Алег Волчак: праваабаронца — не прафесія, а прызванне

Нядаўна споўнілася дзесяць гадоў з дня ўтварэння праваабарончай арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву». Пра акалічнасці яе стварэння, мэты і дзейнасць карэспандэнту «НЧ» Язэпу Палубятку распавядае яе заснавальнік, юрыст Алег Волчак.

Нядаўна споўнілася дзесяць гадоў з дня ўтварэння праваабарончай арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву». Пра акалічнасці яе стварэння, мэты і дзейнасць карэспандэнту «НЧ» Язэпу Палубятку распавядае яе заснавальнік, юрыст Алег Волчак.

Прававая дапамога

Праваабарончай дзейнасцю я займаюся даўно. Яшчэ ў тыя часы, калі я быў дэпутатам Мінгарсавета, імкнуўся ўсімі даступнымі мне сродкамі абараняць апазіцыю — тых, каго збівалі падчас акцый пратэсту. У выніку гэта прывяло да таго, што на сваёй сталай працы, у пракуратуры, я ўжо не мог зрабіць кар’еру. Калі мне давялося сысці з пасады старшага следчага, вырашыў стварыць арганізацыю, якая б аказвала прававую дапамогу.

Неўзабаве быў праведзены сход і пададзены дакументы на рэгістрацыю. Так напрыканцы 1998 года паўстала мінская гарадская арганізацыя «Прававая дапамога насельніцтву». Наша мэта — аказваць прававую дапамогу найперш сацыяльна неабароненым людзям. Аднак нашы сябры не толькі давалі бясплатныя юрыдычныя кансультацыі, але і актыўна ўдзельнічалі ў палітычным жыцці краіны. Натуральна, уладам не вельмі падабалася, калі добрыя юрысты прафесійна абараняюць простых грамадзян, бо праблемы, з якімі людзі сутыкаюцца часцей за ўсё, узнікаюць менавіта падчас стасункаў з прадстаўнікамі ўлады (чыноўнік пакрыўдзіў, дырэктар звольніў і г.д.).

Вядомасць нашай арганізацыі прынеслі такія справы, як адстойванне інтарэсаў грамадзян, дзеці якіх загінулі на Нямізе, а таксама дапамога сваякам зніклых палітыкаў, абарона людзей, што былі збітыя амапаўцамі падчас палітычных акцый, — напрыклад, справы Аляксандра Шчурко, Уладзіміра Чарнова, Вольгі Бар’ялай, якіх падчас першага «Маршу Свабоды» дзве гадзіны вазілі ў міліцэйскім аўтобусе і здзекаваліся. Што датычыць пацярпелых на Нямізе, то іх сваякам, акрамя абароны іх правоў, мы дапамаглі зарэгістраваць арганізацыю «Цэнтр сацыяльнай абароны «Няміга–99».

Дарэчы, за дзесяць гадоў існавання «Прававая дапамога насельніцтву» аказала дапамогу прыкладна 8000 чалавек. І ўсе гэтыя дзесяць гадоў чыноўнікі пастаянна чынілі нам усялякія перашкоды: арганізацыю пазбавілі ліцэнзіі на аказанне юрыдычных паслуг, нам давялося дзевяць разоў мяняць памяшканні, бо ўвесь час адмаўлялі ў арэндзе. А ў 2003 годзе па рашэнні Мінскага гарадскога суда наша арганізацыя была ліквідавана. Матывацыя для вынясення такога жорсткага прысуду папросту смешная — нельга бясплатна аказваць прававую дапамогу насельніцтву. Адстойваючы права на існаванне арганізацыі, мы дайшлі да Вярхоўнага суда, дзе нам таксама адмовілі, і зараз наша справа будзе разглядацца ў Камітэце па правах чалавека ААН. Аднак нягледзячы на тое, што «Прававую дапамогу насельніцтву» зачынілі, мы працягваем працаваць і аказваць юрыдычную дапамогу як прыватныя юрысты. Сябры нашай арганізацыі маюць юрыдычныя дыпломы. Мы адкрыта даем аб’явы, што юрысты Алег Волчак, Аляксандр Мікулін, Анатоль Папоў, Яна Палякова, Юры Белякоў, Сяргей Фамін, Алеся Мураўёва і іншыя аказваюць юрыдычную дапамогу. Дзеля гэтага нам не трэба ніякіх ліцэнзій і дазволаў, таму што кожны грамадзянін можа бясплатна дапамагаць любому чалавеку, які патрапіў у бяду. Нашы юрысты і зараз дапамагаюць людзям адстойваць іх канстытуцыйныя і грамадзянскія правы. За пяць гадоў да нас не было ніякіх прэтэнзій, дый не магло быць, бо мы даем кваліфікаваныя і бясплатныя кансультацыі.

