Андрэй Бандарэнка: «Сітуацыя шмат у чым стабілізавалася...»

Днямі ў адрас былога суддзі Канстытуцыйнага суда Міхаіла Пастухова прыйшоў ліст ад зняволенага праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі.



Бандарэнка піша, што пасля пераводу з Бабруйскай калоніі ў Шклоў сітуацыя шмат у чым стабілізавалася, хоць ён працягвае знаходзіцца ў ПКТ (памяшканні камернага тыпу).

Услед за зняволеным «прыйшлі» і друкаваныя выданні, якія ён выпісаў («Народная воля» і «Новы час»). Бандарэнка выказваецца аб магчымасці перападпарадкавання Дэпартамента выканання пакаранняў (ДВП). Праваабаронца лічыць, што «...наўрад ці Мінюст сёння ў стане (...) прыняць у падпарадкаванне такое дзецішча...». На яго думку, сама пенітэнцыярная сістэма не гатовая да такога перападпарадкавання з шэрагу прычын. Па-першае, «з-за закасцянеласці і архаічнасці многіх нормаў, якія патрабуюць рэфармавання». Па-другое, «ментальна пенітэнцыярная сістэма знаходзіцца яшчэ далёка ад сістэмы выпраўлення».

У той жа час Бандарэнка не падзяляе сцверджанне калегі-праваабаронцы Уладзіміра Лабковіча, што «...ДВП і ўся пенітэнцыярная сістэма ў цэлым накіраваныя на рэпрэсіі і парушэнне правоў асуджаных». Ён адзначае, што ў дзеючай сістэме адбыцця пакаранняў у выглядзе пазбаўлення волі маюцца розныя перагіны і злоўжыванні, але гэта, хутчэй, асобныя выпадкі. У той жа час праблем застаецца шмат і іх трэба вырашаць на заканадаўчым узроўні, лічыць Бандарэнка.

14 красавіка Бандарэнка сустрэў «за кратамі» свой дзень нараджэння. Прачытаўшы ў газеце «Свабодныя навіны плюс» аб пажаданнях Міхаіла Пастухова, ён выказвае свае пажаданні. Сярод іх: больш хуткае ўсведамленне беларусамі сваёй грамадзянскай адказнасці; аднаўленне ў краіне законнасці; паляпшэнне дабрабыту людзей; здабыццё волі і шчасця. І яшчэ адно жаданне — хутчэй убачыць жонку і дачку Машу.

Андрэй Бандарэнка быў пераведзены ў шклоўскую з папраўчай калоніі № 2 Бабруйска 2 сакавіка з меркаванняў бяспекі. У бабруйскай калоніі, дзе праваабаронца адбываў пакаранне з канца кастрычніка 2014 года, у яго ўзнік канфлікт з некаторымі вязнямі.

У шклоўскай калоніі Бандарэнка таксама напісаў на імя адміністрацыі заяву з просьбай ўтрымліваць яго ў ПКТ, каб пазбегнуць магчымых канфліктаў з вязнямі.

Андрэй Бандарэнка — стваральнік установы «Платформ інавэйшн», якая займаецца абаронай правоў чалавека ў месцах пазбаўлення волі. 12 жніўня 2014 года суд Кастрычніцкага раёна Мінска прызнаў яго вінаватым у здзяйсненні хуліганства, злоснага хуліганства і асабліва злоснага хуліганства (часткі 1, 2 і 3 артыкула 339 КК) у дачыненні да трох грамадзян. Бандарэнку асудзілі да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, але ў сувязі з амністыяй тэрмін быў скарочаны да трох гадоў.

Каментаваць