Алесь Лагвінец: Еўраміністры ўскочылі ў апошні вагон цягніка

Палітолаг Алесь Лагвінец патлумачыў “Еўрарадыё, чаму Еўрасаюз не прыняў такіх шырокіх санкцыяў у адносінах да Беларусі, як планавалася.

Еўрапейскія міністры замежных спраў дадалі да спісу неўязных беларускіх чыноўнікаў 21 прозвішча. Як вы лічыце, чаму дадалі ўсяго 21 чалавека, хоць раней абяцалі 135?



Палітолаг Алесь Лагвінец патлумачыў “Еўрарадыё, чаму Еўрасаюз не прыняў такіх шырокіх санкцыяў у адносінах да Беларусі, як планавалася.

Еўрапейскія міністры замежных спраў дадалі да спісу неўязных беларускіх чыноўнікаў 21 прозвішча. Як вы лічыце, чаму дадалі ўсяго 21 чалавека, хоць раней абяцалі 135?

— Гэта была непацверджаная інфармацыя. Еўрасаюз ідзе ў рэчышчы сваёй ранейшай палітыкі асуджэння беларускіх уладаў. І ён задаў пэўную колькасць беларускіх чыноўнікаў, якія задзейнічаныя ў рэпрэсіўных механізмах улады. То бок мы бачым, што самая шырокая, максімальна магчымая версія дакумента не была прынятая ў сілу ўнутраных супярэчнасцяў у Еўрасаюзе. Але гэта не азначае, што ЕС раптоўна і радыкальна памяняў сваё стаўленне да беларускай сітуацыі. Ён па-ранейшаму асуджае беларускія ўлады, і тыя людзі, што задзейнічаны ў рэпрэсіях, атрымліваюць сваё па заслугах. Гэта відавочна маральнае асуджэнне, але я думаю, што ім асабіста і чальцам іхных сем’яў не вельмі прыемна бачыць сябе ў гэтым спісе.
 
Шведскі міністр Карл Більт казаў, што яны хочуць жорсткіх, вострых санкцый. Атрымліваецца, што 21 прозвішча — і ёсць жорсткія санкцыі?

— Хутчэй за ўсё, у Еўрасаюзе два розныя падыходы — ястрабы і галубы. Адны хочуць больш радыкальных дзеянняў, а іншыя ставяцца больш стрымана да сітуацыі ў Беларусі. Больш за тое, Беларусь не з’яўляецца вялікім прыярытэтам для шэрага краінаў. А для некаторых краін Беларусь з’яўляецца прыярытэтам толькі з камерцыйнага, прагматычнага гледзішча. Я думаю, заява шведскага міністра вострая, але даволі адэкватная, паколькі Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, супраць якой прымяняюцца такія санкцыі. Гэта ўвогуле сітуацыя, якая выходзіць па-за рамкі разумення на еўрапейскім кантыненце. Відавочна, што ў нармалёвай сітуацыі і беларускім уладам, і беларускаму народу мусіла быць вельмі сорамна за тое, што краіна, яе кіраўнікі, афіцыйныя асобы непажаданыя ў дэмакратычных цывілізаваных краінах. 
 
— Беларускія апазіцыйныя палітыкі, на вашу думку, будуць далей настойваць на тым, каб спіс неўязных чыноўнікаў пашыраўся? 
 
— У Беларусі шмат розных палітычных груп, якія не заўсёды здольныя дамаўляцца паміж сабой. Я больш скажу пра праваабаронцаў. Праваабаронцы лічаць, што такія спосабы маральнага ўздзеяння на беларускія ўлады мусяць заставацца і мусяць быць вельмі канкрэтныя крытэры, супраць каго прымяняць такія санкцыі як няўезд на тэрыторыю ЕС. Да таго моманту, пакуль беларускія ўлады не пачнуць падаваць пазітыўныя сігналы, такі спіс можа пашырацца і відавочна, што гэта будуць людзі, якія найбольш сябе праявілі ў цкаванні свайго ўласнага народу, альбо тых прадстаўнікоў беларускага народу, якія выступаюць за дэмакратычныя змены.
 
— Чаму беларускага пытання не было ў афіцыйным распарадку, але потым яго ўсё адно пачалі абмяркоўваць?


— Мы ўсе даведваемся пра такія рэчы з неафіцыйных крыніц. Думаю, што дзякуючы вам слухачы “Еўрарадыё ведаюць, што на сайце euobserver.com з’явілася інфармацыя пра тое, што адна з краінаў ЕС — Славенія — заблакавала ўключэнне ў спіс неўязных праўладнага алігарха Юрыя Чыжа. А ў Еўрасаюзе, асабліва ў пытаннях замежнай палітыкі, кансенсусны прынцып прыняцця рашэнняў: калі адна краіна накладае вета, то трэба шукаць такія рашэнні, якія задаволяць усіх. І еўраміністры ўскочылі ў апошні вагон, каб прынамсі выказаць сваё негатыўнае стаўленне да сітуацыі ў Беларусі.
 
— Які бізнэс спадар Чыж мае ў Славеніі?
 
Алесь Лагвінец:  Паводле агульнавядомай інфармацыі, адна славенская фірма вельмі хоча выйграць (ці, магчыма, нават ужо выйграла) тэндэр на будаўніцтва гатэля ў Беларусі. І яны супрацоўнічалі са спадаром Чыжом. Відавочна, гэтая справа не абышлася без адпаведнага лабіявання беларускіх уладаў. 
 
Паводле euroradio.fm
 

Каментаваць