Андрэй Бандарэнка абвясціў у калоніі бестэрміновую галадоўку

Вязень сумлення Андрэй Бандарэнка 5-га кастрычніка абвясціў аб бестэрміновай галадоўцы ў знак пратэсту супраць парушэння сваіх правоў і жорсткага, бесчалавечнага абыходжання. Такое рашэнне ён прыняў у сувязі з тым, што яго перавялі з «бяспечнага месца» (адзіночнай камеры) у атрад, на казарменнае становішча. Пры гэтым у калоніі «цыркулюе» інфармацыя пра яго нібыта «нізкі статус», што не дазваляе зняволеным з ім мець зносіны.



Як стала вядома з размовы з ягоным бацькам, Валерам Бандарэнкам, за час пераводу ў атрад Бандарэнка ўжо двойчы пабываў у карцэры («ШЫЗА») і цяпер знаходзіцца ў ПКТ (памяшканні камернага тыпу). Падставай паслужыла тое, што ён вымушаны быў уступіць у канфлікты з іншымі зняволенымі, абараняючы свае правы і годнасць.

Валер Бандарэнка паведаміў, што Андрэй у тэлефоннай размове заявіў, што мае намер і далей адстойваць свае правы. Між тым, тры і больш парушэнняў «рэжыму» могуць прывесці да асуджэння яго па сумнавядомым артыкуле 411 Крымінальнага кодэкса — «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы». Тэрмін — да аднаго года пазбаўлення волі і перавод у турму на больш жорсткі рэжым. Гэтым шляхам ужо прайшлі некаторыя «упартыя» вязьні, у тым ліку Эдуард Лобаў і Мікалай Статкевіч.

Андрэй Бандарэнка ў размове з бацькам выказаў надзею, што яго сітуацыя не застанецца без увагі беларускіх праваабаронцаў.

Андрэй Бандарэнка — стваральнік установы «Платформ інавэйшн», якая займаецца абаронай правоў чалавека ў месцах пазбаўлення волі. 12 жніўня 2014 года суд Кастрычніцкага раёна Мінска прызнаў яго вінаватым ва ўчыненні хуліганства, злоснага хуліганства і асабліва злоснага хуліганства (чч. 1, 2 і 3 арт. 339 КК) у дачыненні да трох грамадзян. Бандарэнку прыгаварылі да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, але ў сувязі з амністыяй тэрмін быў скарочаны да трох гадоў.

Каментаваць