Аляксей Кароль у момантах майго жыцця

Добра памятаю, як я, будучы студэнткай другога курса журфаку, упершыню прыйшла на офіс «Новага Часу». Ісці на сустрэчу з Аляксеем Сцяпанавічам было страшна — каленкі трэсліся, а сэрца стукала так, што падавалася, зараз выскачыць з грудзей



Апошні раз мы бачыліся на юбілеі Аляксея Сцяпанавіча


Дагэтуль у мяне быў кепскі досвед камунікацыі з рэдактарамі. У дзяржаўных СМІ я пісала пра працу БРСМ, а пасля слухала заўвагі наконт кепскай якасці сваіх тэкстаў. Таму, калі ішла на гутарку з Аляксеем Сцяпанавічам, я была гатова да ўсяго. Ён падаўся мне справядлівым з першых жа сваіх слоў: «Ты можаш пісаць сюды пра што захочаш, не зважаючы на ідэалогію. Хочаш — пішы пра БРСМ. І з якога боку пра яго напісаць — справа твая».

Памятаю, як я перажывала з-за свайго першага тэксту, які пісала для «Новага Часу». Натуральна, хацелася напісаць добра. І нават зараз я бачу перад вачыма паведамленне Аляксея Сцяпанавіча, якое атрымала ў адказ на дасланы тэкст: «Дзякуй, Віка. Аператыўна і якасна». Першы раз у жыцці мая пісаніна была адзначана.

Аляксей Сцяпанавіч умеў натхняць. Калі я толькі прыйшла ў «НЧ», то марыла пісаць пра літаратуру. І аднойчы пра гэта прагаварылася рэдактару. Ён тут жа даў мне заданне — схадзіць на літаратурную імпрэзу і напісаць пра яе. Я махаю рукамі, зажмурваю вочы: «Не, не трэба! Я ж нічога ў гэтым не разумею!». Ён тады сказаў: «Не трэба баяцца. Калі будзеш баяцца, у цябе нічога не атрымаецца».

Я памацала з дзясятак крэслаў у кабінетах рэдактароў, але такога прафесіянала ў сваёй справе, як Аляксей Сцяпанавіч, я пакуль не сустрэла. У самым пачатку нашага супрацоўніцтва мне далі заданне напісаць аналітычны матэрыял на тэму смяротнага пакарання. Я напісала, даслала. Тэлефануе Кароль і кажа: «Віка, шчыра кажучы, я бачыў гэты матэрыял не так. Але твой погляд мае права на жыццё, хоць ён і празмерна шчыры і наіўны». Я доўга не магла вымавіць ні слова. Упершыню ў жыцці рэдактар не навязваў мне свой пункт бачання артыкула, але прыняў мой, такі наіўны, недасканалы і паверхневы.

Аляксей Сцяпанавіч ніколі нічога ад мяне не патрабаваў. З першага ж дня супрацоўніцтва ён сказаў: «Ты — студэнтка. Будзе час — пішы. Патрабаваць мы ад цябе нічога не будзем». Слова ён стрымаў. Я магла «знікнуць» на месяц, два… І ў гэты час падавалася: «Ну ўсё, ён расчараваўся ўва мне, я не апраўдала яго давер...» І неяк раптоўна і нечакана ён тэлефануе. Я, затаіўшы дыханне, падносіла слухаўку, чакаючы пры гэтым, як зараз буду выслухоўваць усю горкую праўду пра сябе… А пасля чую яго перманентна спакойны голас: «Прывітанне, Віка. Сёння тут адна прэзентацыя будзе. Не хочаш схадзіць і напісаць?». Я радасна выпальваю: «Канечне» і лячу па ўказаным адрасе. Знікала я і падчас сесіі. Тады Аляксей Сцяпанавіч проста тэлефанаваў і цікавіўся, як там мае іспыты. Калі нешта здавала кепска, ён смяяўся і казаў: «Ну нічога страшнага! Затое ты добра пішаш!». Не ціснуў ён і тады, калі мела асабістыя перажыванні, праз што таксама не магла пісаць. Памятаю, забегла неяк да яго дадому. Як толькі пабачыў мяне, адразу ж усклікнуў: «Віка! Як ты расквітнела! Закахалася?» Я пачырванела і апусціла галаву. Аляксей Сцяпанавіч пасмяяўся і сказаў: «Што ж, малайчына! Давай, бягі ўжо да свайго каханага. Пэўна ж на вуліцы чакае?» І пасля гэтага ён працягваў цярпліва чакаць мяне і верыць.