У апошнія гады мы ўсёй камандай працавалі на вызваленне Аляксандра Казуліна. Мы і зараз працягваем падтрымліваць яго, але кожны наш юрыст таксама займаецца і шматлікімі справамі іншых грамадзян, якім патрэбна прававая дапамога.

На сённяшні дзень асноўныя нашы кліенты — моладзь, што навучаецца за мяжой па праграме Каліноўскага, у ЕГУ у Вільні. Па вяртанні на радзіму студэнтаў пераследуюць, ёсць факты спробаў іх вярбоўкі супрацоўнікамі КДБ.

Акрамя таго, зараз людзей, асабліва маладых, масава выклікаюць у ваенкаматы, РАУСы, каб нібыта праверыць іх дачыненне да выбухаў, а там у кожнага бяруць адбіткі пальцаў, сліну. Даводзіцца кожнаму чалавеку тлумачыць, што гэта добраахвотная справа, усім раім не згаджацца на гэтыя працэдуры. Мы нават выпусцілі на гэты конт спецыяльныя карткі і раздаём іх людзям — многім гэта дапамагло.

Апошнім часам стаў надзвычай актуальным яшчэ адзін накірунак дзейнасці. У сувязі з эканамічным крызісам людзей пачынаюць звальняць з працы па розных надуманых падставах. Нашы юрысты расказваюць людзям пра іх правы, пра асаблівасці кантрактнай сістэмы, даюць парады, як абараняць свае інтарэсы. Нашы юрысты працуюць супольна з прафсаюзамі.

Мы таксама выдаем бюлетэні, кнігі на юрыдычную тэматыку, якія раздаюцца бясплатна ва ўсіх рэгіёнах РБ. Апошняя кніга — «Хатні адвакат» — выйшла накладам 1000 асобнікаў. У яе ўвайшлі артыкулы па найбольш важных пытаннях юрыдычнай практыкі, якія друкаваліся ў газетах «Згода», «Новы час», «Народная воля». Увесь наклад быў разасланы па арганізацыях, установах, прадпрыемствах, палітычных партыях, прафсаюзах — паўсюдна, дзе ёсць магчымасць навучаць людзей, як правільна адстойваць свае законныя інтарэсы. З выдадзенага раней можна адзначыць кнігу пра Юрыя Захаранку «Хроніка дзяржаўнай подласці».

Нашы юрысты надаюць шмат увагі праблемам афганцаў. І не толькі таму, што я сам прайшоў Афганістан, але яшчэ і таму, што сярод былых афганцаў шмат тых, хто працуе на дэмакратыю. Напрыклад, прадпрымальнік Віктар Гарбачоў, кіраўнік таварыства інвалідаў Аляксандр Камароўскі, былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч, журналіст Сяргей Аніська і іншыя.

Пераслед

Пасля закрыцця судом у 2003 годзе «Прававой дапамогі насельніцтву» ўлада ўзялася непасрэдна за нашых юрыстаў. Так, напрыклад, падчас парламенцкіх выбараў юрыста Яну Палякову з Салігорска выклікалі ў кампетэнтныя органы і патрабавалі падпісаць заяву, што яна не збірала подпісы за Вольгу Казуліну. Калі яна папрасіла паказаць тую заяву, атрымала дубінкай па пальцах. Да цяперашняга часу лечыць руку. Палякова падала скаргу, пасля чаго невядомыя напалі на яе ў пад’ездзе. Дарэчы, у падтрымку Яны Паляковай міжнародная праваабарончая арганізацыя «На перадавой» накіравала лісты Лукашэнку і Генеральнаму пракурору, у якіх патрабуе правесці спецыяльнае расследаванне і пакараць вінаватых. Але, па меркаванню пракуратуры, ва ўсім, што здарылася з Янай, няма складу злачынства.

