Анатоль Вялікі: Спісы рэпрэсаваных існуюць на 100%

У эфіры Радыё Рацыя кандыдат гістарычных навук Анатоль Вялікі, супрацоўнік Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, які прымаў удзел у канферэнцыі па дэпартацыі палякаў з Савецкай Беларусі і Літвы пасля Другой сусветнай вайны.

 

— Сёння ў нас абмяркоўваецца тэма Курапатаў і чарговы акт вандалізму на тэрыторыі мемарыяла. Думаеце, гэта сапраўды выпадковасць?



У эфіры Радыё Рацыя кандыдат гістарычных навук Анатоль Вялікі, супрацоўнік Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, які прымаў удзел у канферэнцыі па дэпартацыі палякаў з Савецкай Беларусі і Літвы пасля Другой сусветнай вайны.

— Сёння ў нас абмяркоўваецца тэма Курапатаў і чарговы акт вандалізму на тэрыторыі мемарыяла. Думаеце, гэта сапраўды выпадковасць?


— Я б не пагадзіўся, папярэднія гады паказваюць, што калі тлумачыць гэта нейкімі з’явамі надвор’я, то трэба ўявіць, якая моц ветру патрэбная, каб паваліць крыжы. Я думаю, што гэта камусьці карціць нейкім чынам зганьбіць гэтае месца.

— Вы ўжо некалькі гадоў займаецеся сталінскімі рэпрэсіямі, вы працуеце ў Нацыянальным архіве, на колькі гэтая тэма ў Беларусі з’яўляецца адкрытай, і калі можа быць адкрытая цалкам, як яна абмяркоўваецца ў грамадстве і СМІ?

— Я б не сказаў, што яна вельмі шырока абмяркоўваецца, калі параўнаць з нашымі суседзямі: Украінай, Польшчай, Расіяй. Існуе своеасаблівае табу на даследаванне гэтай праблемы, хаця ніхто не забараняе, але, тым не менш, пэўная асцярожнасць застаецца ў даследаванні гэтай праблемы, рэпрэсій, дэпартацый. Вось мы былі на канферэнцыі, якая прысвечана дэпартацыям палякаў, але ж яны закраналі не толькі палякаў. Былі і беларусы і рускія, і яўрэі, і ўкраінцы і г.д. Так што гэта асабістая зацікаўленасць некаторых гісторыкаў, якія спрабуюць даследаваць гэты працэс.

— Палякі даволі падрабязна пачалі даследаваць гэты перыяд, ствараюць спісы тых, хто быў рэпрэсаваны, дэпартаваны. Сённяшняя канферэнцыя датычыла галоўным чынам дэпартаваных ужо пасля вайны ў 1951–1952 гадоў. Пра спісы, як было сказана на канферэнцыі, большасць гісторыкаў даведалася менавіта ад вас, бо вы пачалі гэтую працу.

— Не толькі я. У падручніках ВНУ толькі прыгадваецца, што і пасля вайны працягваліся рэпрэсіі, але маштабы гэтых рэпрэсій, іх механізм, колькасць рэпрэсаваных, бо дэпартацыя — гэта неад’емная частка рэпрэсій. Яны агульныя, няма дакладных звестак па абласцях, па раёнах і г.д. Але, безумоўна, гэта трэба рабіць, шукаць гэтыя спісы, а тое, што яны ёсць, тое, што яны існуюць, я ўпэўнены на 100 %.

— Калі казаць пра памер рэпрэсіяў, ці можам мы назваць нейкія лічбы, колькі людзей з Беларусі было дэпартавана ў іншыя рэгіёны СССР?

