Алег Волчак хоча змяніць закон

Кіраўніком грамадскага аб’яднання «Прававая дапамога насельніцтву» (Кіеў, Украіна) Алегам Волчакам занялася падатковая інспекцыя. Раней падобныя пільныя праверкі прайшлі іншыя беларускія праваабаронцы.

 



Алег Волчак


Нагадаем, летась віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўніка беларускага праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага асудзілі на 4,5 гады пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Яго абвінавацілі ва ўтойванні прыбыткаў у асабліва буйным памеры. Фармальнай падставай для крымінальнага пераследу праваабаронцы стала інфармацыя пра яго рахункі ў замежных банках, перададзеная ўладам Беларусі Міністэрствам юстыцыі Літвы ды Генпракуратурай Польшчы. Улады гэтых краінаў публічна папрасілі прабачэння ў Бяляцкага і яго сваякоў, а таксама прыпынілі кантакты з Беларуссю ў межах дамоваў аб прававой дапамозе.


Цяпер інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах Фрунзенскага раёна Мінска запатрабавала ад Алега Волчака прадставіць дэкларацыю аб даходах і маёмасці за дзесяць гадоў.


«З пачатку года ў адносінах да мяне і іншых беларускіх праваабаронцаў ідзе кампанія ўціску, — каментуе ўвагу падатковай да сваёй персоны Алег Волчак. — Цягам гэтага года да мяне прымянялі адміністрацыйныя арышты, была забарона на выезд з краіны, цяпер маем увагу падатковай інспекцыі. Хутчэй за ўсё, праваабаронцы знаходзяцца ў нейкім спісе на распрацоўку».


Алег Волчак гаворыць, што Закон аб дэклараванні носіць дыскрымінацыйны характар. У Грамадзянскім кодэксе тэрмін пазыўной даўнасці — тры гады, у гэтым жа законе — дзесяць. Ёсць вызначаны спіс асобаў, якія абавязаныя прадстаўляць дэкларацыі штогод, гэта ж мусяць рабіць людзі, якія цягам года рабілі здзелкі куплі-продажу на буйныя сумы. Праваабаронца задаецца пытаннем, на якой падставе падатковая патрабуе дэкларацый ад яго за такі вялікі тэрмін?


«Перад тым, як патрабаваць дэкларацыю, падатковая інспекцыя мусіць патлумачыць мне мае правы. Таму я і прапанаваў падатковай азнаёміць мяне з матэрыяламі справы і паведаміць, хто ініцыяваў гэтую праверку. Гэты закон аб дэклараванні вельмі жорсткі ў адносінах да грамадзян, да таго ж у ім не прапісаная адказнасць службовых асобаў, якія займаюцца справаю. Я гляджу па водгуках на маю справу — многія грамадзяне нават не ведалі, што дзяржава можа вось так проста запатрабаваць ад іх дэкларацыі за дзесяць гадоў», — гаворыць праваабаронца.


Алег Волчак падкрэслівае, што гатовы задэклараваць свае прыбыткі за апошнія тры гады, але ў выпадку, калі пабачыць абгрунтаванне прэтэнзій да яго. Да таго ж ён мае намер распачаць кампанію перапіскі з дзяржорганам, звярнуцца ў парламент з патрабаваннем пашырыць правы грамадзян, даць права абскарджваць такія рашэнні ды прыбраць тэрмін у 10 гадоў.


Алег Волчак уваходзіць у групу беларускіх экспертаў па мадэрнізацыі судовай сістэмы, праваахоўных органаў у межах праграмы ЕС «Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі з Беларуссю». Першапачаткова Еўрапейская камісія прапаноўвала трохбаковую працу — незалежныя эксперты, дзяржорганы, ЕС.


«Мы ўжо падрыхтавалі свае прапановы, але дзяржава пакуль ніяк не адгукнулася і не ўдзельнічае ў праграме, — распавядае Волчак. — Але я мяркую, што дарэмна ўлады ігнаруюць гэтую праграму. Бо ўдзел у ёй дазволіў бы бясплатна атрымаць дапамогу ў мадэрнізацыі, рэфармаванні нашых сістэм кіравання, атрымаць экспертную дапамогу. Рана ці позна гэта ўсё адно давядзецца рабіць. Але ў любым выпадку нашая праца не марная, напрацоўкі будуць адпраўленыя на экспертную ацэнку. І аднойчы яны знойдуць сваё прымяненне».


Па словах Алега Волчака, прапановы экспертнай групы па мадэрнізацыі судовай сістэмы, праваахоўных органаў разышліся прыватным чынам паміж супрацоўнікамі дзяржапарата, таму службоўцы ў некаторай ступені знаёмыя з гэтай праграмай.


Алег Волчак адзначае, што міждзяржаўнае супрацоўніцтва — патрэба часу. «Цяпер злачыннасць мае глабальныя маштабы, і нам трэба ўлівацца ў агульную сістэму супрацьдзеяння, а не стаяць на ўзбочыне. Ды і людзі, якія працуюць у праваахоўнай сістэме, мусяць бачыць для сябе перспектывы, магчымасці кар’ернага росту. У адваротным выпадку мы назіраем звычайнае вымыванне кадраў», — рэзюмуе праваабаронца.

Каментаваць