Андрэй Аляксандраў з публічнай лекцыяй "Хто будзе плаціць за якасную журналістыку?"

Заўтра, 17 снежня, адбудзецца адкрытая лекцыя “Хто будзе плаціць за якасную журналістыку?”. Запрашаем на пляцоўку “ЦЭХ" (пр-т Незалежнасці, 58/6).



Міжнародны кансорцыум “ЕўраБеларусь”, Лятучы ўніверсітэт і “Беларускі журнал” запрашаюць на адкрытую лекцыю беларускага журналіста, даследчыка медыясферы Андрэя Аляксандрава “Хто будзе плаціць за якасную журналістыку?”

Журналістыка – свабодная, незалежная, якасная – была і застаецца важным інструментам будавання здаровага грамадства, а СМІ – істотнай пляцоўкай для грамадскай дыскусіі. Але ў наш час, час новых медыяў і панавання інтэрнэта, традыцыйная бізнэс-мадэль навіновых медыяў руйнуецца. Актуальным становіцца пытанне: хто і якім чынам будзе аплочваць якасную і незалежную журналістыку?

Сусветныя навіновыя медыі шукаюць адказы на гэтае пытанне. Узнікаюць і апрабоўваюцца новыя бізнэс-мадэлі, аднак яшчэ ніхто не знайшоў канчатковага адказу, ніхто яшчэ не крыкнуў “Эўрыка! Журналістыка ўратаваная!”.

Асаблівасці медыя-рынку Беларусі робяць праблему яшчэ больш вострай. Дзяржаўныя СМІ фінансуюцца за кошт бюджэту і адміністратыўнага рэсурса. Недзяржаўныя часта абапіраюцца на замежную падтрымку. У выніку складаецца ўнікальная сітуацыя: беларускае грамадства фактычна не аплочвае беларускую журналістыку.

Гэта вядзе нас да шэрагу пытанняў. Ці магчыма ўжываць у Беларусі мадэлі манетызацыі навіновых СМІ, якія зараз апрабоўваюцца на Захадзе? Ці ствараюць беларускія журналісты кантэнт, за які можна плаціць? І што такое ўвогуле “якасная журналістыка”? Якім чынам беларускія журналісты адказваюць перад грамадствам, ад якога чакаюць “аплаты” сваёй працы, – і ці чакаюць яны яе ўвогуле? Запрашаем вас паразважаць над гэтымі пытаннямі разам з Андрэям Аляксандравым падчас лекцыі.

Адкрытая лекцыя Хто будзе плаціць за якасную журналістыку?” адбудзецца 17 снежня на пляцоўцы “ЦЭХ" (пр-т Незалежнасці, 58/6).

 

На сайце Лятучага ўніверсітэта можна будзе далучыцца да анлайн-трансляцыи лекцыі.

 

Пачатак у 19.00. Уваход вольны!

Мерапрыемства адбудзецца ў межах цыкла адкрытых лекцый “Галоўнае пытанне”, першая частка якога прайшла ў верасні-кастрычніку гэтага года. Калі ў “першым сезоне” пра “галоўныя пытанні” разважалі сябры Калегіўма Лятучага Універсітэта – інтэлектуалы, навукоўцы ды даследчыкі, то гэтым разам мы запрасілі да ўдзелу прадстаўнікоў адной з самых дынамічных ды прадлемных сфер – сферы медыа, сродкаў масавай інфармацыі ды камунікацыі. 

Каментаваць