— Прывяду прыклад Заходніх абласцей Беларусі, бо з Усходу практычна не дэпартавалі, гэта датычыла ў асноўным Заходняй Беларусі, дзе пражывала значная колькасць палякаў, да якіх варожа ставілася савецкая ўлада, дый да часткі беларусаў, якія не ўспрымалі савецкую рэчаіснасць. Па апошніх дадзеных, якія ёсць у Нацыянальным архіве, яны ўжо ўведзены ў шырокі ўжытак, гэта каля 6500 чалавек. Калі параўноўваць тыя маштабныя дэпартацыі, якія адбываліся ў 1939–1941 гадах і пасляваенны час, то, безумоўна, не так шмат. Але тут я б хацеў падкрэсліць, што мы вядзем гаворку аб дэпартацыі, што адбывалася ў красавіку 1952 года. Але другая справа, што людзей судзілі звычайным судом, які прад’яўляў абвінавачанні, іх колькасць я пакуль нідзе не сустракаў.

— Дэпартацыі праходзілі паводле спісаў, а не паводле судовага рашэння, наколькі я разумею?

— Так, складаліся спісы. Гэтая дэпартацыя характэрна тым, што ёй падлягала пэўная сацыяльная частка грамадства, так званыя “кулакі. Чаму так званыя? Калі глядзіш дакументы, напрыклад, у чалавека было 7 гектараў зямлі, адзін конь, дзве каровы, пара свіней. І калі дакументы сведчаць, што канфіскавалі дом 10х12, у якім пара ложкаў, шафаў. Які ж гэта “кулак? Іх абвінавачвалі ў тым, што яны сабатуюць мерапрыемствы савецкай улады, нават не сабатуюць, а супраціўляюцца правядзенню калектывізацыі, яны павінныя быць высланы, гэта лексіка таго часу, бо тады ўжо не ўжывалі лексіку 1939–1940 гадоў, але вынік ёсць вынік — дэпартавалі.

—  Тэмай канферэнцыі была дэпартацыя палякаў, ці сапраўды гэтая дэпартацыя праходзіла па нацыянальнай прыкмеце, ці ўсё ж такі па сацыяльнай?

— Я б спалучыў тут і нацыянальнае і сацыяльнае, сацыяльнае — гэта “кулак, небяспечная для ўлады частка насельніцтва і па нацыянальнай прыкмеце. Задачай улады была ўніфікацыі рэгіёна з Усходняй часткай, польскі чыннік быў для яе перашкодай, якія ў адрозненні ад беларусаў больш непрыхільна, варожа ставіліся да савецкай улады. Гэты чыннік з’яўляўся патэнцыяльнай базай для польскага падполля і таксама не выказавалі ніякага жадання ісці ў калгас. Так што тут спалучынне сацыяльнага і нацыянальнага элементаў.

— Ці беларускія гісторыкі шукаюць спісы, у якіх можа быць занатавана колькасць рэпрэсаваных палякаў, беларусаў і літоўцаў?

— Я ўжо доўга працую ў архівах, досвед гісторыка паказвае, што такога кшталту спісы ёсць, спасылкі на гэта ёсць у лістах, якія дасылаліся Цэнтральным камітэтам Кампартыі Беларусі ў Цэнтральны Камітэт Масквы. Там згадваюцца гэтыя спісы, якія былі складзены ў таямніцы. З імі знаёміліся, іх аналізавалі. Там былі людзі, якія ваявалі ў шэрагах Чырвонай арміі, у партызанскім руху, іх выключалі адтуль, гэта рэальна існуючы дакумент. Такія дакументы, па майму перакананню, не складаліся ў адным экземпляры. Звычайна яны складаліся ў МГБ, у Міністэрстве дзяржаўнай бяспекі, потым у Савеце міністраў, пасля чаго накіроўваліся ў Маскву. Існуе тры крыніцы, дзе могуць быць гэтыя спісы. Калі адзін знішчылі, ці знік, ёсць другое, трэцяе месца. Пры гэтым ёсць дакладныя адрасаты, куды і каму накіроўваліся гэтыя спісы. У такіх спісах былі не толькі імя і прозвішча, але і поўныя маёмасныя, аўтабіяграфічныя звесткі і г.д.

Валянціна Лаеўская, Радыё Рацыя

Каментаваць