Мяне самога тройчы збівалі. Першы раз — 21 чэрвеня 1999 года, калі праводзілася акцыя «Апошні дзень прэзідэнта», падрыхтаваная Віктарам Ганчаром на Кастрычніцкай плошчы. Пасля акцыі мяне затрымалі і збілі так, што страціў прытомнасць. Мяне адвезлі ў лякарню, але міліцыянты запэўнілі медыкаў, што я асабліва небяспечны злачынца, і праз пару гадзін мяне адправілі ў пастарунак. У маю абарону выступілі Шарэцкі, Ганчар, шматлікія СМІ, і наступнай раніцай мяне выпусцілі і нават праз тры месяцы спынілі надуманую справу пра збіццё мною міліцыянера. Пасля гэтага Міжнародная ліга правоў чалавека ўзнагародзіла мяне прэміяй «Дзень абаронца», якая штогод уручаецца 10 снежня праваабаронцам, што пацярпелі ад уладаў. Другім разам невядомай асобай мне была нанесена рана пад вокам. Міліцыя адмовілася заводзіць крымінальную справу, і хоць гэта пытанне перад Генеральным пракурорам Шэйманам падняў дэпутат Еўрапарламента Пургурыдзіс, але справе ўсё роўна не быў дадзены ход.

Апошні раз я пацярпеў у 2006-м, калі супрацоўнік спецназу пырснуў у вочы газам. Гэта справа таксама будзе разглядацца ў Камітэце па правах чалавека ААН.

Каманда

Галоўнае ў кожнай справе — імідж, але яго робіць каманда, а не адзін чалавек. Я ганаруся сваёй камандай і ўдзячны кожнаму за добрасумленную працу. Прафесія праваабаронца — гэта прызванне, нават пакліканне, бо не кожны можа вытрымаць такі ўціск. Калі я быў на канферэнцыі па праваабарончых пытаннях у Вене, адзін італьянскі парламентар сказаў, што праваабаронцы — люстэрка грамадства, і іх варта берагчы. Яны даюць сапраўдную карціну таго, што адбываецца ў грамадстве, а калі на іх пачынаецца ўціск, то гэта значыць, што з дэмакратыяй у краіне не ўсё добра. Няма праваабаронцаў — няма дэмакратыі.

Галоўная наша перамога апошніх дзён тычыцца ўзяцця адбіткаў пальцаў у ваенкаматах. Толькі па адным Цэнтральным раёне Мінска за тры месяцы ўзялі адбіткі ў 15 тысяч чалавек. Мы напісалі на імя Генеральнага пракурора Васілевіча ліст з патрабаваннем разабрацца, на якой падставе ваенкаматы праводзяць гэтую працэдуру, і спыніць незаконныя дзеянні. Адказ быў такім: Мінская ваенная пракуратура пакарала намесніка Цэнтральнага мінскага РВК за тое, што ён адмовіў мне ў тлумачэнні, на якой падставе праводзіцца гэта працэдура. За свае незаконныя дзеянні з яго спагналі 140000 рублёў штрафу. Але яшчэ мы чакаем адказу ад Беларускай ваеннай пракуратуры наконт законнасці зняцця адбіткаў пальцаў грамадзян ваенкаматамі.

Будучыня

У бліжэйшы час мы зарэгіструем нашу арганізацыю на Украіне, тады атрымаем афіцыйны міжнародны статус. Адразу ж, як толькі з’явіцца магчымасць, мы абавязкова паўстанем як беларуская рэспубліканская арганізацыя. А пакуль «Прававая дапамога насельніцтву» будзе працягваць сумленна працаваць на карысць людзей.

Нам давяраюць не толькі простыя грамадзяне, але і супрацоўнікі сілавых структураў, прадстаўнікі органаў пракуратуры, яны прадстаўляюць у нашу арганізацыю многа матэрыялаў аб карупцыі. Многае з гэтага мы пасля накіроўваем у сродкі масавай інфармацыі. На ніве абароны правоў чалавека актыўна працуюць былыя прадстаўнікі сілавых структур, людзі, у якіх ёсць пачуццё грамадзянскай адказнасці і жаданне справядлівасці. Такія як Іван Крук з Астраўца, Анатоль Папоў са Жлобіна, Аляксандр Мікулін з Віцебшчыны, Іван Лабачоў з Мінска і іншыя. Шмат хто не «свецяцца», але дапамагае складаць скаргі, кансультуе і выконвае іншую працу.

Я вельмі ўдзячны маёй жонцы Людміле, якая з цярплівасцю і разуменнем ставіцца да маёй дзейнасці, хоць яна, напэўна, хацела б, каб у мяне была больш спакойная праца, адпаведны заробак. У мяне шасцігадовая дачка, з якой мы ў вольны час здымаемся ў кіно як акцёры масавых сцэнаў. Гэта мне падабаецца, бо яшчэ студэнтам я іграў у тэатры юрфака. Апошні фільм, дзе мы здымаліся, мае папярэднюю назву «Пскоўская місія».

Але нягледзячы на сваю прыхільнасць да акцёрства, я праваабаронца не толькі па прафесіі, але і па прызванню.

Каментаваць