Андрэя Гайдукова прызналі палітвязнем

Дэмакратычная грамадскасць вызнае Андрэя Гайдукова палітвязнем. Такое рашэнне прынялі прадстаўнікі грамадскасці падчас круглага стала, прысвечанага «шпіёнскай справе» Гайдукова ў Мінску 7 лютага.



Нагадаем, намеснік старшыні «Саюза маладых інтэлектуалаў» Андрэй Гайдукоў быў затрыманы ў Віцебску 8 лістапада. У дачыненні да Гайдукова распачата справа па ч.1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве ў форме правядзення агентурнай дзейнасці).

Гайдукоў займаўся рэгістрацыяй «Саюза маладых інтэлектуалаў», падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 года працаваў у камандзе кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава.

Як сказала каардынатар праваабарончай групы «За волю» Ганна Шапуцька, неабходнасць такога рашэння палягала ў тым, што большасць праваабарончых арганізацый прызнаюць людзей «вязнямі сумлення» толькі пасля таго, як над імі адбудзецца суд. «Тым часам, справа Гайдукова — выключна палітычная. Яго неаднаразова папярэджвалі, каб ён спыніў сваю грамадскую актыўнасць, пагражаючы «непрыемнасцямі» аж да арышту. Гэты арышт і адбыўся», — кажа Шапуцька.

На карысць палітычнай матываванасці справы сведчыць і тое, што Гайдукоў знаходзіцца пад вартай КДБ ужо тры месяцы. Але раней паведамлялася, што ён быў схоплены «на месцы злачынства», — у момант закладкі нейкага тайніка з інфармацыяй. Тое, што тры месяцы без асаблівых вынікаў цягнецца следства, азначае, што справа Гайдукова «высмактаная з пальца», лічыць Шапуцька.

Па словах каардынатаркі аргкамітэту па стварэнні БХД з Віцебску Таццяны Севярынец, міжнародныя арганізацыі «проста не могуць зразумець, што такое справа Гайдукова». «Бо абсурднасць прад’яўленага абвінавачвання ім не зразумелая. Таму мы павінны растлумачыць ім, у чым падазраецца Гайдукоў, і растлумачыць гэты абсурд», — адзначыла Севярынец.

Каментаваць