Трэба палюбіць кіроўцу з расійскім сцяжком

Заклік Глеба Лабадзенкі «палюбіць Саладуху» даволі спрэчны. Але ў тых, хто жадае, каб Беларусь была беларускай, няма іншага выбару, апроч як палюбіць сваіх суайчыннікаў. Бо як іначай заразіць іх любоўю да беларушчыны? 



Алесь Мазанік


Напачатку жніўня інтэрнэт-сайт газеты «Наша Ніва» змясціў заметку пра невядомых хлопцаў, якія прадаюць аўтамабілістам на сталічных  скрыжаваннях пару сцяжкоў — афіцыйны беларускі разам з расійскім. Чытачы ў каментарах адзначалі, што таксама бачылі гэтых прадаўцоў у розных месцах Мінску.
 
 
Трэба сказаць, папрацавалі яны надзвычай плённа, бо такое спалучэнне сцяжкоў у салонах аўтатранспарту восенню ўжо кідалася ў вочы. 
 
 
Аднойчы кінулася ў вочы Алесю Мазаніку, прадпрымальніку, які гандлюе беларускімі кніжкамі, дыскамі, майкамі з нацыянальнымі сімваламі і г.д. Заўважыўшы тыя сцяжкі ў кабіне кіроўцы аўтобуса, ён запісаў нумар і даслаў ліст са скаргай у аўтобусны парк. 
 
 
Неўзабаве Алесь атрымаў адказ, дзе паведамлялася, што «парушэнне ліквідаванае». У размове з «Еўрарадыё» дырэктар аўтапарку падкрэсліў: знялі не таму, што гэта той ці іншы сцяг, а таму, што правіламі забаронена змяшчаць на лабавым шкле староннія прадметы.
 
 
Гэта не перашкодзіла некаторым успрыняць тое, што адбылося, як нацыяльную перамогу. Іншыя кпілі: «Найбольшая перамога з часоў Аршанскай бітвы, ага!» 
 
 
Адна акалічнасць справы выклікала гарачыя спрэчкі – аўтапарк пазбавіў кіроўцу аўтобуса, Васіля Ананіча,  прэміі. Нямала было з гэтай нагоды каментароў у тым духу, што з «імі» так і трэба, па-жорсткаму, іначай «яны» не разумеюць.
 
 
Але нават сярод тых, каму расійскія сцяжкі муляюць вока, многія сталі дакараць Алесю Мазаніку за тое, што ён нарабіў чалавеку шкоды сваімі дзеяннямі. І нявольна паспрыяў таму, каб у «простых людзей» стварыўся адмоўны вобраз «змагара», ад якога адныя праблемы.  
 
 
Інтэрнэт-каментатары паспрачаліся ды забылі, але Мазанік не забыў. Як стала вядома «НЧ», Алесь наважыўся на даволі неардынарны крок. Ён вырашыў замірыцца з Васілём Ананічам, прычым не толькі на словах.
 
 
 
 
Свае добрыя намеры Алесь гатовы падмацаваць кампенсацыяй прэміі, якую той не атрымаў, і пляшкай каньяка.
 
 
А таксама падарыць яму кнігу Уладзіміра Арлова «Краіна Беларусь» з імянным аўтографам. Гэтую кнігу ён лічыць «найлепшай энцыклапедыяй гісторыі нашай Бацькаўшчыны», і ўпэўнены, што з яе дапамогай зможа данесці свае перакананні да Васіля. 
 
 
 
 
У аўтапарку Мазаніку адмовілі ў арганізацыі сустрэчы з іх супрацоўніком, не далі і ягоных кантактаў. Таму Алесь даслаў на імя Васіля Ананіча ў аўтапарк пасылку з кнігай і лістом – з прапановай кампенсацыі прэміі. 
 
