Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Аляксандр Лапіцкі: Мне патэлефанавалі з "псіхушкі» і запрасілі на банкет

Днямі пенсіянеру Аляксандру Лапіцкаму, якога праваабаронцы ў свой час прызналі палітвязнем, адмянілі прымусовае амбулаторнае лячэнне.

“Урачы сваё рашэнне прынялі, але апошняе слова павінен сказаць суд”, – распавёў ён сайту palitviazni.info.

Пасля выхаду з псіхіятрычнай лякарні былы палітвязень Аляксандр Лапіцкі па-ранейшаму знаходзіўся пад так званым прымусовым амбулаторным лячэннем.

“У выніку днямі сабралася ўрачэбная камісія, якая дала заключэнне, што амбулаторнае назіранне мне не патрэбна, – распавядае Аляксандр Лапіцкі. – Хаця, шчыра кажучы, яно і раней не патрабавалася. Зараз урачы рыхтуюць дакументы ў суд, і ўжо апошняе слова будзе за ім. Праўда, не ведаю, калі дакладна адбудзецца судовае пасяджэнне па маёй справе, ды гэта мяне не асабліва і турбуе. Галоўнае, што нашы шляхі з псіхіятрамі не будуць больш перасякацца”.

Са слоў пенсіянера, напярэдадані таго, як стала вядома аб адмене амбулаторнага лячэння, здарыўся дзіўны для яго выпадак.

“Патэлефанавала ўрач з “псіхушкі”, дзе я “назіраўся”, і запрасіла на нейкі банкет, якія ладзіць іх установа, – распавядае пенсіянер. – Ці то пажартаваць нехта вырашыў, ці то правяралі мяне… Але ў любым выпадку я адмовіўся”.

***

Аляксандр Лапіцкі – 81-гадовы пенсіянер з Мінску.

У 2011 годзе Лапіцкі пачаў адсочваць разбор з нагоды выбуху ў мінскім метро. У сваім блогу ён дэталёва распісваў, што, на ягоную думку, у трагедыі вінаваты высокія службовыя асобы. Міліцыя неаднаразова адмаўляла ў завядзенні крымінальнай справы на пенсіняера, аднак у гэтым годзе справа дайшла да суду.

12 красавіка 2016 года пастановай суда Фрунзенскага раёна г. Мінска ўстаноўлена, што Лапіцкі Аляксандр Нікіфаравіч здзейсніў грамадска-небяспечныя дзеяннi, прадугледжаныя артыкуламі 368 («Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»), 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»), 391 («Абраза суддзі або народнага засядацеля») Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і гэтыя дзеянні ім былі здзейсненыя ў несвядомым стане. У дачыненні да Аляксандра Лапіцкага ўжытыя прымусовыя меры бяспекі і лячэння. У выніку абскарджанняў, у задавальненні скаргаў было адмоўлена і пастанова суда набыла законную сілу.

14 лістапада 2016 года стала вядома, што Аляксандр Лапіцкі быў прымусова накіраваны ў псіхіятрычны шпіталь.

Каментаваць