Аляксандр Тамковіч атрымаў прэмію імя Юрыя Захаранкі

27 лютага ў Мінску адбылося штогадовае ўручэнне прэміі «З адкрытым забралам» імя былога міністра ўнутраных спраў Беларусі генерала Юрыя Захаранкі, гвалтоўна скрадзенага невядомымі 7 мая 1999 года.

(На фота: Аляксандар Тамковіч, Алег Волчак, Раіса Міхайлоўская. Фота: Ю. Дзядзінкіна)

 

Сёлета лаўрэатам прэміі, заснаванай пяць год таму незарэгістраваным рухам «Абаронцы Айчыны», стаў вядомы беларускі журналіст і публіцыст Аляксандр Тамковіч.



27 лютага ў Мінску адбылося штогадовае ўручэнне прэміі «З адкрытым забралам» імя былога міністра ўнутраных спраў Беларусі генерала Юрыя Захаранкі, гвалтоўна скрадзенага невядомымі 7 мая 1999 года.

(На фота: Аляксандар Тамковіч, Алег Волчак, Раіса Міхайлоўская. Фота: Ю. Дзядзінкіна)

Сёлета лаўрэатам прэміі, заснаванай пяць год таму незарэгістраваным рухам «Абаронцы Айчыны», стаў вядомы беларускі журналіст і публіцыст Аляксандр Тамковіч.



А на пачатку цырымоніі ўганаравання адзін з кіраўнікоў руху, былы следчы пракуратуры, а цяпер праваабаронца Алег Волчак нагадаў нават не столькі прысутным, колькі чыноўнікам, што 7 мая споўніцца 10 гадоў ад дня знікнення генерала Захаранкі.



«Ужо дзесяць гадоў вядзецца следства, якое перапынялася толькі на тры месяцы. За гэты час змяніліся чатыры следчыя, і за гэты час я, як давераная асоба сям’і Захаранкі, ніякай інфармацыі не атрымаў, акрамя фразаў: «Следства працягваецца, па завяршэнні яго вынікі Вам давядуць да ведама», — распавядае Волчак. — Толькі дзякуючы Камісіі ААН па нядобраахвотных знікненнях, з якой мы перапісваліся, я даведаўся, што следства адпрацоўвала чатыры версіі знікнення Юрыя Захаранкі: першая версія — асабістая непрыязь да кагосьці, другая — эканамічная, трэцяя версія — грамадска небяспечнае хуліганства, якое пацягнула знікненне чалавека, і на чацвёртым месцы стаяла палітычная версія. Беларускае Міністэрства замежных спраў, якое штогод прадстаўляе інфармацыю ў Камітэт ААН па нядобраахвотных знікненнях, неаднаразова ўказвала, што вышэйшыя службовыя асобы не маюць дачынення да знікнення, як не маюць дачынення да гэтага і беларускія спецслужбы».



Па словах Алега Волчака, 8 сакавіка ён будзе выступаць у Камісіі ААН па нядобраахвотных знікненнях, куды атрымаў запрашэнне, дзе яшчэ раз будзе ўздымаць тэму знікнення экс-міністра ўнутраных спраў.



«Мы бачым, як развіваецца дыялог паміж Беларуссю і Еўрапейскім Саюзам, але мы заўважаем, што тэма зніклых адыходзіць усё больш і больш на задні план, — падкрэсліў праваабаронца. — Але я лічу, што тэму зніклых трэба зноў вярнуць на першае месца, бо як можна весці дыялог і перамовы з міністрам унутраных спраў Навумавым, з былым кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта, паслом па асобых даручэннях Шэйманам, калі грамадства не ведае, ці маюць гэтыя людзі дачыненне да знікненняў вядомых людзей, у прыватнасці Юрыя Захаранкі».



Алег Волчак прадэманстраваў прысутным на цырымоніі запіс прэс-канферэнцыі Юрыя Захаранкі адразу пасля таго, як кіраўнік дзяржавы зрабіў у яго адрас некалькі непрыемных выпадаў з рознымі абвінавачаннямі. «Я ўвогуле не мог сабе такога ўявіць, што можна вось так міністра ўнутраных спраў паказаць як нейкага асабліва небяспечнага злачынцу, як нейкае, прабачце мяне, г…., якое не заслугоўвае хоць нейкай павагі, — казаў тады апальны генерал міліцыі. — Так перакрэсліць усё маё прафесійнае жыццё, да такога, канешне, трэба яшчэ дайсці… Калі мы разыходзіліся са спадаром Лукашэнкам, у мяне не было ніякіх чорных думак. Ну што ж, у кожнага свае прынцыпы. Але калі мяне, у прынцыпе, расстралялі перад усім маім народам, я быў у шоку».



Прадстаўляючы новага лаўрэата прэміі імя Юрыя Захаранкі Аляксандра Тамковіча, кіраўнік Цэнтра па правах чалавека Раіса Міхайлоўская нагадала, што ён не проста вядомы журналіст, адзін з кіраўнікоў ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», але і аўтар чатырох кніг — «Лёсы», «Жанчыны», «Асобы» і «Будзіцелі», прысвечаных вядомым у краіне людзям. У мінулым капітан Аляксандр Тамковіч быў ваенным карэспандэнтам, працаваў у газеце «Во славу Родины», якую пакінуў на знак пратэсту падчас жнівеньскага путчу 1991 года. Пасля гэтага Аляксандр Тамковіч быў адным з заснавальнікаў і намеснікам галоўнага рэдактара незалежнай беларускай газеты «Свободные новости».



«Аляксандра Тамковіча сапраўды можна назваць будзіцелем — чалавекам, які прасоўвае нашу краіну да лепшай будучыні, да нашых ідэалаў дэмакратыі і справядлівасці», — падкрэсліла Раіса Міхайлоўская.



У мінулыя гады лаўрэатамі прэміі «З адкрытым забралам» былі вядомы юрыст і праваабаронца Гары Паганяйла, генерал Валеры Фралоў, экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі, былы палітвязень прафесар Аляксандр Казулін і Мікалай Аўтуховіч, у недалёкім мінулым прадпрымальнік, воін-афганец, які зараз знаходзіцца ў вязніцы на вуліцы Валадарскага ў Мінску.





P.S. Зараз Аляксандр Тамковіч знаходзіцца ў Бруселі, дзе 2–4 сакавіка адбылася сустрэча беларускіх экспертаў з прадстаўнікамі структур ЕС і дыпламатычных місій. Там жа прайшла прэзентацыя яго кніг.

Каментаваць