Аляксей Кароль: Тэракт у Парыжы нясе пагрозу ісламу

«Свабода слова павінна пераважаць над іншымі меркаваннямі», — кажа галоўны рэдактар газеты «Новы Час», пераемніцы газеты «Згода», закрытай уладамі за перадрук дацкіх карыкатур на прарока Мухамеда. 



Пры нападзе на рэдакцыю францускага сатырычнага часопіса Charlie Hebdo («Шарлі́ Эбдо») загінулі 12 чалавек. Напад звязваюць з публікацыяй карыкатур на тэмы ісламу. Гісторыя беларускіх СМІ мае свой прыклад, калі «антыісламскія» карыкатуры сталі падставай для разгрому выдання.
 
 
Незалежную газету «Згода» афіцыйна закрылі ў сярэдзіне 2006 году, скарыстаўшыся тым, што рэдакцыя перадрукавала карыкатуры з дацкага выдання Jyllands-Posten. Выпускаючы рэдактар газеты Аляксандар Здзвіжкоў быў асуджаны на тры гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за «распальванне нацыянальнай і рэлігійнай варожасці». Пазней прысуд замянілі на тры месяцы зняволення, спаслаўшыся на ўзрост маці журналіста.
 
 
Выйшаўшы з турмы ў 2008-м, Здзвіжкоў абвясціў, што хоча з'ехаць з Беларусі. З таго часу ён не падтрымлівае кантактаў са сваімі былымі калегамі, і даведацца, дзе і як ён цяпер жыве, пакуль не ўдалося.
 
 
Цяперашні рэдактар газеты «Новы час» і колішні заснавальнік газеты «Згода» Аляксей Кароль лічыць, што нельга праводзіць паралелі паміж выпадкамі пераследу рэдакцыяў за друк крытычных да ісламу карыкатур:
 
 
— Наш разгром на той час адбыўся не з-за перадруку карыкатур, а з-за тых канкрэтных палітычных падзеяў і той сытуацыі, якая была напярэдадні выбараў. Перадрук карыкатур быў толькі падставай.
 
 
Калі праз пэўны час Здзвіжкоў вярнуўся сюды і яго судзілі, адзін з ініцыятараў нашага пераследу, адзін з муфціяў папрасіў прабачэння і сказаў, што яму проста паклалі на стол той ліст, які ён быццам бы накіраваў для праверкі.
 
 

Гэта чыста тэрарыстычны акт, які нясе ў сабе пагрозу для самога ісламу

 
 
І яшчэ адна прычына: у выпадку з «дацкімі карыкатурамі» мы мелі справу з незадаволенасцю шараговых вернікаў, якія палічылі гэта абразай іхніх пачуццяў.
 
 
Цяпер гэта чыста тэрарыстычны акт, які нясе ў сабе пагрозу для самога ісламу. Пагрозу ўспрыняцця яго неісламскім насельніцтвам як агульнай пагрозы міру і спакою. Думаю, што рэакцыя ў ісламскім свеце будзе таксама адмоўная.
 
 
— Досыць упэўнена гучаць меркаваньні пра тое, што журналісты Charlie Hebdo самі справакавалі напад і не мелі права рабіць аб’ектам сатыры рэлігійныя тэмы. Як журналісту вырашаць гэтую дылему?
 
 
— Такі выбар паўстае перад усімі, і асабліва ў нашых умовах, калі няма свабоды слова ў тым разуменні, якое прынятае ў цывілізаваным свеце. Вядома, маё стаўленне да гэтага такое: «патрабуем свабоды слова», «няма забароненых тэмаў для крытыкі».
 
 
Але гэта не выключае асцярожных адносін самога мастака да тых, хто робіцца аб’ектам ягоных карыкатур. Тут працуюць даўно сфармуляваныя прынцыпы: нічога асабістага, ніякіх абразаў асобы і пачуццяў.
 
 
Але калі ідзе размова пра рэлігію і цэрквы, пра арганізацыі, то тут павінны працаваць палітычныя крытэры. І крытэры свабоды слова і свабоды алоўка павінны пераважаць над меркаваннямі іншага кшталту.
 
 
— Таксама часта даводзіцца чуць захапленне салідарнасцю і францускіх выданняў і міжнародных, якую яны выказалі ў трагедыі Charlie Hebdo, а таксама ўчынкамі дзясяткаў тысяч французаў, якія выйшлі на вуліцы сваіх гарадоў, каб заявіць: «Мы не баімся». Адначасна гучыць і жаль, што ў Беларусі гэтага не адбываецца. Чаму?
 
 
— Прычыны вядомыя. У Беларусі на працягу 20 год ідуць абмежаванні, перасьлед і рэпрэсіі. І ўсе мы жывем на тым падмурку, які быў закладзены гадамі таталітарнага савецкага рэжыму. І гэта нельга скідаць з рахунку. Такое сыходзіць праз гады паўнавартаснай свабоды, а ў Беларусі гэтага не было.
 
 
Гэтая асцярожнасць і адстароненасць культывуецца кожным чалавекам. «Лепш на гэта не звяртаць увагі — так спакайней». Спрацоўвае эгаізм самазахавання, які, на мой погляд, нельга асуджаць. Рыса самазахавання ўласцівая ўсяму жывому.
 
 
У нашым грамадстве няма традыцыі пратэстаў. На Захадзе пратэст — гэта пратэст свабоднага свету, які не можа ўспрыняць, што ёсць пэўныя забароны ад улады, якія нельга пераступаць, супраць якіх нельга пратэставаць. Гэта рэакцыя свабоднага грамадства. У Беларусі рэакцыя грамадства — зацуглянага яшчэ ў таталітарныя рамкі.
 
 
Аляксандра Дынько, svaboda.org

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2015-01-10 22:19:51
"Jullands-Posten" насамрэч называецца ўсё ж "Jyllands-Posten".



Тав. Кароль! Калі "крытэры свабоды слова і свабоды алоўка павінны пераважаць над меркаваннямі іншага кшталту", то чаму ў 2006 г. Вы, даведаўшыся пра карыкатуры ў "Новым
часе" (А. Здзвіжкоў паставіў іх у нумар нібыта без Вашага ведама), спынілі распаўсюд тыража, а потым назвалі публікацыю "несвоечасовай і непатрэбнай"? Цыт. паводле
http://www.belgazeta.by/ru/2006_06_05/sobytiya_otsenki/11799
  • Бамбр
  • 2015-01-11 18:34:38
Бадай, гэтыя словы варта расцэньваць, як прызнанні, якія даюцца пад прыцэлам пісталета.
  • ВР
  • 2015-01-10 22:20:33
Пардон, не ў "Новым часе", а ў "Згодзе".

Каментаваць