Анатолю Беламу — 70 гадоў!

У гэтага чалавека, якога без сумневу можна назваць адным з пачынальнікаў сучаснага беларускага адраджэння, сёлета трайны юбілей: 70 гадоў са дня народзінаў, 25-я ўгодкі заснаванага ім з паплечнікамі клуба «Спадчына» і 10-годдзе з дня адкрыцця прыватнага музея ў Старых Дарогах.



У гэтага чалавека, якога без сумневу можна назваць адным з пачынальнікаў сучаснага беларускага адраджэння, сёлета трайны юбілей: 70 гадоў са дня народзінаў, 25-я ўгодкі заснаванага ім з паплечнікамі клуба «Спадчына» і 10-годдзе з дня адкрыцця прыватнага музея ў Старых Дарогах.

Анатоль Яўхімавіч Белы нарадзіўся 10 снежня 1939 года ў горадзе Старыя Дарогі Мінскай вобласці. Скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт (1967). З 1995 года выкладаў у БДУ. Старшыня грамадска-асветніцкага клуба «Спадчына» (1984), сябар Саюза мастакоў Беларусі (1995) і Саюза беларускіх пісьменнікаў (1999).

Ён сабраў вялікую калекцыю твораў жывапісу, графікі, медальернага і дэкаратыўнага мастацтва (каля 3000 адзінак). Арганізаваў процьму тэматычных выстаў. На аснове сваёй калекцыі ва ўласнай сядзібе ў Старых Дарогах адкрыў прыватны музей выяўленчага мастацтва. 

Ён — удзельнік Устаноўчых з’ездаў Беларускага народнага фронту, Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Сумесна з сябрамі клуба «Спадчына» ў 1985 годзе выступіў ініцыятарам звароту ў ЦК КПБ, Савет Міністраў БССР і Вярхоўны Савет БССР аб ушанаванні 125-х угодкаў студзеньскага паўстання 1863 года пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Адзін з тых прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, якія падпісалі ліст у ЦК КПСС аб стане беларускай мовы і культуры ў Беларусі. Актыўны заснавальнік таварыства «Бацькаўшчына». Адзін з заснавальнікаў і Ганаровы сябар рэдкалегіі беларуска-амерыканскага часопіса «Полацак» (1991, Кліўленд, ЗША).

Анатоль Яўфімавіч узначальвае Камітэт Ушанавання, што ўганараваў ордэнамі, кубкамі «Спадчыны», медалямі звыш 250 дзеячаў навукі і культуры Беларусі.

За ўдзел у мітынгах быў неаднаразова арыштаваны. За свае палітычныя перакананні і дзеянні тройчы быў звольнены з працы.

Каб пералічыць усё тое, што ўжо зрабіў гэты няўёмны і споры да працы чалавек, не хопіць цэлай газетнай старонкі.

Рэдакцыя газеты «Новы час» шчыра віншуе юбіляра і зычыць яму яшчэ шмат гадоў плённай працы на ніве беларускага адраджэння!

Каментаваць