Аляксей Паўлоўскі: Людзі і цяпер за мяне

Нагадаем, 4 студзеня адміністрацыя будаўнічай арганізацыі «Прамжылбуд» пісьмова паведаміла Аляксею Паўлоўскаму аб нежаданні працягваць з ім працоўны кантракт. Ад 10 лютага рабочы застаецца без працы.

Нагадаем, 4 студзеня адміністрацыя будаўнічай арганізацыі «Прамжылбуд» пісьмова паведаміла Аляксею Паўлоўскаму аб нежаданні працягваць з ім працоўны кантракт. Ад 10 лютага рабочы застаецца без працы.

На гэтым прадпрыемстве Аляксей адпрацаваў год і нараканняў за працу не меў. Аляксей Паўлоўскі гаворыць, што кантракт з ім не працягнулі, бо ён актыўна займаўся адстойваннем працоўных інтарэсаў, з’яўляецца сябрам незалежнага прафсаюза РЭП. Аляксея падтрымалі яго калегі і пісьмова звярнулася да кіраўніка прадпрыемства з патрабаваннем працягнуць з Паўлоўскім працоўны кантракт. У адваротным выпадку пятнаццаць заяўнікаў настойвалі, каб і з імі не працягвалі кантрактаў. Акрамя таго, муляры заяўлялі, што выходзяць з афіцыйнага прафсаюзу.

Але праз колькі дзён рабочыя пачалі адклікаць свае подпісы пад зваротам да кіраўніцтва прадпрыемства. Па беларускаму тэлебачанню выйшаў сюжэт, у якім Паўлоўскага абвінавацілі ў падмане калег, і, маўляў, таму яны адклікалі свае подпісы.

Аляксей Паўлоўскі пагадзіўся пракаментаваць сітуацыю.

— Ад мяне людзі не адракліся, — распавёў Аляксей, — бо калі прыехалі аператары з БТ, то яны казалі, што хочуць, каб я працаваў і далей. А пасквіль па БТ — дык мне нават шкада тых людзей, якіх паказалі. Вы ж бачылі, як некаторыя вочы адводзілі. На працы з рабочымі ў мяне нармальныя адносіны, а чыноўнікі вось падляначкі робяць. Але ў нечым гэтая сітуацыя добрая, бо бытавыя памяшканні прывялі ў парадак, чайнікі паставілі. Я ведаў, што так будзе, і ўсё ж мне падабаецца, што сітуацыя крыху разварушылася. Мяне ж не проста так падтрымалі, я многім працоўным дапамагаў. Яны і цяпер за мяне. Людзі на кантрактах, маўчаць, і наёмных работнікаў адміністрацыя дзяўбе як хоча. А ў людзей жа ёсць годнасць. Такі рэзананс, бо ўлады баяцца салідарнасці, мы наступілі на слабае месца. Калі ўлада будзе працягваць ціснуць, то салідарнасць будзе ў рабочых, бо куды ж трываць далей?

А вось меркаванне старшыні Беларускага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзя Фядыніча:

— Калі б сёння працаўнікам сказалі, выкажыце сваю думку, і вам за гэта не будзе пакарання, то быў бы вялікі працэнт людзей, якія б заявілі, што маюць прэтэнзіі. Выпадак у Магілёве з Аляксеем Паўлоўскім не адзінкавы, такое ёсць па ўсёй Беларусі.

Да працоўнага чалавека ў нас застаюцца абыякавыя адносіны. Афіцыйныя прафсаюзы бачаць у працоўных толькі людзей, якія сплачваюць унёскі. Аляксей ставіць пытанні востра, і наймальнікі будуць рабіць усё магчымае, каб пазбавіцца ад такіх людзей.

Цяпер мы будзем праводзіць сустрэчы, каб абмеркаваць пытанні аплаты, атэстацыі працоўных месцаў.

На маю думку, каб салідарнасць магла праявіцца, гэтым трэба было займацца апошнія тры гады. Будзем глядзець на развіццё падзей у Магілёве, Мікашэвічах, ці будуць гатовыя рабочыя падтрымаць адзін аднаго і публічна выказаць свой пратэст. Салідарнасці трэба вучыцца, яна сама не прыходзіць.

Мы будзем адсочваць сітуацыю і знаёміць з ёй нашых чытачоў.

Каментаваць