Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Алесь Краўцэвіч: Падручнікі, якія ўвёў Лукашэнка, прарасійскія

У Цэнтры гарадскога жыцця Гродна для аматараў гісторыі пачаўся цыкл лекцый вядомага навукоўца, прафесара Алеся Краўцэвіча. Назва цыклу «Беларусь у еўрапейскім кантэксце. Гісторыя народу памежжа».


На першым занятку лектар распавёў прысутным гродзенцам пра вандроўку народаў і паўстанне Беларусі.

Алесь Краўцэвіч кажа, што сістэма адукацыі ў Беларусі знаходзіцца пад пільным кантролем прарасійскіх сілаў.

Незалежніцкія падручнікі былі забароненыя яшчэ ў 1995 годзе. Затым паціху выціскаліся з сістэмы адукацыі незалежныя гісторыкі. Людзі, якія працуюць сёння ў сістэме адукацыі, мусяць выкладаць па афіцыйных падручніках. Яны асцерагаюцца, бо ў любы момант іх могуць абвінаваціць у нелаяльнасці да рэжыму і выгнаць з працы. А падручнікі ў нас, якія ўвёў Лукашэнка ў сістэму адукацыі, прарасійскія, там беларуская гісторыя падаецца як гісторыя калоніі Расіі. Я належу да так званых суб’ектных гісторыкаў, якія лічаць, што беларусы былі ўласнымі творцамі ўласнай гісторыі.

Дырэктар Цэнтру гарадскога жыцця Павел Мажэйка мяркуе, што такія лекцыі будуць спрыяць таму, каб жыхары Гродна пазнавалі сваю сапраўдную гісторыю, без „белых плямаў” у мінулым.

Не сакрэт, што беларуская гісторыя па-ранейшаму застаецца з „белымі плямамі”, з перакручанымі падзеямі, фактамі, ацэнкамі. Таму адна з мэтаў лекцый — даць магчымасць прафесійным гісторыкам выказацца, а слухачам прыняць гэтыя ацэнкі, паспрачацца з імі, падыскутаваць і ў выніку сфармаваць нейкае агульнае меркаванне.

 

У Цэнтры гарадскога жыцця Гродна ўжо існуе некалькі цыклаў лекцый, якія апрача Алеся Краўцэвіча, праводзяць гісторыкі Юры Гардзееў ды Генадзь Семянчук.

Наступная лекцыя Алеся Краўцэвіча адбудзецца 2 сакавіка. Яе назва: “На скрыжаваннях Еўропы. 10 ст. — сярэдзіна 13 ст.”

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя 

Фота аўтара

Каментаваць