Аляксей Кароль — беларускі асветнік

Сваю бязмежную любоў да Беларусі, яе гісторыі, мовы, Аляксей Сцяпанавіч усімі даступнымі яму сродкамі імкнуўся перадаць тым, з кім працаваў, каго ведаў.



Вось і з гэтай пазіцыі мы б хацелі распавесці пра адну, на наш погляд, вельмі важную сферу яго дзейнасці. Справа ў тым, што падчас ягонай працы ў Інстытуце гісторыі партыі ён узначальваў прафсаюзны камітэт. Усё, што рабіў Аляксей Сцяпанавіч, ён рабіў грунтоўна, аналізуючы, на перспектыву. Па ягонай ініцыятыве быў складзены план вандровак і экскурсій па Беларусі і за яе межамі. Мы ў тыя 1970-я гады мала што ведалі пра сваю краіну, яе блізкую і далёкую гісторыю, культуру (вядома, гэта ў параўнанні з цяперашнімі ведамі...). Але такі быў час! З Аляксеем Сцяпанавічам мы аб'ездзілі ўсю Беларусь: Полацк, Наваградак, Горадня, Віцебск, Брэст, Косава, Слонім, Сынкавічы, Свіцязь, Нарач...

Далей была Літва. І зноў мясціны, падзеі, асобы, звязаныя з нашай гісторыяй: Вільня, Коўна; Трокі. Тут перад намі паўстала пытанне захавання нашымі суседзямі сваіх традыцый, гісторыі, а найперш — мовы.

Міхайлаўскі і Святагорскі манастыр — і зноў тая ж повязь з гісторыяй нашай краіны прадстаўнікоў Пушкінскага роду.

Аляксей Сцяпанавіч дасканала ведаў гісторыю памежных абшараў Беларусі — Пскоў, Ноўгарад, Смаленск. І гэта давала яму магчымасць падчас экскурсіі паказаць непасрэдную сувязь гісторыі і лёсу гэтых мясцін з нашай гісторыяй.

У выніку гэтыя паездкі не проста паглыблялі нашы веды пра Беларусь, наш кругагляд, але былі штуршком, стымулам для далейшага вывучэння гісторыі краіны, гонару за зямлю, на якой жывем, за тых, хто ў розных галінах праславіў Беларусь за яе межамі. І гэта толькі каліва з той спадчыны, якую пакінуў нам Аляксей Сцяпанавіч Кароль.

Каментаваць