Андрэй Ажароўскі: Не зразумела, хто і чаму б’ецца ў Беларусі за АЭС

Удзельнікі міжнароднай канферэнцыі «Праблемы ядзерных адкідаў: ад здабычы урану да адпрацаванага ядзернага паліва», якая адбылася ў Стакгольме, звярнуліся да ўрада Беларусі з заклікам не прызнаваць грамадскія слуханні па АЭС, што адбыліся на пачатку кастрычніка ў Астраўцы, з-за парушэнняў правоў чалавека.



Удзельнікі міжнароднай канферэнцыі «Праблемы ядзерных адкідаў: ад здабычы урану да адпрацаванага ядзернага паліва», якая адбылася ў Стакгольме, звярнуліся да ўрада Беларусі з заклікам не прызнаваць грамадскія слуханні па АЭС, што адбыліся на пачатку кастрычніка ў Астраўцы, з-за парушэнняў правоў чалавека.

Нагадаю, што вядомага расійскага эколага, эксперта групы «Экаабарона» Андрэя Ажароўскага асудзілі да сямі сутак арышту за спробу распаўсюдзіць даклад «Крытычныя заўвагі да ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) беларускай АЭС», адным з аўтараў якога і з’яўляецца эксперт.

«Мы выяўляем глыбокую заклапочанасць парушэннем правоў чалавека, падманам і фальсіфікацыяй, што былі дапушчаны Міністэрствам энергетыкі, гарадской адміністрацыяй і супрацоўнікамі міліцыі падчас так званых «грамадскіх слуханняў па ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе АЭС» 9 кастрычніка ў Астраўцы, Беларусь», — гаворыцца ў рэзалюцыі міжнароднай канферэнцыі па праблеме ядзерных адыходаў, якая адбылася ў Стакгольме. Таксама ўдзельнікі канферэнцыі заклікаюць урад Беларусі прытрымлівацца патрабаванняў Орхускай канвенцыі і Канвенцыі Эспа, якія ратыфікавала дзяржава. Паводле меркавання эколагаў, замацаванае Орхускай канвенцыяй права на доступ да інфармацыі і яе распаўсюджванне было парушана забаронай аргкамітэта слуханняў на распаўсюджванне крытычных матэрыялаў падчас мерапрыемства. У афіцыйных матэрыялах АУНА ацэнка магчымых выкідаў радыенуклідаў заніжаная ў 320 разоў, небяспечныя наступствы выкідаў нават не згаданыя, адсутнічае апісанне абыходжання з ядзернымі адкідамі і адпрацаваным ядзерным палівам, план вываду станцыі з эксплуатацыі.

«Мы выказваем салідарнасць з Антыядзерным рухам Беларусі і заклікаем улады Беларусі ўстрымацца ад рэпрэсій у дачыненні да даследчыкаў, актывістаў, эколагаў і навукоўцаў, якія выступаюць з крытыкай выкарыстання ядзернай энергіі і ідэі будаўніцтва атамнай станцыі ў краіне, што мацней за ўсіх пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, — гаворыцца ў заяве.

Пасля свайго вызвалення з-пад арышту і вяртання са Стакгольмскай канферэнцыі Андрэй Ажароўскі адказаў на пытанні «НЧ».

— Якія ў вас уражанні засталіся пасля арышту?

— Маё затрыманне было правакацыяй, суд — гэта прыкрыццё правакацыі. Што тычыцца ўмоў утрымання ў ізалятары, то магу сказаць так: холадна, але не прыніжальна. Наогул, пастанова суда ў законную сілу пакуль не ўступіла. Я абскардзіў яе ў Гродзенскім абласным судзе. Спадзяюся, мне паведамяць, калі будзе разгляд, бо я даслаў туды адпаведны ліст з просьбай без мяне судовае пасяджэнне не праводзіць. У Беларусі калегі адразу кінуліся мне дапамагаць, перадалі цёплыя рэчы, знайшлі адваката. У Расіі «Экаабарона» і эколага-праваабарончы цэнтр «Белона» накіравалі афіцыйны зварот на імя міністра замежных спраў РФ Сяргея Лаўрова з просьбай разабрацца з маім арыштам. Супрацоўнік дыпламатычнай місіі Расіі наведаў мяне толькі 14 кастрычніка. Прыехаць у Астравец мае калегі-расіяне не маглі, а падтрымка мне была патрэбная менавіта там.

— З таго, што вы бачылі і ведаеце, на вашу думку, ці будзе ўвогуле гэта АЭС пабудаваная? Ходзяць размовы пра палітычны фарс і банальнае выпампоўванне рэсурсаў.


— У любым выпадку, гэта выпампоўванне грошай. Грошы ўжо расходуюцца: будуецца «дарога ў нікуды», гэты спектакль з так званымі слуханнямі арганізавалі. Дарэчы, называць тое, што адбылося ў Астраўцы, слуханнямі — не карэктна. Гэта — збор прыхільнікаў АЭС, арганізаваны Мінэнерга, дырэкцыяй АЭС, якая будуецца, і ўладамі Астравецкага раёна — райвыканкамам і РАУСам. На слуханнях мусяць быць прадстаўленыя ўсе погляды. На слуханнях не робяць так, каб апаненты не змаглі на іх патрапіць.

— Ці маглі б параўнаць удзел грамадскасці ў рэалізацыі праектаў, якія маюць вялікі экалагічнай складнік, у Расіі і Беларусі?

— Ёсць прыклад сумленных слуханняў. Сёлета ў верасні мясцовыя ўлады горада Мурама Уладзімірскай вобласці не паверылі ў сумленнасць грамадскіх слуханняў Расатама наконт будаўніцтва Ніжагародскай АЭС і правялі ўласныя, якія прадэманстравалі рэальныя адносіны насельніцтва. Падчас слуханняў жыхары горада, які размешчаны ў 20 кіламетрах ад будаўнічай пляцоўкі АЭС, адназначна выказваліся супраць будаўніцтва, абураліся палітыкай прамывання мазгоў і праядзернай прапагандай мясцовых СМІ.

Але і ў Расіі Расатам часта ладзіць маніпуляцыі і правакацыі. Толькі ў нас зразумела: Расатам б’ецца за дзяржаўнае фінансаванне. Хто, чаму і за што б’ецца ў вас — я не ведаю.


Напрыканцы размовы Андрэй Ажароўскі заўважыў, што зможа прачытаць гэты артыкул па-беларуску. «У ізалятары часовага ўтрымання заўсёды працавала радыё — Першы канал», — падзяліўся сваімі «універсітэтамі» расійскі эколаг.

Каментаваць