Анлайн-петыцыя: як гэта працуе?

Пакуль што беларусы, збольшага, у перапісцы з уладнымі органамі карыстаюцца паперай. Але ўжо даўно прынятыя пастановы пра электронныя звароты грамадзянаў. На гэтым пабудаваная платформа "Зручны горад".



Навошта ўвогуле спатрэбілася такая платформа? Ёсць жа безліч іншых, нашмат буйнейшых рэсурсаў, кшталту знакамітага і раскручанага change.org, дый форма электроннага звароту павінна быць на кожным сайце дзяржаўнага органа. Здавалася б, пішы — не хачу!

Уладзімір Кавалкін

Пра асаблівасці электронных зваротаў і анлайн-петыцый грамадзянаў распавядае ініцыятар стварэння Petitions.by Уладзімір Кавалкін.

Навошта?

Калі сам Кавалкін вандраваў па розных Еўропах, яго зацікавіў факт: нароўні з тым жа change.org багата дзе існуюць і мясцовыя сайты анлайн-петыцыяў. Навошта яны спатрэбіліся? Справа ў тым, што міжнародныя петыцыйныя сайты слаба «заточаныя» пад мясцовае заканадаўства.

Так, калі петыцыя на change.org набярэ сотні тысячаў падпісантаў, на яе могуць звярнуць увагу. Менавіта на гэтае — на прыцягненне ўвагі, — разлічаная большасць міжнародных сайтаў. Але цалкам магчыма, што на такі зварот увагі могуць і не звярнуць. Асабліва калі праблема лакальная, і шмат подпісаў пад скаргай не збіраецца. З-за гэтага няма ніякай упэўненасці ў тым, што скаргу з сусветнага сайта чыноўнікі пабачаць і пачуюць.

З іншага боку, у кожнай краіне — свае падыходы да электронных зваротаў грамадзянаў. Напрыклад, на тым жа change.org можна ўпісаць толькі імя і электронны адрас — і гэтыя звесткі сістэма прыме. У Беларусі ж, каб зварот набыў юрыдычны статус, трэба, каб у ім было пазначана прозвішча, імя, імя па бацьку і фізічны, афлайнавы адрас пражывання асобы. Дэ-юрэ, на «няправільна аформленыя» электронныя звароты чыноўнікі маюць права не звяртаць аніякай увагі — як на ананімкі.

Праз абмежаванні

Другая частка праблемы, кажа Кавалкін, у тым, што часцяком уладныя органы, можа, і несвядома, але абмяжоўваюць права грамадзянаў на звароты. І справа тут у тэхнічнай недасканаласці сайтаў дзяржорганаў.

Напрыклад, форма электроннага звароту, размешчаная на сайце, можа быць абмежаваная колькасцю знакаў. У гэтай форме могуць адсутнічаць, альбо быць абмежаваныя магчымасці да прычэплівання дадатковых матэрыялаў, пацвярджаючых абгрунтаванасць зварота. Альбо тэхнічныя памылкі на сайце могуць прыводзіць да адмовы «ўспрыняцця» звароту грамадзяніна.

Кавалкін прывёў у прыклад сайт Мінгарвыканкама. Калі ў форме зварота на сайце пісаць нешта па-беларуску, і ў слове трапіцца апостраф, (напрыклад «з’ява»), то сайт проста «не ўспрыме» такі тэкст. Гэта памылка праграмістаў. Больш за тое, кажа Кавалкін, праз такія «тэхнічныя» сімвалы, кшталту апострафа, «ў», знаку параграфа ці іншых зламыснікі могуць наўпрост узламаць гэты сайт.

І каманда Petitions.by вырашыла не толькі пазбавіць грамадзянаў хібаў формаў электронных зваротаў на дзяржаўных сайтах, але яшчэ і дапамагчы гэтым дзяржсайтам, вылоўліваючы ў іх памылкі і неадпаведнасці. Пра «дзірку» на сайце Мінгарвыканкама было паведамлена таму ж Мінгарвыканкаму, і, цалкам магчыма, што праграмісты яе ўжо залаталі.