 
«Мы» і «яны», «нашыя» і «вашыя» – такі падыход не вельмі канструктыўны, – тлумачыць свой крок Мазанік. –  «Падзяляй і ўладар» – вось формула ўдалага кіравання яшчэ з часоў Аляксандра Македонскага. Кіраўніцтва Аўтобуснага парку №2 вырашыла зрабіць вінаватым звычайнага пралетара-кіроўцу, замест таго, каб проста прыбраць сцяжкі і прынесці прабачэнні». 
 
 
«Калі Глеб Лабадзенка нядаўна праз суд дамогся 500 тысячаў штрафу ад дырэктара ЖЭСу, то тут насамрэч было б дзіўна, каб спадар Лабадзенка вырашыў кампенсаваць гэты штраф,  – працягвае Алесь. –  Той дырэктар неаднаразова зняважліва ставіўся да законнай просьбы адказваць на мове звароту. У маім жа выпадку штраф, нават калі гэта 50-100 тысячаў, не ёсць неабходнасцю, нават залішні. Да таго ж, мяркую, варта паказваць прыклад, як можна «палюбіць кіроўцу» па аналогіі з заклікам «палюбіць Саладуху» згаданага спадара Лабадзенкі»
 
 
У артыкуле для сайта naviny.by Глеб Лабадзенка заклікаў чытача «укусіць сябе за палец» і «любіць сваё». Хаця гэта часам і досыць цяжка, але «іншага свайго не будзе».  
 
 
«Мы жывем у Рэспубліцы Беларусь, мы – грамадзяне Беларусі, мы ўжо адзін народ, таму ўсе межы і перашкоды для яднання і агульнай добрай будучыні ствараем сабе самі, – разважае Мазанік. – Калі кожны з нас пачне думаць не толькі пра сябе – усё нармалізуецца і я веру, што гэта рэальна».
 
 
Заклік Глеба Лабадзенкі «палюбіць Саладуху» падаецца даволі спрэчным. На шчасце, пакуль ёсць з чаго выбіраць, таму гвалтаваць свой густ няма пільнай патрэбы. Але ў тых, хто жадае, каб Беларусь была беларускай, сапраўды няма іншага выбару, апроч як палюбіць сваіх суайчыннікаў. Іншых варыянтаў заразіць іх любоўю для беларушчыны папросту няма. 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Васіль
  • 2013-10-16 21:56:51
Дзякуй за публікацыю, а асабліва - за апошні радок. Падтрымліваю гэтую думку абсалютна!
  • ВР
  • 2013-10-17 15:58:32
Па-мойму, рэальна палюбіць "звычайных пралетароў" можна, толькі працуючы побач з імі - г.зн. у тых самых ЖЭСах, аўтапарках і г.д. - і даведаўшыся пра іхнія праблемы на сваёй скуры.
Тады можа быць (не абавязкова будзе) давер да "змагарскіх" ідэй, братанне і г.д. Дасылка ж кіроўцу кнігі з аўтографам Арлова выглядае як звычайная піяр-акцыя. Хаця, напэўна, i гэта
лепш, чым нічога.
  • Пятро
  • 2013-10-17 17:58:00

Спадар "ВР"! Ня трэба з такой падазронасцю ставіцца да людзей. Навошта абвінавачваць Мазаніка? Мне здаецца, што ўсё, што робіцца добрага - няхай зусім маленькі крок у бок іншага
чалавека - трэба гэта падтрымліваць і намагацца і нам такім чынам ставіцца да людзей. маленькімі крокамі і да вялікага дабра дойдзем. А калі стаяць на месцы - на месцы і застанешся.
  • ВР
  • 2013-10-17 18:50:57
Сп. "Пятро"! Не трэба адразу вешаць цэтлікі. Выказаў сумнеў у эфектыўнасці крока сп. Мазаніка - дык адразу яго "абвінавачваю"? І я за тое, каб рабілася дабро, няхай
маленькімі порцыямі. Аднак, калі пра гэтае дабро адразу паведамляюць усяму свету, то міжволі задаеш сабе пытанне, ці не для (сама)рэкламы яно робіцца.

Каментаваць