візантыі. “Менавіта пасля падзення апошняй Масква заявіла аб тым, што яна — трэці Рым, а чацвёртаму не бываць. І вось Савецкі Саюз быў апошняй мадыфікацыяй Трэцяга Рыму, зробленай Сталіным. Але ў адрозненне ад гвалтоўнага знікнення Заходняй Рымскай імперыі і Візантыі, якія палі пад націскам вандалаў і турак, у Белавежскай пушчы Трэці Рым распаўся мірным шляхам і ўжо больш ніколі не адновіцца, як бы ў Маскве гэтага не хацелі. Бо двойчы ў тую самую рэчку ўвайсці нельга. Могуць быць толькі нейкія спробы, але аднаўленне савецкай імперыі немагчымае, — падкрэсліў Трусаў. Паводле яго слоў, 20 гадоў таму беларусы ўпершыню за ўсю сваю больш чым тысячагадовую гісторыю, пачынаючы ад Полацкага княства, стварылі маналітную цалкам беларускую дзяржаву, дзе аўтахтонны этнас складае больш за 80% насельніцтва. “І дваццаць гадоў таму мы не маглі адразу ўсталяваць у краіне дэмакратыю, бо так у гісторыі не бывае, — сказаў Трусаў.

Затым ён зачытаў зварот да ўдзельнікаў вечарыны ад дэпутата апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце XII склікання Сяргей Навумчыка, які зараз жыве ў Празе (Чэхія). Навумчык выказаў надзею, што 25-я ўгодкі незалежнасці Беларусі ўсе беларусы будуць адзначаць у Мінску пад бел-чырвона-белым сцягам. Навумчык таксама прывёў словы Васіля Быкава аб “гераічным учынку дэпутацкай апазіцыі БНФ, якая дамаглася суверэннасці краіны ў Вярхоўным Савеце XII склікання.

Старшыня камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь XII склікання па міжнародных справах і знешнеэканамічных сувязях, першы амбасадар Беларусі ў ФРГ Пётра Садоўскі ўзгадаў, што сярод тых, хто актыўна працаваў у апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, ужо няма Ігара Пырха, Ігара Гермянчука і Галіны Сямдзянавай, а некаторыя дэпутаты, у тым ліку Зянон Пазняк і Сяргей Навумчык, знаходзяцца за межамі Беларусі. “З аднаго боку, ахоплівае пачуццё, што мы спрычыніліся да нечага вельмі важнага, бо ў найноўшай гісторыі Беларусь дэ-юрэ стала незалежнай дзяржавай. З другога — тое, што адбываецца ў нашай краіне апошнія 17 гадоў, настройвае на мінорны лад, бо мары нашы пакуль не спраўдзіліся, — сказаў Садоўскі. Ён звярнуў увагу на неабходнасць актуалізацыі пытання аб узнікненні палітычнага міфа, што менавіта кіраўнік дзяржавы быў адзіны, хто галасаваў супраць ратыфікацыі пагаднення аб утварэнні СНД. Садоўскі прывёў інфармацыю з пратакола адкрытага галасавання ад 10 снежня 1991 года ў Вярхоўным Савеце па пытанні “Пастанова аб ратыфікацыі пагаднення аб стварэнні Садружнасці незалежных дзяржаваў: адзіным дэпутатам, хто галасаваў супраць Белавежскіх пагадненняў, быў Валерый Ціхіня, а Аляксандр Лукашэнка быў сярод тых, хто не прымаў удзел у галасаванні.

Першы намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім выказала ўдзячнасць дэпутатам апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце XII склікання, па волі і высілкамі якіх 20 гадоў таму Беларусь стала самастойнай краінай на палітычнай мапе свету, а яе жыхары сталі пачуваць сябе грамадзянамі суверэннай дзяржавы.

-----------------------

Фота аўтара
 

Каментаваць