Аматары віртуальных сусветаў сустрэліся на фестывалі касплэю, відэагульняў і коміксаў (фотарэпартаж)

У Доме культуры МАЗ 15 сакавіка прайшоў фэст з нагоды пятнаццацігоддзя беларускага выдання «Виртуальные радости». На ім праводзіліся касплэй-дэфіле, турнір па файтынгу «Mortal Kombat» і танцавальнаму сімулятару «Just Dance», а таксама гульням «Кракадзіл», «Мафія» ды іншым настолкам.



Адкрывала праграму школа этнабарабанаў «TekaDUM». Пасля выступу музыкаў гледачы задавалі арганізатарам — рэдакцыі тэматычнага выдання — разнастайныя пытанні: ад змяншэння накладу газеты да прагнозу выхаду «Half-Life 3». Затым распачаўся першы блок касплэю (касцюміраванага пераўвасаблення ў герояў анімэ, коміксаў, відэагульняў, фільмаў, легенд і паданняў). Паралельна можна было пагуляць на кансолях новага пакалення, набыць тэматычную прадукцыю ад партнёраў фестывалю ці бавіцца ў настольныя гульні.

Пасля першага выступу касплэеры падзяліліся гісторыяй свайго захаплення.

Кацярына ў вобразе Гайкі (фэндом «Чып і Дэйл спяшаюцца на дапамогу»)

— Займаюся касплэем толькі два гады, але з дзяцінства люблю глядзець мультфільмы і анімэ. А потым наведала адзін з тэматычных фестываляў і пазнаёмілася з касплэерамі. І так гэта ўсё распачалося: цяпер я сама магу ствараць персанажаў, рабіць ім касцюмы, і гэта мне вельмі падабаецца. Сёння я ў вобразе дзіцячага персанажа Уолта Дыснея. Напэўна, кожная дзяўчынка майго дзяцінства хацела быць такой жа адважнай і мілай, як Гаечка. З кожным годам у Беларусі праводзіцца ўсё больш тэматычных фэстаў, і супольнасцяў становіцца больш. Да нас прыязджаюць госці з іншых краін, нават у гэтым годзе прыехала дзяўчына з Крыму. 

Даніэла ў вобразе Рэйчал Алукард (фэндом «BlazBlue»)

— Усё пачалося з майго захаплення анімэ, да таго ж я ўмею добра маляваць. А потым сяброўка параіла разам з ёй рабіць касцюмы і выступаць. Упершыню гэта адбылося ў 2013 годзе на фэсце «Хіган». Распачынаць было няпроста, бо была далёка ад прафесіі швачкі. І спачатку я набывала тканіны і шыла ўсё на вока. І штосьці атрымлівалася. Бывалі выпадкі, што матэрыялу для касцюма патрабавалася шмат, і прыходзілася нямала траціць сваіх грошай. Але дзеля майго хобі я гатова пайсці на такія ахвяры. Можна і зарабляць на касплэі, але пакуль што гэта могуць рабіць толькі краўцы, якія спецыялізуюцца на касцюмах. А ў касцюмах зараз можна атрымаць вольнае наведванне на імпрэзу ці ўзнагароду за перамогу ў дэфіле, але не больш. Мне і гэтыя ўмовы вельмі падабаюцца.

Далей удзельнікаў чакаў конкурс «Угадай кадр», дзе акторы на вачах гледачоў увасаблялі сцэны з вядомых фільмаў. Мэта ўдзельнікаў — здагадацца, які фільм паказваюць. Самых актыўных і здагадлівых гледачоў ўзнагародзілі. А потым распачаўся тэматычны «Кракадзіл», які вёў герой коміксаў «Marvel» пад назвай Піпец. Пасля гульняў стартаваў другі блок касплэй-дэфіле.

Падвёў высновы мерапрыемства адзін з арганізатараў і касплэераў Максім:

— Акрамя касплэю я цікаўлюся яшчэ і рэканструкцыяй. Сёння вырашыў сумясціць гэтыя два мастацтвы — і атрымаўся вобраз рыцара Тэўтонскага ордэна з элементамі самурая. Бо мне падабаецца японская культура і фантастыка. У анімэ апісваецца штосьці нерэальнае, тое, у нашым свеце не можа здарыцца. Аматар вырываецца з рэальнага свету, пагружацца ў свет уяўленняў і атрымлівае асалоду ад гэтага. І робіцца прыемнае не толькі табе, але і іншым. Сённяшні фэст праходзіць упершыню, бо прысвечаны юбілею выдання. І наведвальнікаў сабралася не так шмат. Яшчэ ў Мінску праводзіцца фестываль анімэ-культуры «Хіган» і навукова-папулярнай фантастыцы «UniCon».

Аматарам касплэю нагадваем, што роўна праз месяц, 18 і 19 красавіка, у «Чыжоўка-Арэне» пройдзе чацвёрты фестывалю фантастыкі, коміксаў, кампутарных гульняў і цяпер яшчэ і фэнтэзі «UniCon 2015».

Абмеркаванне:

  • Джон
  • 2015-03-17 02:17:46
Это вот этот последний на фото и есть самурай тевтон?
  • ВР
  • 2015-03-17 16:45:17
Так, гэта жэстачайшы беларускі касплэінг!

Каментаваць