Алюзіі на адпачынак

Адпачываць трэба не толькі грамадзянам, але і кіраўнікам краіны. Зараз, калі верыць навінам за апошні тыдзень, для гэтага створаныя альбо ствараюцца ўсе ўмовы. Варта толькі мець магчымасць гэтымі ўмовамі скарыстацца.

 



Аляксандр Лукашэнка ў апошні час шчыра працаваў. Ён некалькі разоў даваў выспятку для разгону ўраду і асобным міністэрствам. Бачыць перад сабой кожны дзень адны і тыя ж твары, але мець з імі размову на розныя тэмы, ды яшчэ і пераконвацца, што з першага разу цябе не зразумелі, — пагадзіцеся, нялёгкая задача. Таму ён мае поўнае права на адпачынак і станоўчыя эмоцыі. І ён-такі іх атрымае.

Як паведаміў украінскім тэлеканалам намеснік кіраўніка МЗС Беларусі Аляксандр Міхневіч, Лукашэнка прыедзе да Віктара Януковіча з афіцыйным візітам 18 чэрвеня. «Афіцыйна яны не сустракаліся каля трох гадоў, хоць неафіцыйныя сустрэчы адбываліся рэгулярна. Назапасілася шмат бягучых станоўчых пытанняў», — запэўніў Міхневіч украінскіх тэлегледачоў.

«Станоўчае пытанне» — гэта новае слова ў беларускай дыпламатыі. Здаецца мне, што такім можа быць толькі пытанне: «Ты мяне паважаеш, так?». Але Міхневіч потым расшыфраваў: «Мы не проста прадаём і купляем, мы ствараем сумесныя прадпрыемствы. Мы актыўна запрашаем украінскі бізнэс у Беларусь — у фармацэўтыку, у энергетыку... Вось на гэтыя тэмы, якія маюць перашкоды на гэтым шляху, пагавораць прэзідэнты, каб іх ліквідаваць», — сказаў Міхневіч.

Канешне, мы актыўна запрашаем украінскі бізнэс у «сінявокую». Каб у гэтым ніхто не меў сумневаў, напярэдадні візіту прэзідэнта беларускія ўлады прызналіся, што блакавалі імпарт кандытарскіх вырабаў у краіну — не толькі з боку Украіны, але і з іншых краін. Нібыта, знакамітыя цукеркі «Рашэн» і розныя «марсы» і «снікерсы» — дрэннай якасці.

«У сувязі з паступаючымі сігналамі пра не вельмі якасную прадукцыю быў пашыраны кантроль на нашай мяжы, што прыводзіла часам да затрымак паставак кандытарскіх вырабаў. Затрымкі былі практычна па ўсім перыметры Беларусі. Гэта было і з Расіяй, і з іншымі краінамі», — заявіў у Кіеве той жа Міхневіч.

Па яго словах, прэтэнзіі па якасці ўзніклі з-за адсутнасці ў Беларусі і краін-пастаўшчыкоў адзіных тэхнічных рэгламентаў. «Вось калі б мы ў СНД вырашылі гэтае пытанне, то праблем гэтых не ўзнікала б», — марыць Міхневіч.

Адзінае, пра што Міхневіч не сказаў: адкуль паступіў сігнал пра не вельмі якасную прадукцыю. Калі гэта ведае Міхневіч, то, пэўна, гэты сігнал дайшоў аж да МЗС. Такія моцныя сігналы ў нас падае толькі Адміністрацыя прэзідэнта. Тым больш, што свае шакаладкі няма куды падзець пасля таго, як былі нацыяналізаваныя «Спартак» і «Камунарка». Замежныя рынкі пасля нацыяналізацыі мы страцілі, а свае, беларусы, нягоднікі, купляюць «Рашэн».

Парадавала адпускнікоў і чыгунка. Зараз у чэргах па білеты на поўдзень душыцца, канешне, давядзецца, але крыху меней. Згодна паведамленню БелЖД, у Мінску арганізавана работа 45 білетных касаў. Гэта на 9 касаў больш, чым працавала ў летні сезон мінулага года. Адкрыты дадатковыя касы на прыпыначным пункце Інстытут культуры, у зале падвышанай камфортнасці «Клуб СВ» на чыгуначным вакзале, на вул. Варанянскага, 6, а таксама пяць дадатковых касаў на вул. Бабруйская, 4.

