Анішчанка — Васілевічу

Грамадскі актывіст, гісторык Яўген Анішчанка накіраваў генеральнаму пракурору Рыгору Васілевічу адкрыты ліст.

Грамадскі актывіст, гісторык Яўген Анішчанка накіраваў генеральнаму пракурору Рыгору Васілевічу адкрыты ліст.

«Нядаўна па БТ дэманстраваўся фільм «Площадь. Железом по стеклу», у якім прыводзяцца тэлефонныя размовы актывістаў перадвыбарчых штабоў кандыдатаў у прэзідэнты. У афіцыйнай газеце «Советская Белоруссия» таксама цытуюцца вытрымкі з перамоваў па сістэме «Скайп» прыхільнікаў кандыдатаў у прэзідэнты ад апазіцыі. Тым самым  адкрыта заяўляецца, што ў краіне доўгі час вядзецца тайнае праслухоўванне мабільных тэлефонаў, якімі карыстаюцца практычна ўсе дарослыя жыхары (і іх дзеці) краіны... Гэтым прызнаецца, што ў краіне штодня парушаецца тайна карэспандэнцыі, што ў краіне на справе адменена гарантаванае арт. 28 дзеючай Канстытуцыі права на абарону ад незаконнага ўмяшання ў асабістае жыццё грамадзян. Дзяржаўныя СМІ тым самым афіцыйна прызналі, што Канстытуцыя ў нас — пустая дэкларацыя», — адзначаецца ў лісце.

«У арт. 137 сярод кола Вашых службовых абавязкаў ясна прадпісана: кіравацца правілам, што Канстытуцыя стаіць вышэй любога закона або дэкрэта. Зыходзячы з гэтых норм, Вы абавязаны распачаць крымінальны пераслед і пакараць тых, хто арганізаваў і праводзіць падобныя антыканстытуцыйныя дзеянні ў адносінах да грамадзян. Пакажыце, сп. Васілевіч, па чыёй ініцыятыве, на якой падставе і ў рамках якой крымінальнай справы адбываецца падобнае масавае зневажанне канстытуцыйных правоў грамадзян. Ваша нежаданне або адмаўленне ад крымінальнага пакарання парушальнікаў Асноўнага закона будзе азначаць спрыянне іх беззаконнай дзейнасці і зробіць Вас непасрэдным саўдзельнікам гэтых злачынстваў», — папярэджвае Яўген Анішчанка.

Актывіст заклікае пракурора прадэманстраваць «сваю рашучасць спыніць хамскае зневажанне элементарнай годнасці грамадзян. «Пакажыце сваімі праваабарончымі дзеяннямі, сп. пракурор, што нікому ў краіне, уключаючы прэзідэнта, не дазволена абыходзіцца з выбаршчыкамі як са злачынцамі ў лагернай зоне», — гаворыцца ў лісце.

Каментаваць