Пра тое, што Аляксей Сцяпанавіч хворы, я даведалася дзесьці год таму. Аднойчы зазірнула да яго і пабачыла рэдактара з паголенай галавой. Я вырашыла пажартаваць: «Што гэта Вы, Аляксей Сцяпанавіч, пад братка вырашылі касіць?». Ён пасмяяўся і сказаў: «Дык у мяне ж рак лёгкіх». Маўчанне. «Але цяпер ужо ўсё добра», — пачаў супакойваць ён. А я памятаю, што доўга тады тупала туды-сюды ў яго прыхожай, не могучы нічога ні вымавіць, ні сысці. Звычайна ў такіх сітуацыях хочацца пашкадаваць. Але Аляксея Сцяпанавіча я не магла шкадаваць, бо ведала, што ён проста гэтага не пацерпіць. Ён жа Кароль. А каралёў не шкадуюць. За іх моляцца. Таму я проста казала: «Я з вамі. А Вы ў маіх малітвах». Адвярнулася і пабегла спускацца ўніз, каб толькі ён не пабачыў маіх перажыванняў. Аляксей Сцяпанавіч раптам стаў сур’ёзным і праводзіў мяне поглядам да таго моманту, пакуль я не выйшла з пад’езда.

Заўжды перад тым, як спытаць у яго «Як Вашае здароўе?», я адчувала ком у горле. Я не ведала Аляксея Сцяпанавіча блізка, але мне падавалася, што яму не падабалася, калі з ім заводзіш гутарку пра яго здароўе. На маё пытанне пра самаадчуванне, ён заўжды весела адказваў мне адно і тое ж: «Ну паглядзі на мяне! Няўжо бачна, што я хворы?». Я глядзела на напоўненыя жыццём вочы, шырокую усмешку і адмоўна матала галавой. Я не верыла ў тое, што ён можа быць хворы.

Цікава, што пры ўсіх маіх разбэшчаных якасцях, якія я апісвала вышэй, ён давяраў мне. Я сама сабе не давярала, ідучы на нейкія заданні. Але вера ў мяне майго рэдактара давала моц.

А яшчэ для сваіх аўтараў, здавалася, ён гатовы ісці на ўсё… Памятаю, як аднойчы познім зімнім вечарам мы сядзелі і клеілі мне журналісцкае пасведчанне. Дакладней, я клеіла, а ён сурвэткай праціраў рэшткі клею.

Апошні раз мы бачыліся на яго юбілеі. Чамусьці зараз я ведаю дакладна — ён адчуваў, што яго дзень нараджэння — апошняя мажлівасць сабрацца ўсім разам за адным сталом. У мяне якраз быў перыяд сесіі. Добра памятаю, што я не дачакалася дэсерту — сціпла падышла да яго і развіталася, бо трэба было ісці дадому рыхтавацца. «Ён жа у коле сяброў, — падумалася тады мне, — і мой адыход будзе незаўважны. Аднак ён просіць застацца. Я адмоўна матаю галавой. Ён паўтарае сваю просьбу. Але трэба бегчы. Да таго, ж не апошні раз жа бачымся. Але інтуіцыя падвяла.

У першых лічбах верасня я ляцела на офіс «Новага Часу». Хацелася абняць любімага рэдактара, падзяліцца з ім пэўнымі перажываннямі і запытацца парады. І тут я даведалася, што ён у лякарні ў Сінгапуры цэлае лета. Тады ўва мне нешта абарвалася ўнутры. Як так? Раптам стала сорамна за сваё летуценнае стаўленне, за няварты адказ на любоў да мяне. Я напісала яму смс са звыклымі ўжо для нас словамі: «Я з Вамі. А Вы ў маіх малітвах». І самае цікавае, што ён адказаў. Я не ведаю, у якім ён быў тады стане, але апошнія словы ў яго паведамленні былі наступныя — «Я вытрымаю».

Гэта было за тыдзень да яго смерці. І зараз варта павыцягваць з глыбокіх кішэняў усё тое, чаму нас вучыў Кароль, бо я ўпэўнена, што ўсе тыя, хто быў з ім знаёмы, зараз могуць сказаць: «Калі б не Кароль, я б не меў таго жыцця, які маю зараз». Не ўмела б я таго, што ўмею зараз, калі б не Аляксей Сцяпанавіч. Але менавіта зараз, сваім адыходам ён дае ўсім апошні ўрок. Кагосьці яго адыход навучыць больш любіць, кагосьці — больш дзяліцца лепшым з іншымі, кагосьці — больш сумленна і якасна пісаць, а кагосьці — больш аддаваць моцы на працу дзеля сваёй краіны.

Абмеркаванне:

  • Кацярына
  • 2015-09-23 19:36:18
Да слёз...вельмi добры i кранальны артыкул...

Каментаваць