Алесь Міхалевіч адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе

Алеся Міхалевіча адпусцілі з міліцыі, пра гэта паведаміла яго жонка Мілана ў фэйсбуку: "Алеся адпусцілі без змены меры стрымання (пад падпіску аб нявыездзе), пры тым што падпіскі ён не даваў".

 

 



Прэс-сакратар Дзяржпагранкамітэта Аляксандр Цішчанка пракаментаваў затрыманне экс-кандыдата ў прэзідэнты: «Ён затрыманы як асоба, якая знаходзіцца ў вышуку, і будзе перададзены супрацоўнікам МУС», паведамляе spring96.org.

Як паведаміў БелаПАН начальнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Канстанцін Шалькевіч, супрацоўнікі міліцыі ўжо выехалі на станцыю Гудагай па Міхалевіча. 

Зараз Алесь Міхалевіч застаецца адзіным, з каго не знялі абвінавачванні за Плошчу–2010.

"Вяртаюся ў Беларусь. Шмат разоў казаў, што вярнуся ў Беларусь адразу, як выпусцяць асноўных палітзняволеных (думаў пра Бяляцкага і Статкевіча). Яны на свабодзе. Перасякаю мяжу Беларусі, ведаю, што мяне арыштуюць, бо застаюся апошнім абвінавачваемым па справе аб "масавых беспарадках" 2010 года, якую следчы камітэт адмаўляецца зачыняць. Мой тэлефон +420605315860 хутка перастане працаваць. Рана ці позна выйду на свабоду і запрацуе мой беларускі нумар +375296822055. Жыве Беларусь!!!" — напісаў Алесь Міхалевіч у Фэйсбуку.

Міхалевіч, які вырашыў вярнуцца ў Беларусь, быў затрыманы сёння раніцай на мяжы ў Гудагаі. Ён вяртаўся на радзіму цягніком з Вільні. Пра затрыманне Алеся  ў 9:18 паведаміў у Фэйсбуку Аляксей Францкевіч.

Нагадаем, Алесь Міхалевіч быў арыштаваны разам з іншымі кандыдатамі ў прэзідэнты пасля Плошчы–2010, некалькі месяцаў быў зняволены ў СІЗА КДБ. Выпушчаны пад падпіску аб нявыездзе, зладзіў прэс-канферэнцыю, дзе распавёў пра катаванні ў турме і пра тое, што КДБ яго завербавала. Пасля прэс-канферэнцыі мусіў збегчы з краіны і атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі.

http://spring96.org/be/news/79768

Каментаваць