Алег Волчак: Улады не імкнуцца спыняць справы зніклых

16 верасня споўнілася 15 год з моманту знікнення віцэ-спікера Вярхоўнага Савета 13-га склікання Віктара Ганчара і прадпрымальніка Анатоля Красоўскага.



Раіса Міхайлоўская і Алег Волчак


Яшчэ раней, 7 мая, тыя ж 15 год «стукнула» з моманту выкрадання невядомымі экс-міністра ўнутраных справаў Беларусі генерала Юрыя Захаранкі. Паводле дзейнага заканадаўства, крымінальныя справы па факту недабраахвотнага знікнення гэтых асобаў маглі б быць спыненыя з прычыны сканчэння тэрміна даўніны. Тым не менш, улады не спяшаюцца закрываць гэтыя справы і спісваць іх у архіў. Чаму? Свае меркаванні на гэтую тэму журналістам 16 верасня выказалі кіраўнік праваабарончага цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву» (Кіеў, Украіна) Алег Волчак і старшыня зарэгістраванай у Літве арганізацыі «Беларускі дакументацыйны цэнтр» Раіса Міхайлоўская.

Алег Волчак, які засяродзіўся на справе Юрыя Захаранкі, не выключае, што бліжэйшым часам улады ўсё ж могуць спісаць у архіў гэтыя справы. Але.

«З улікам дзейнага заканадаўства, а менавіта згодна пункта 4 часткі 1 артыкула 83 КК РБ, крымінальная справа па факце знікнення Захаранкі мусіла быць спыненая 7 мая 2014 года. У гэтым артыкуле закона пазначаны тэрмін даўніны па такой катэгорыі справаў — 15 год з моманту здзяйснення злачынства, а не з моманту завядзення крымінальнай справы, — адзначыў Волчак. — Дакументы пракуратуры пацвярджаюць, што Захаранка быў гвалтоўна скрадзены групаю невыяўленых асобаў колькасцю ў 6-7 чалавек на двух аўтамабілях і вывезены ў невядомым накірунку. Намі за гэты час былі падзеныя больш за сорак хадайніцтваў і заяваў, праводзіліся журналісцкія расследванні, але заўжды мы атрымлівалі стандартны адказ: вашыя хадайніцтвы далучаны да справы, і па заканчэнні расследавання крымінальнай справы вы будзеце азнаёмлены з усімі дакументамі па гэтай справе».

І тут вось што цікава. Па словах юрыста і праваабронцы, пасля закрыцця азначаных спраў следства абавязана азнаёміць пацярпелых (імі сёння прызнаныя жонка і маці Юрыя Захаранкі, а таксама блізкія Анатоля Красоўскага) з матэр’яламі крымінальнай справы, а вось гэтага ўлады акурат і не жадаюць. «Таму яны будуць надалей працягваць следства і хаваць той факт, што нічога канкрэтнага не робяць, альбо таму, што ў матэр’ялах фігуруюць вельмі высокія кіроўныя асобы», — упэўнены Волчак. І дадае, што маці скрадзенага генерала Улляна Захаранка, якую следства ў рэшце рэшт было змушана прызнаць пацярпелай, з дапамогаю праваабаронцаў падрыхтавала скаргу, у якой патрабуе адказаць, чаму насуперак закону справу не закрываюць, а яе не азнаямляюць з дакументамі.

Тут і становіцца зразумелай логіка паводзінаў уладаў. Калі раскрыць усе дакументы, то зноўку ўсплывуць і рапарты Лапаціка і Алкаева, дзе ўзгадваецца «расстрэльны пісталет», які яны ўвязваюць са знікненнем і далейшым лёсам Захаранкі, Ганчара і Красоўскага, а таксама многае іншае з таго, што сённяшняе кіраўніцтва краіны вельмі хацела б захаваць у таямніцы.

Тое, што ўжо вядома пра "гучныя знікненні", стала матэрыяламі не адной кніжкі

Разам з тым, адзначыла Раіса Міхайлоўская, улады не жадаюць перакваліфікацыі цяперашніх крымінальных справаў аб недобраахвотным знікненні на артыкул 128 КК «Злачынства супраць чалавечнасці», бо па гэтым артыкуле тэрміна даўніны не існуе. Тым не менш, заўважыла праваабаронца, справы зніклых Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, а таксама журналіста Змітра Завадскага знаходзяцца пад кантролем міжнародных праваабарончых арганізацыяў і Камітэта па правах чалавека ААН. І там іх у архіў не спішуць, пакуль у іх не будзе пастаўлена кропка. Трэба альбо знайсці труп зніклага, альбо яго самога жывога. Толькі ў такіх выпадках можна будзе сказаць, што справа завершана.

Вось таму, насуперак чаканням, улады і не спяшаюцца закрываць справы зніклых апанентаў нават пасля заканчэння тэрміну даўніны. Хаця, як адзначыў Волчак, спасылаючыся на аднаго свайго выкладчыка, калісьці праўда ўсё роўна стане вядомай, бо колькі не замятай сляды, яны ўсё роўна рана ці позна зноў узнікнуць.

Каментаваць