Анатоль Тарас: Гуманітарыям трэба пісаць і выступаць папулярна

4 мая ў Мінску падчас навукова-практычнай канферэнцыі па праблемах гуманітарнай бяспекі Беларусі навуковы сакратар грамадскага Інстытуту беларускай гісторыі і культуры (Рыга, Латвія), прафесар Анатоль Тарас, заявіў што гуманітарыям варта пісаць і выступаць больш папулярна.



Навукова-практычная канферэнцыя па праблемах гуманітарнай бяспекі


Паводле ягоных слоў, шматлікія пытанні нацыянальнай гістарыяграфіі патрабуюць абавязковай папулярызацыі ў грамадстве. “Вось чаму мы павінны пісаць, распавядаць і здымаць цікава і зразумела”, — сказаў навуковец.

Ён прывёў прыклады абыякавых адносін айчыннага чыноўніцтва да выбітных помнікаў нацыянальнай гісторыі і культуры, а таксама неадукаванасці службовых асоб ў пытаннях гістарычнай спадчыны. Так, на прапанову прафесара пра неабходнасць адкрыцця кафетэрыя, музея і агляднай пляцоўкі ў пакоях захаванай тропавярховай вежы Гальшанскага замку XVI стагоддзя ў вёсцы Гальшаны Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці пачуў у адказ: “А па якому артыкулу расходаў мы гэта правядзем?”

Тарас лічыць, што пры стварэнні мінімальнай інфраструктуры турызму у Гальшаны прыедзе шмат замежных гасцей, у першую чаргу з Польшчы, бо з Гальшанскім замкам звязаны пачатак гісторыі польскай каралеўскай дынастыі Ягелонаў (менавіта трэцяя жонка Ягайлы Соф’я Гальшанская была пачынальніцай гэтага славутага роду).

Аднак такога кшталту ідэі, на жаль, вельмі цяжка прабіваць дарогу у жыццё. Вось чаму менавіта грамадскасць павінна ўзяць на сябе праблему папулярызацыя слаўных старонак айчыннай гісторыі, невядомых многім беларусам. І магчымасці для такой папулярызацыі ў беларускай інтэлігенцым вялікія. Прычым, такому распаўсюджванню ведаў па сапраўднай айчыннай гісторыі з боку уладаў ніхто не замінае”, — падкрэсліў прафесар.

Разам з тым, паводле ягоных слоў, у краіне вельмі шмат перапалоханых людзей і тых, хто чакае грошай за працу па папулярызацыі рэальных падзей айчыннага мінулага. “Але такіх людзей не варта лічыць беларускімі патрыётамі”, — сказаў Анатоль Тарас. Ён выказаў шкадаванне, што ў краіне не так шмат сапраўдных патрыётаў, за якімі будучыня краіны, бо для ўлады няма аніякай іншай альтэрнатывы, акрамя нацыяналізму.

Затым Тарас адзначыў, што словы Карла Маркса пра тое, што невуцтва, якое авалодала масамі, з’яўляецца дэманічнай сілаю, адносяцца, у тым ліку, і да сучаснай Беларусі. “Нацыянальныя інтарэсы краіны патрабуюць ад уладаў рабіць стаўку на нацыянальную гістарыяграфію, але кіраўніцтва Беларусі гэтага не робіць, таму што тактычныя інтарэсы сённяшняга дня пераважаюць над стратэгічнымі. Прычым, усё робіцца з аглядкай на Расію, каб, не дай Бог, не пакрыўдзіць крамлёўскае кіраўніцтва”, — сказаў навуковец.

Ён выказаў упэненасць, што акрамя беларускай інтэлігенцыі ніхто ў краіне не здольны змяніць свядомасць грамадзян.

Удзельнікі канферэнцыі — гісторыкі, культуролагі, сацыёлагі, эканамісты, палітолагі, пісьменнікі і рэжысёры абмеркавалі пытанні гуманітарнай бяспекі ў гістарыяграфіі, культуралогіі і інфармацыйнай прасторы.

Каментаваць