Толькі не паведамляецца, колькі касаў было зачынена напярэдадні лета. Прынамсі, на праспекце Незалежнасці касы зніклі дакладна.

Акрамя таго, Беларуская чыгунка развівае сучасныя тэхналогіі продажу праязных дакументаў і заклікае пасажыраў больш актыўна карыстацца магчымасцю набыцця білетаў праз інтэрнэт і плацёжна-даведачныя тэрміналы самаабслугоўвання, устаноўленыя на вакзалах у Мінску і Віцебску.

Але ў жаданні адпачыць нармальна і падалей ад радзімы нашым суграмадзянам не перашкода не тое што чарга ў касе, а нават тэракты і канфлікты. Прыкладам, асацыяцыя ўладароў гатэляў Турцыі б’е трывогу: з-за неспакойнай абстаноўкі ў краіне турысты сталі адмаўляцца ад броні нумароў у гатэлях. Толькі ў Стамбуле працэнт па адмовах даходзіць да 70. Існуе небяспека, што і ў курортных гарадах можа скласціся такая ж сітуацыя. Канешне, звязана ўсё гэта з масавымі пратэстамі ў Турцыі. Сутыкненні рознага кшталту дэманстрантаў з паліцыяй у буйных гарадах Турцыі працягваюцца.

Але што нашым? Нашы ўжо перажылі путч 1991-га, некаторыя — расстрэл Белага дому ў Маскве з пушак 1993-га, масавыя пратэсты супраць палітыкі ўлады 1996–1998 у Мінску, а ўжо колькі было «плошчаў» ды «маўклівых акцый»! Таму пратэсты ў Турцыі, па назіранні буйнейшых тураператараў — для беларусаў дзіцячы лепет. Беларускія турысты без асцярогі ляцяць на турэцкія пляжы, а калі адмовы ёсць, то гэтыя выпадкі адзінкавыя.

«Попыт на пуцёўкі ў Турцыі цяпер зменшыўся. Але гэта звязана з тым, што ў гэтым годзе людзі вельмі рана вызначыліся са сваімі адпачынкамі. Заяўкі на летні адпачынак сталі паступаць яшчэ ў студзені-лютым. Звычайна паўза па продажах надыходзіць у канцы ліпеня. Але ў гэтым годзе ўсе здарылася раней. Зараз турыстам хочацца купіць пуцёўку танней і лепей, а ўсё лепшае ўжо раскуплена падчас ранняга браніравання», — распавялі «Камсамольскай праўдзе» ў адной з буйных мінскіх турыстычных кампаній.

Дарэчы, у фірме таксама паведамілі, што праводзяць дадатковы інструктаж турыстаў у сувязі з падзеямі ў Турцыі. Але гэты інструктаж зводзіцца да падпісання адной паперы. «Выйшла дадатковая інструкцыя Мінспорту і турызму. Мы знаёмім з ёй турыстаў, а яны яе падпісваюць. Там гаворыцца, напрыклад, пра тое, што зараз не рэкамендуецца ездзіць на экскурсію ў Стамбул і самастойна наведваць буйныя гарады. Але гэтая інструкцыя носіць рэкамендацыйны характар», — кажуць у кампаніі.

Сапраўды, калі мы бачылі на вуліцах танкі, ці спалохаемся мы вадамётаў?

А хто паспрабуе нас зачапіць, атрымае па шапцы, нягледзячы на ўсю беларускую «талерантнасць» і «памяркоўнасць». Беларусь у 2013 годзе заняла 96-е месца з 162 у рэйтынгу Глабальнага індэкса міралюбнасці, апублікаваным Інстытутам эканомікі і міру (IEP). У 2012 годзе краіна займала 109 месца. Так што мы, канешне, сталі больш міралюбнымі, але ў выпадку чаго — хату спалім.

Каментаваць