Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Алесь Лагвінец жорстка пакараны за ўрок гісторыі

За ўдзел ва ўроку гісторыі ў Слуцку пастановай суддзі Маскоўскага раённага суда Мінска Алесь Лагвінец аштрафаваны на 50 базавых велічынь.

Суддзя Таццяна Матыль ужо вядома жорсткасцю сваіх прысудаў. Так, па яе пастанове журналіст Аляксандр Баразенка атрымаў 15 сутак арышту за тое, што выконваў свае прафесійныя абавязкі падчас акцыі 25 сакавіка ў Мінску.

Знешне судовы працэс па адміністрацыйнай справе Алеся Лагвінца 17 кастрычніка выглядаў прыстойна: выступаў адвакат, свае паказанні дала галоўная сведка падзеі ў Слуцку Аліна Нагорная. Яна падрабязна распавяла пра змест “Дня ведаў” у Слуцку, пра сваё запрашэнне да Алеся Лагвінца і яго сына пазнаёміцца больш грунтоўна з гісторыяй горада.

Як вядома, палітолаг Алесь Лагвінец разам з Алінай Нагорнай удзельнічаў у зборы подпісаў за ўсталяванне ў Слуцку помніка ў гонара слуцкіх паўстанцаў і зацікавіўся гісторыяй Слуцка.

«Я распавяла, што 1 верасня, у Дзень ведаў, мы ішлі па гораду літаральна 15 хвілін, ніякіх лозунгаў не агучвалі, не запрашалі мінакоў далучыцца да нас, — кажа Аліна Нагорная. — Сустрэчныя случчане бачылі шыльдачку «Дзень ведаў. Урок гісторыі» і прыязна ставіліся да нас. Нічые правы не былі парушаны, мы не перашкаджалі рухацца ні транспарту, ні жыхарам горада. Фактычна гэта было распаўсюджванне інфармацыі пра «Дзень ведаў», за ўдзел у якім ўсе ўдзельнікі так жорстка караюцца ў адміністрацыйным парадку».

Нагадаем, Аліне Нагорнай 16 кастрычніка суд Слуцкага раёна прысудзіў штраф памерам у 20 базавых велічынь — 460 рублёў, 19 кастрычніка адбудзецца суд на сынам Алеся Лагвінца Антосем, чакаецца судовы працэс у дачыненні Алеся Пушкіна.

Алесь Лагвінец па гэтай справе ў суд не з’явіўся, але яго інтарэсы абараняў адвакат.

Судовае паседжанне цягнулася каля паўтары гадзіны. Каля 12 гадзін суддзя абвясціла перапынак для вынясення прысуду, які вынесла а пятнаццатай гадзіне.

15-хвілінны ўрок па гісторыі Слуцкага Збройнага Чыну з экскурсіяй на фабрыку слуцкіх паясоў абышоўся Алесю Лагвінцу ў 50 базавых велічынь — 1150 беларускіх рублёў. Такое пакаранне прадугледжана ў КаАП артыкулам 23.34 часткай 3 (Парушэнне парадку арганізацыі альбо правядзення масавых мерапрыемстваў без дазволу ўлады, якое ажыццеўлена паўторна на працягу 1 года). Палітолаг ужо парушаў гэты закон 23 сакавіка. Тады ён быў «узнагароджаны» арыштам на 15 сутак. Гэты ж артыкул прадугледжвае і грашовыя штрафы — ад 30 да 50 базавых велічынь. Цяжка гаварыць пра гуманнасць суддзі, якая выбрала грашовае пакаранне па найбольш высокай шкале для бацькі дваіх дзяцей.


Каментаваць