Як гэта працуе?

Рэсурс Petitions.by пазбаўлены і гэтых, і іншых праблемаў. Таму што ў ім працуюць не проста праграмісты, але яшчэ і людзі, як бы гэта дзіўна не гучала.

Калі грамадзянін стварае сваю петыцыю, яна не трапляе адразу ж на сайт. Найперш, над ёю пачынае працаваць юрыст. Першапачатковае «сіта» такіх петыцыяў, гэта, канешне, прэмадэрацыя, каб у звароце не было абразлівых выразаў, нецэнзуршчыны і гэтак далей. Потым ацэньваецца, наколькі гэтая праблема можа быць вырашаная ў межах заканадаўства аб зваротах грамадзянаў. І далей ідуць развагі — да якога органа яе лепш дасылаць.

Калі сітуацыя, апісаная ў петыцыі, невырашальная ў межах зваротаў грамадзянаў, то пра гэта паведамляецца яе аўтару. Альбо, як кажа Кавалкін, быў выпадак, калі петыцыю пісаў недзеяздольны чалавек, які «жадаў дзіўнага». Ёсць тэксты ў стылі «заводы — працоўным, зямлю — сялянам!», то бок лозунгі замест апісання праблемы. І калі на стадыі абмеркавання не з’яўляецца звязанага тэксту з апісаннем праблемы і шляхоў яе вырашэння, то да стадыі збору подпісаў яна не даходзіць. Такіх выпадкаў мала — каля 5%, але яны ёсць.

Яшчэ адзін плюс такой праверкі звароту — у адраснасці. «Нашыя людзі, ледзьве нешта здарылася, адразу скардзяцца альбо ў Савет Міністраў, альбо ў Адміністрацыю прэзідэнта, а тое і пішуць наўпрост Лукашэнку», — кажа Кавалкін. І калі ім прыходзяць адказы, што «скарга пераадрасаваная», альбо «не ў кампетэнцыі органа», вельмі абураюцца. Але ж Лукашэнка, за выключэннем рэдкіх выпадкаў дзяржаўных суботнікаў, не асфальтуе дарогі, не ўкручвае лямпачкі ў пад’ездах, і гэтак далей. Таму юрыст і ацэньвае, куды павінен быць скіраваны зварот.

Пішучы адразу «наверх», людзі не толькі нарываюцца на «адпіскі», але і пазбаўляюць сябе магчымасцяў. Напрыклад, калі зварот тычыцца міліцыі, больш лагічнай была б такая схема: РУУС — ГУУС — абласны ўзровень і толькі потым рэспубліканскі, а потым, мажліва, Савет міністраў, Палата прадстаўнікоў, Адміністрацыя прэзідэнта. Так болей шанцаў, што на адным з узроўняў праблема вырашыцца. А калі пісаць адразу ў Саўмін, то чалавек сам пазбаўляе сябе шанцаў вырашыць праблему на ўзроўні горада, вобласці альбо канкрэтнага міністэрства.

Апроч гэтага, юрыст Petitions.by можа параіць, як зрабіць скаргу больш пісьменнай, і больш эфектыўнай для ўспрыняцця чыноўнікаў.

Петыцыя створаная — што далей?

Можна зрабіць петыцыю індывідуальнай, калі яна не патрабуе збору подпісаў, і яна сыдзе з Petitions.by адразу ў адпаведны орган. А можна паставіць яе на абмеркаванне ўдзельнікамі сайта. Удзельнікі могуць яе каментаваць, упадабаць ці не ўпадабаць, мяняць тэкст петыцыі, звяртаць увагу сяброў, знаёмцаў і грамадскасці да заяўленай праблемы ці ідэі. Як кажуць, «гуртам і бацьку лягчэй біць», і ад гэтага абмеркавання зварот становіцца толькі лепей. Аднак на гэтым этапе функцыя «Падпісаць петыцыю» не актыўная.

