Андрэй Бандарэнка абскарджвае прафілактычны ўлік

Праваабаронца Андрэй Бандарэнка, які знаходзіцца ў турме №4 Магілёва, паспрабаваў абскардзіць пастаноўку яго на прафілактычны ўлік як «схільнага да нападу на супрацоўнікаў адміністрацыі, захопу закладнікаў і да хуліганскіх дзеянняў».


 

Фото: svaboda.org


 Пра гэта Андрэй Бандарэнка паведаміў у лісце, атрыманым НЧ.

 

Сваю спробу ён апісвае як «займальную гісторыю». Са скаргай на беспадстаўную пастаноўку на ўлік ён звярнуўся ва Упраўленне Дэпартамента выканання пакаранняў па Магілёўскай вобласці. Адтуль прыйшоў адказ, што ў дзеяннях супрацоўнікаў калоніі №17 Шклова, якія паставілі Бандарэнку на гэты ўлік, парушэнняў не знойдзена, і, паколькі Бандарэнка асуджаны за хуліганства, пастаноўка на ўлік «адпавядае патрабаванням». «Якім менавіта патрабаванням і што менавіта адпавядае, у адказе з трох абзацаў указана не было», — заўважае вязень сумлення.

 

Таму Андрэй і яго адвакат абскардзілі гэты адказ у пракуратуры Магілёўскай вобласці, пазначыўшы, што падчас знаходжання ў Шклове Андрэй не даваў падставаў для таго, каб у ягоных дзеяннях угледзелі імкненне да нападаў і захопу закладнікаў.

 

Пракуратура вобласці звыкла пераправіла скаргу ў той самы УДВК Магілёўскай вобласці. Адтуль да Бандарэнкі прыехаў цэлы маёр, а за ім — і адказ, такі ж, як і першы. «Праўда, абзацаў стала больш. Мне дадаткова паведамілі, што для пастаноўкі мяне на ўлік былі скарыстаныя нейкія пастановы, але яны «для службовага карыстання», і азнаёміць мяне з гэтымі пастановамі не могуць. А тое, што нідзе няма майго подпісу з азнаямленнем, то мяне і не павінны былі з гэтым рашэннем знаёміць. Але для пераканаўчасці напісалі, што сведкамі выступілі асуджаныя папраўчай калоніі №17».

 

«Смех у тым, — піша Бандарэнка, — што ўвесь час майго знаходжання ў калоніі ў Шклове я знаходзіўся ў адзіночнай камеры, і з цяжкасцю ўяўляю, хто мог бы быць сведкам».

 

«Зараз чакаю, што мне адкажа пракуратура, каб напоўніцу атрымаць асалоду самым вытанчаным падыходам у рэалізацыі і абароне зняволенымі сваіх правоў. Але, не асабліва спадзеючыся на пазітыўны вынік, рыхтую скаргу ў Генеральную пракуратуру», — зазначыў Бандарэнка.

Каментаваць