Андрэй Кабякоў не жадае сустракацца з прадстаўнікамі грамадскасці

Галава Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Андрэй Кабякоў не жадае сустракацца з прадстаўнікамі Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры, паведаміла карэспандэнту “НЧ лідар ініцыятывы, юрыстка Тамара Сяргей.
 



Паводле яе слоў, 20 снежня каля 20 прадстаўнікоў ініцыятывы з ўсіх рэгіёнаў краіны прыбылі ў Адміністрацыю Прэзідэнта. “Мы загадзя ў вызначаным законам парадку падалі калектыўную заяву ад 30 грамадзян на асабісты прыём да Андрэя Кабякова. Мы прасілі сустрэцца або з намі ўсімі, альбо з нашымі трыма прадстаўнікамі дзеля таго, каб вырашыць праблему адпісак з органаў суду і пракуратуры на нашы скаргі, — адзначыла  юрыстка.

Паводле яе слоў, згодна з дзеючым графікам прыём грамадзян Андрэем Кабяковым павінен быў пачацца ў 10.00. “Аднак калі мы а 9.30 сабраліся ў прыёмным пакоі адміністрацыі, дык даведаліся, што з невядомых прычын пачатак прыёму перанесены на 15.00. Такім чынам, людзі пяць гадзін  вымушаныя былі чакаць пачатку гэтага прыёму. Акрамя таго, загадчык прыёмнай адміністрацыі Ігар Ламаносаў адмовіўся прымаць наш калектыўны зварот на імя Андрэя Кабякова за подпісамі 31 грамадзяніна, нават не прачытаўшы гэты дакумент. Свае дзеянні чыноўнік матываваў тым, што Адміністрацыя Прэзідэнта прыпыніла з намі ліставанне. Па гэтай жа прычыне, як паведаміў Ламаносаў, галава адміністрацыі нас не прыме, — сказала юрыстка.

Паводле яе слоў, зварот да Кабякова быў накіраваны поштай.

У звароце, між іншым, адзначаецца, што прыпыненне ліставання і адмова ў прыёме “не заснаваныя на заканадаўстве Рэспублікі Беларусь і, у першую чаргу, супярэчаць Канстытуцыі краіны.

Аўтары дакументу звяртаюць увагу на змест адказу чыноўнікаў Адміністрацыі Прэзідэнта ад 16 лютага 2012 года: “Вашыя звароты, што тычацца нязгоды з рашэннямі судоў, пакідаем без разгляду і ліставанне з Вамі па пытанням, звязаным з Вашай нязгодай з рашэннямі судоў, прыпыняем.  Аднак змест адказу чыноўнікаў  “не адпавядае рэчаіснасці, паколькі мы ў сваіх зваротах да галавы дзяржавы не выказвалі нязгоду з рашэннямі судоў, і, тым больш, не прасілі перагледзець якую-небудзь

 справу! — падкрэсліваецца ў дакуменце. Яго аўтары паведамляюць, што ў жніўні і ў лістападзе 2012 года ўдзельнікі ініцыятывы двойчы падавалі заяўкі ў Мінскі гарвыканкам з просьбай дазволіць правядзенне пікета дзеля таго, каб давесці да грамадства і кіраўніцтва краіны інфармацыю пра праблему адпісак, а таксама пра парушэнне правоў сябраў ініцыятывы і іх блізкіх. “Аднак у правядзенні акцый нам было адмоўлена. Такім чынам, адны чыноўнікі адмаўляюць нам у прыёме, а другія – у правядзенні пікету. І тады ўзнікае натуральнае пытанне – а што ж нам рабіць у такой сітуацыі?, — пытаюцца аўтары звароту.  

Каментуючы здарэнне, Тамара Сяргей нагадала, што 27 верасня бягучага году Андрэй Кабякоў упершыню адмовіўся прымаць сябраў ініцыятывы, а Ігар Ламаносаў не перадаў галаве адміністрацыі зварот за подпісамі 34 грамадзян.  На меркаванне юрысткі, прыпыненне ліставання з актывістамі ініцыятывы і адмова ў прыёме сведчаць пра тое, што чыноўнікі органаў выканаўчай улады “не здольныя вырашаць праблемы грамадзян і таму баяцца з намі сустракацца.

Каментаваць