А ўжо пасля заканчэння тэрміну абмеркавання (яго, дарэчы, вызначае сам аўтар петыцыі, як і час збору подпісаў пад ёй) зварот становіцца магчымым для падпісання. Тэкст рэдагаваць ужо ніхто не можа. Кавалкін раіць звярнуць увагу на сваю петыцыю ў іншых анлайнах і афлайнах — сацыяльныя сеткі, СМІ аповеды пра заяву сябрам, суседзям, калегам. «Чым болей подпісаў, тым вышэйшыя шанцы на поспех», — тлумачыць ён. Па сканчэнні тэрміну збору подпісаў петыцыя будзе аўтаматычна адпраўлена адрасату, гэта значыць, у дзяржорган або арганізацыю.

Застаецца чакаць адказу ў тэрмін, вызначаны заканадаўствам.

Вынікі

Пакуль што на сайце ёсць 120 петыцыяў. На 42 звароты грамадзянаў атрыманыя адказы. Астатнія петыцыі альбо ў працэсе абмеркавання і збору подпісаў, альбо чакаюць адказу. І не на ўсе петыцыі адказы ўдалося атрымаць.

Як правіла, зазначае Кавалкін, у петыцыі ў якасці зваротнай два адрасы — непасрэдна адрас Petitions.by, і адрас заяўніка. Аднак некаторыя органы адказваюць толькі заяўніку, у якога няма ці часу, ці імпэту паведаміць рэсурсу пра атрыманы вынік. Напрыклад, ДАІ любіць адказаць заяўніку не па электроннай пошце, а на паперы.

Але насамрэч, зазначае Кавалкін, «чыноўнікі не такія кепскія, як пра іх прынята думаць». 90% атрыманых адказаў — гэта адказы па сутнасці. «Калі ў органа ёсць бюджэт і магчымасць вырашэння праблемы — яна вырашаецца. Калі магчымасцяў няма, то яны тлумачаць, чаму яны не могуць гэтага зрабіць. І толькі 10% адказаў можна назваць адпіскамі», — зазначае Кавалкін.

І, зноўку паўтарае Кавалкін, чым болей подпісаў пад петыцыяй, тым больш верагоднасць, што праблема будзе вырашаная.

Зараз на сайце зарэгістравана 3.000 карыстальнікаў. Гэтага дастаткова, каб прыцягнуць увагу чыноўнікаў да любой праблемы.

Шчасце ўсім!

У чым карысць стваральнікаў Petitions.by? Няўжо яны атрымліваюць асалоду ад вырашэння чужых праблемаў? Гэта таксама ёсць, зазначае Кавалкін, але карысць у іншым. Праз петыцыі і звароты грамадзянаў, на ягоную думку, ствараецца грамадзянская супольнасць. Чалавек, які звярнуўся ў дзяржорганы і вырашыў сваю праблему, становіцца па жыцці больш актыўным. У яго з’яўляецца пазітыўны досвед перамогі, ён ужо ведае, што «пытанне можна вырашыць». І не скатваецца ў абыякавасць, зарання кажучы: «Пішы, не пішы — усё роўна нічога не атрымаецца». Ён ведае, што трэба дамагацца свайго — і дамагаецца. І можа дапамагчы іншым людзям, хоць бы і тым, што паставіць свой подпіс пад чужой петыцыяй — як іншыя «галасавалі» за вырашэнне ягонай праблемы.

З гэтага і паўстае тое, што мы называем «грамадзянскай супольнасцю».

Абмеркаванне:

  • Уладзімер Русаковіч
  • 2016-02-01 15:40:59
Заўважыў узьнікненьне адразу некалькіх беларускіх сайтаў для зваротаў. Прыкладам ёсьць яшчэ сайт ( http://zvarot.by/be/ ), які дазваляе ствараць асабістыя і супольныя звароты ды зьмяшчае сьпіс
дзяржаўных установаў. Там у 2,5 разы больш дасланых запытаў: "12740".

Каментаваць