Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Андрэй Мельнікаў: Курапаты — люстэрка ўсёй Беларусі

У Беларусі ў апошнія тыдні сутыкнуліся дзве памяці. Памяць пра Кастрычніцкую рэвалюцыю і памяць пра тых, хто быў забіты рэжымам, які прыйшоў да ўлады 100 гадоў таму. Ці здольна грамадства неяк прымірыць гэтыя два антаганістычных настроі? 
 Фота gomelspring.org

 Фота gomelspring.org

Пра гэта разважае паэт, бард Андрэй Мельнікаў у размове з журналістам "Беларускага Радыё Рацыя" Генадзем Барбарычам.

Вось і скончыўся юбілей, якога чакалі, магчыма, з нейкай трывогай. Гэта 100 гадоў Кастрычніцкай рэвалюцыі, якую многія называюць пераваротам. Але нічога не здарылася. І юбілей прайшоў амаль незаўважна. А што вы адчувалі ў гэты дзень?

— Асабліва нічога і не адчуваў, — сказаў  Андрэй Мельнікаў. — У свой час, напачатку 90-х гадоў, калі вучыўся ў школе, то 2017 год выглядаў нейкім пераломным: камуністы скончаць выконваць вядучыя функцыі, а ў 2025-м яны ўвогуле знікнуць. І я хутчэй чакаў, што перад гэтым годам насамрэч штосьці адбудзецца, бо камуністы неяк занадта сябе дыскрэдытуюць, у выніку чаго ў 2017 годзе яны скончацца. А ўжо ў 2017-м спакойна глядзеў на тое, як яны працягваюць існаваць, займаюць не самую горшую нішу ў грамадстве.

І калі кажуць, што 37-мы год звязаны толькі з камуністамі ці менавіта на камуністаў вешаць, то ўсё гэта значна больш складаная рэч. Ёсць вось у Габрыэля Гарсіа Маркеса класны раман «Восень патрыярха». Калі я яго чытаў, то адкрыў, што прырода дыктатуры не залежыць, хто гэта —  правыя ці левыя, камуністы ці яшчэ хтосьці. Усё роўна ідзе пэўная паслядоўнасць дзеянняў, у тым ліку і масавы тэрор.

— Здзівіла, што праўладная партыя «Белая Русь» не асабліва была заўважана ў гэты дзень у актыўнасці. А вось праз некалькі дзён раптам яе сябры прыйшлі ў Курапаты —  месца масавых расстрэлаў падчас сталінскага тэрору —  і правялі там суботнік.

— Мяне гэта парадавала. У мяне ёсць адзін пазітыўны момант сведчанняў пра работу «Белай Русі». Гэта Азярышча —  тое месца, з якога пачынаецца раман Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім»: «Груша цвіла апошні год…» І «Белая Русь» не паленавалася паставіць там памятны камень з гэтымі словамі, узгадаць Караткевіча.

Сама назва мяне не палохае. Тое, што людзі прыйшлі першы раз туды, дзе яны не былі, і нават калі яны і тое, што там рабілі, выглядала дысанансам, то ўсё роўна месца паступова пераварвае —  кагосьці з іх праб’е.

Нават калі адзін чалавек з іх каманды зменіцца, сапраўды перажыве гэты боль, то гэта ўжо пазітыў таго, што яны там з’явіліся.

Для мяне пытанне Курапатаў у значнай ступені асабістае. У пачатку 88-га года я пачаў наведваць гэты масіў. Не на Дзяды. Гэта было пасля артыкула Пазьняка і Шмыгалёва ў «ЛіМе». Як прачытаў, пачаў запытваць сваіх аршанскіх знаёмых на той час, што такое Курапаты. Ім нічога гэта не казала. І для мяне гэта было дзіўна.

 Я там чалавечую костку падабраў, нейкі час з сабой вазіў, але ўрэшце завёз яе ў Курапаты ды пахаваў. З мяне, тагачаснага камсамольца, Курапаты пачалі рабіць іншага чалавека, які пачаў усім гэтым пранікацца. І не магу сказаць, што гэта толькі трагічная рэч.

