Алесь Каліта: Беларускае войска трэба пазбавіць ад кантралюючага баласту

З войска вярнуўся першы лідэр «Моладзі БНФ» Алесь Каліта — дыпламаваны юрыст, адзін з першых моладзевых актывістаў, якіх праваабаронцы назвалі «палітычнымі прызыўнікамі».



З войска вярнуўся першы лідэр «Моладзі БНФ» Алесь Каліта — дыпламаваны юрыст, адзін з першых моладзевых актывістаў, якіх праваабаронцы назвалі «палітычнымі прызыўнікамі».

Алесь праходзіў службу ў 29-й зенітра-ракетнай брыгадзе ў вёсцы Межыца Лепельскага раёна Віцебскай вобласці. 26 студзеня ён распавёў журналістам пра сваю службу, становішча ў беларускім войску, а таксама пра свае планы цяпер ужо ў цывільным жыцці. Пры гэтым тэму «палітычнага прызыву» амаль не краналі — больш увагі Алесь Каліта надаў цяперашняму стану беларускай арміі.

На прэс-канферэнцыю экс-кіраўнік моладзевага крыла Партыі БНФ прыйшоў у «поўным строі» — шыкоўная вайсковая форма, аздобленая нацыянальнай атрыбутыкай, вельмі да твару Алесю Каліце, якога да гвалтоўнага прызыву на вайсковую службу (нягледзячы на не адпавядаючы патрабаванням стан здароўя) цяжка было сабе ўявіць у ролі жаўнера.

Алесь Каліта адразу выказаў падзяку ўсім сваім сябрам, якія дасылалі яму лісты ў вайсковую частку не толькі з Беларусі, але і з замежжа, а таксама рэдакцыям незалежных выданняў, якія рэгулярна забяспечвалі яго асобнікамі газет, дзякуючы чаму моладзевы актывіст заўжды быў інфармаваны пра падзеі, што адбываюцца ў краіне.

«Калі хтосьці там, «наверсе», думаў, што служба ў войску мяне выправіць ідэалагічна, то ён вельмі памыляўся, — кажа Алесь Каліта. — Наадварот, войска мяне вельмі ўмацавала, фізічна я сябе адчуваю ў разы мацнейшым, маральна — адпачыўшым, і зараз я гатовы падключыцца да актыўнай палітычнай дзейнасці. Я пакуль не вызначыўся, ці гэта будзе публічная дзейнасць, ці арганізатарская праца ў межах Партыі БНФ, але я дакладна вяртаюся ў актыўную фронтаўскую дзейнасць. Зараз я адчуваю сябе больш моцным і трывалым».

Той моладзі, якая пойдзе ў войска, Алесь Каліта пажадаў не баяцца арміі ды імкнуцца скарыстаць тыя год-паўтара, каб удасканаліць сябе, а войска, паводле Алеся, дае такую магчымасць. Па словах былога лідэра «Моладзі БНФ», яго непасрэдныя камандзіры і саслужыўцы паставіліся з разуменнем да яго грамадзянскай пазіцыі, да яго партыйнай прыналежнасці. «Ніякіх перашкодаў пры ўжыванні мною беларускай мовы ці адстойванні нейкіх правоў і палітычных поглядаў не ўзнікала, — адзначыў Алесь Каліта. — З боку камандавання не было спробаў перавыхаваць мяне, таму і я не спрабаваў кагосьці перавыхаваць. Мае камандзіры збольшага былі ў веку 22–35 гадоў, яны разумеюць, што ёсць незалежнасць Беларусі, што мы не частка Расіі, што ў нас ёсць свая гісторыя, таму не было ніякіх праблем. Асноўная задача была — баявая падрыхтоўка, у маім прызыве вялікая ўвага надавалася баявой і мабілізацыйнай падрыхтоўцы».

Тым не менш, адзначыў Алесь Каліта, у сённяшнім беларускім войску ёсць шмат праблем, якія трэба вырашаць. «Неабходна рэфармаванне войска, перад усім трэба ліквідоўваць розныя наглядаючыя і кантрольныя органы, якія не даюць магчымасці звычайным афіцэрам — камандзірам батарэі, начальнікам разлікаў — займацца непасрэдна баявой падрыхтоўкай баявых разлікаў. Сённяшні ўзровень баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці беларускіх салдат адрозніваецца ад таго, які быў у 2003–2004 гадах. Мяне гэта непакоіць, і стала яшчэ больш непакоіць пасля расійска-грузінскага канфлікту, які паказаў, што мы можам таксама стаць той тэрыторыяй, на якую могуць увайсці расійскія войскі».

Па словах Алеся Каліты, ідэалогія ў беларускім войску засталася яшчэ з савецкіх часоў. «Не скажу, што гэта актыўна прапагандуецца, але існуе такая пазіцыя, што NАТО — пагроза для Беларусі, і гэта нягледзячы на тое, што ў часопісе «Армія» ёсць некалькі старонак на англійскай мове. Я так разумею, гэта для замежнікаў — такая двайная гульня… Але салдатам даводзіцца, што NАТО — гэта патэнцыйны вораг, — кажа Алесь Каліта. — І найбліжэйшым часам гэты ідэалагічны складнік не зменіцца, таму што асноўная маса намеснікаў камандзіраў брыгад па ідэалагічнай працы — гэта людзі сталай савецкай загартоўкі, таму і далей у войску будзе прапагандавацца падобнае».

Па словах хлопца, у войску працягвае існаваць «дзедаўшчына»: «Для вялікай часткі моладзі, якая служыць у войску, становіцца зразумелым, што трэба так ці інакш выканаць каманду, толькі тады, калі ім дасі кухталя. 90 адсоткаў моладзі ў войску — гэта тыя, хто не мае ні ліцэйскай, ні тэхнікумаўскай адукацыі. Ім не цікава, хто ў нас у парламенце, яны не ведаюць міністраў, яны ведаюць толькі прэзідэнта, і больш нічога. Ім цікава пасядзець у інтэрнэце «ВКонтакте», завесці новыя знаёмствы, паслухаць музыку».

Сваю далейшую дзейнасць Алесь Каліта збіраецца засяродзіць на пытаннях рэфармавання беларускай арміі, а таксама на праблеме ўвядзення ў Беларусі альтэрнатыўнай службы.

Каментаваць