Анархістаў — за краты

Да 9 гадоў пазбаўлення волі запатрабавала пракуратура для анархістаў у судовым працэсе ў Мінску. Шэраг абвінавачаных і сведак заявілі на судзе пра ўжыванне ціску і пагрозаў падчас следства.



Да 9 гадоў пазбаўлення волі запатрабавала пракуратура для анархістаў у судовым працэсе ў Мінску. Шэраг абвінавачаных і сведак заявілі на судзе пра ўжыванне ціску і пагрозаў падчас следства.

Маладыя людзі абвінавачваюцца ў закідванні бутэлькамі з запальнай сумессю тэрыторыі амбасады Расіі ў Мінску і турмы на вуліцы Акрэсціна ў 2010 годзе. А таксама ў правядзенні несанкцыянаванай антываеннай акцыі каля будынка Міністэрства абароны Беларусі ў 2009 годзе. Інкрымінуецца і шэраг нападаў на іншыя будынкі. У прыватнасці, закідванне фаераў у казіно “Шангры Ла і будынак Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Перад судом паўсталі Мікалай Дзядок, Ігар Аліневіч, Максім Веткін з Мінску, Яўген Сілівончык з Салігорску, Аляксандр Францкевіч з Наваполацку. Апошняму прад’яўлена абвінавачанне і ва ўзломе сайту Наваполацкага гарвыканкаму. Дзядок, Аліневіч і Францкевіч вінаватымі сябе не прызнаюць. Веткін і Сілівончык — часткова (не было намеру ў псаванні маёмасці). Веткін сказаў, што кінуў адну бутэльку ў расійскую амбасаду, але не трапіў.

Дзядок заявіў, што на яго чыніўся ціск з боку супрацоўнікаў Упраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і КДБ. Ад яго патрабавалі, каб ён сказаў, што зладзіў акцыю ля расійскай амбасады. Былі пагрозы прымянення фізічнага гвалту.

Адразу чатыры сведкі заявілі пра незаконныя захады да іх падчас следства, два з іх істотна змянілі паказанні. Так, сведка Аляксей Жынгероўскі адмовіўся ад сваіх паказанняў падчас следства і заявіў пра ціск на яго з боку супрацоўнікаў КДБ. Яны пагражалі яму праблемамі адносна вучобы, бацькоў і яго дзіця. Сведка сказаў, што яго прымусілі даць паклёпніцкія паказанні на Дзядка, Францкевіча і Аліневіча.

Сведка Ігар Багачак распавёў, што ад яго таксама патрабавалі даць такія ж паказанні на Дзядка, пагражалі праблемамі на працы і па месцы навучання, у тым ліку і праблемамі ў бацькоў. А на Акрэсціна пагражалі сэксуальным гвалтам. Сведка Аляксандр Бугаеў паведаміў, як дапытвалі яго: «Я не даваў паказанняў, пакуль мяне не пачалі біць. Ударылі гумовай палкай па каленнай чашачцы і ўдарылі па твары».

Ксенія Каўко заявіла, што давала паказанні пад моцным псіхалагічным ціскам гэбістаў. “Я адмаўлялася даваць паказанні супраць Дзядка, на мяне крычалі.

У справе ёсць і іншыя сведкі, на чыіх паказаннях будуецца абвінавачанне. Бацька падсуднага Мікалая Дзядка — Аляксандр — кажа пра агаворы: “Паказанні гэтых людзей нібыта пра ўдзел Мікалая і іншых у здзяйсненні нейкіх злачынстваў супярэчлівыя. Супярэчлівасць гэтых паказанняў і іх абсурднасць сведчыць пра іх ілжывасць і неверагоднасць.

Ігар Аліневіч прызнаў свой удзел у шэсці ля будынка Мінабароны супраць беларуска-расійскіх вайсковых вучэнняў. Яго маці Валянціна зазначыла: “Але гэты эпізод, які ён прызнаў, ён топіцца ў моры ілжы. Самае ілжывае — пра напад на расійскую амбасаду і турму. Я абсалютна дакладна ведаю, што ён у гэтым удзелу не браў, гэта сталася нагодай, каб пачаць шматлікія арышты. Валянціна Аліневіч перакананая, што інцыдэнт з бутэлькамі з запальнай сумессю, закінутымі на тэрыторыю расійскай амбасады, быў правакацыяй.

Усе падсудныя абвінавачваюцца па артыкуле 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае пашкоджанне маёмасці), Веткін яшчэ па 339-м (хуліганства), а Францкевіч — па 339-м, 349-м (несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі) і 254-м (камерцыйны шпіянаж).

Пракурор Артур Мірошнік запатрабаваў: Ігару Аліневічу — 9 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, Мікалаю Дзядку — 6 гадоў і Аляксандру Францкевічу — 5 гадоў зняволення; Максіму Веткіну — 4 гады абмежавання волі, Яўгену Сілівончыку — 3 гады абмежавання волі.

Суддзя Жана Хвайніцкая вынесе прысуд у Заводскім судзе Мінска 27 мая ў 14 гадзін.

Каментаваць