Курапаты —  гэта месца салідарнасці. Як паказала апошняя «Ноч паэтаў», якую ладзіў Дашкевіч з кампаніяй, гара Галгофа ператварылася ў гару Фавор: гэта не толькі гара пакутаў, але і гара перамянення. Вельмі можа быць. І сам масіў Курапатаў —  гэта пэўны перыметр, абмежаваны крыжамі. Так, гэта месца, дзе мы памінаем расстрэл. Але ж гэты масіў працягваецца: далей там ёсць спартыўныя пляцоўкі і яшчэ нешта. Таму гэта месца, якое напоўнена многімі сэнсамі. І мяне будзе толькі радаваць, калі яно стане паўнатой сэнсаў беларускіх.

— Можна сказаць, гэта знакавае месца ў гісторыі Беларусі ХХ і ХХІ стст. У 30-х гадах расстрэльвалі —  гэта быў таксама жахлівы гістарычны знак. У 80–90-х менавіта з Курапатаў пачалася ў Беларусі перабудова —  моцны штуршок да дэмакратыі. Зараз зноў Курапаты гучаць моцна. Туды ходзіць апазіцыя, пачала хадзіць і ўлада. Можа, гэта зноў нейкі знак? Можа, Беларусь зноў стаіць перад нейкім пераломам?

— Не сумняюся, што гэта знак. Курапаты —  знакавае месца. Хоць бы таму, што хтосьці аспрэчвае лічбы колькасці загінулых у Курапатах. Але не гэта галоўнае. Курапаты канцэнтруюць у сабе памяць усіх 13 вядомых сёння месцаў масавых расстрэлаў па Менску: дзесьці забудавана, дзесьці заасфальтавана, дзесьці, як у Шабанах, там зроблены сметнік. Таму Курапаты яднаюць памяць па ўсіх гэтых 13 месцах.

У Анатоля Сыса быў такі верш «Адпусціце мяне, Курапаты, нават з куляю ў галаве». На мой погляд, ён пісаў нават не столькі пра Курапаты, колькі пра Менск. Для яго ўвесь Менск быў Курапатамі ў нейкім сэнсе. І гэта сведчанне таго, што Курапаты ўплываюць на Менск. Можа, гэта нейкая праекцыя Менска адначасова.

— Калі на Менск, то, можа, і на Беларусь?

— Так, менавіта. Курапацкая Беларусь. Вось штосьці прабіла на курапацкай варце ў лютым-сакавіку, якую рабіла каманда Дашкевіча. Шмат хто далучаўся, у тым ліку я. І прабіла мяне менавіта гэтая курапацкая Беларусь. Курапаты —  люстэрка ўсёй астатняй Беларусі. Што там такое будзе? Будзем зацыклівацца на адной тэме —  такая Беларусь і будзе. Калі будзем зацыклівацца толькі на трагедыі —  Беларусь будзе толькі трагічнай. Будзем рабіць з гэтага месца паўнаты жыцця і памяці —  і Беларусь будзе такая. Вось такое бачанне.

— А няма небяспекі, што калі ўлады таксама пачынаюць займацца гэтай тэмай, то яны забюракрацяць яе, замусоляць, як яны гэта ўмеюць рабіць.

— Ёсць людзі, якія кажуць пра гэта. І слушна кажуць. Небяспека сапраўды ёсць. Але ў любых узаемадзеяннях, нават у сям’і, уступаючы ў шлюб, пачынаюцца ўласныя змяненні пад уплывам другой нашай паловы, а пасля пад уплывам дзяцей. У любым калектыве давядзецца пайсці на нейкія кампрамісы, і гэтыя кампрамісы далёка не заўжды нам будуць падабацца, штосьці мы будзем перажываць з болем.

«Але трэба хаця б паспрабаваць дагрукацца да прадстаўнікоў уладаў, прабіць іх на суперажыванне. Можа, гэта таго каштуе?» —  задаў рытарычнае пытанне Андрэй Мельнікаў.

Гутарыў Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя.




Каментаваць