Амбасадар дзецям

31 жніўня новы амбасадар Германіі ў Беларусі доктар Крыстаф Вайль узяў удзел у адкрыцці дзіцячай гульнёвай пляцоўкі ў пасёлку Калодзішчы Мінскага раёна. Гэта пляцоўка стала падарункам мясцовай школе ад нямецкага пасольства, якое прафінансавала яе ўзвядзенне.



31 жніўня новы амбасадар Германіі ў Беларусі доктар Крыстаф Вайль узяў удзел у адкрыцці дзіцячай гульнёвай пляцоўкі ў пасёлку Калодзішчы Мінскага раёна. Гэта пляцоўка стала падарункам мясцовай школе ад нямецкага пасольства, якое прафінансавала яе ўзвядзенне.

«Першы званок» у Калодзішчах і адкрыццё школьнай пляцоўкі сталі першым публічным мерапрыемствам Крыстафа Вайля ў якасці пасла ў Беларусі. Гэты дабрачынны праект, які дае магчымасць адпачываць і гуляць на свежым паветры 750 мясцовым школьнікам, быў рэалізаваны ў межах праграмы Тэхнічнага супрацоўніцтва з дапамогай Мясцовага фонду ўстойлівага развіцця «Інавацыі для рэгіёнаў» у Калодзішчах.

Нямецкага амбасадара суправаджалі супрацоўнікі пасольства, старшыня Праўлення Нямецкага эканамічнага клуба ў Беларусі Клаус Байер. З беларускага боку прысутнічалі старшыня Мінскага райвыканкаму Пётр Яраш, супрацоўнікі мясцовага аддзелу адукацыі.

Звяртаючыся да прысутных настаўнікаў, вучняў каладзішчанскай агульнаадукацыйнай сярэдняй школы і іх бацькоў, Крыстаф Вайль падзякаваў за запрашэнне прыняць удзел у свяце «першага званка» і за магчымасць урачыста адкрыць дзіцячую гульнёвую пляцоўку.

Дзіцячая пляцоўка – падарунак амбасады ФРГ

 

Пётр Януш, Крыстаф Вайль і Валянціна Вялікаселец



«Кажуць, што немцы заўсёды шмат гавораць. Але сёння буду выключэннем, бо мне сорамна перад вамі рабіць моўныя памылкі, — пажартаваў дыпламат. — Некаторыя палітычныя назіральнікі маглі б адзначыць, што наша сённяшняе мерапрыемства — адкрыццё гульнёвай пляцоўкі — не з’яўляецца сур’ёзнай справай у дачыненнях паміж народамі, але я з гэтым не згодны. Падмурак сяброўскіх адносінаў паміж дзяржавамі заўжды будуецца на чалавечых стасунках, арыентаваных на будучыню. А што можа быць лепшае ў будучыні, як не радасць дзяцей?»

Двое старшакласнікаў звярнуліся да нямецкіх гасцей на іх роднай мове і паабяцалі захоўваць і берагчы пляцоўку, каб на ёй маглі гуляць і іншыя пакаленні хлопчыкаў і дзяўчынак. Дырэктар каладзішчанскай школы Валянціна Вялікаселец ад імя настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў падзякавала нямецкую амбасаду за такі цудоўны падарунак.

Крыстаф Вайль паабяцаў, што гэта не апошні дабрачынны праект з удзелам нямецкай амбасады, гуманітарнаму супрацоўніцтву новы кіраўнік дыпламатычнага прадстаўніцтва ФРГ збіраецца надаваць вялікую ўвагу падчас сваёй місіі ў Беларусі.

Каментаваць