Антыкрызісная платформа АДС

16 сакавіка ў сядзібе Партыі БНФ лідэры Аб’яднаных дэмакратычных сіл прэзентавалі Антыкрызісную платформу АДС «Аб шляхах пераадолення фінансава-эканамічнага крызісу і важнейшых накірунках новай эканамічнай палітыкі Рэспублікі Беларусь», удзел у распрацоўцы якой узялі аўтарытэтныя адмыслоўцы, вядомыя як у краіне, так і па-за яе межамі.

16 сакавіка ў сядзібе Партыі БНФ лідэры Аб’яднаных дэмакратычных сіл прэзентавалі Антыкрызісную платформу АДС «Аб шляхах пераадолення фінансава-эканамічнага крызісу і важнейшых накірунках новай эканамічнай палітыкі Рэспублікі Беларусь», удзел у распрацоўцы якой узялі аўтарытэтныя адмыслоўцы, вядомыя як у краіне, так і па-за яе межамі.

Сустаршыні прэзідыума АДС адзначылі, што дадзеная платформа ёсць не толькі прапановай ураду па выхаду з эканамічнага крызісу, але і патрабаваннем не дапусціць перакладання яго цяжкіх наступстваў на плечы простых грамадзян, інакш апазіцыя запатрабуе адстаўкі ўсяго кіраўніцтва краіны.

Як адзначаюць аўтары платформы, эканамічны крызіс напаткаў беларускую эканоміку задоўга да наступлення сусветнага фінансавага крызісу. Слабасць эканомікі выявілася ў выглядзе стратнасці і нізкай рэнтабельнасці большасці прадпрыемстваў, страты абаротнага капіталу, закрэдытаванасці рэальнага сектара, росту складскіх запасаў, павелічэння крэдыторскае запазычанасці, высокай інфляцыі. З-за выбранай памылковай мадэлі развіцця, падкрэсліваецца ў дакуменце, краіна стаіць на мяжы эканамічнага абвалу. Праблема пагаршаецца сусветнай рэцэсіяй, падзеннем коштаў і зніжэннем попыту на тавары, што экспартуюцца, узмацненнем канкурэнцыі.

Таму платформа, прапанаваная АДС, над якой праз удзел у «круглых сталах», праз аналіз і прапановы працавалі такія вядомыя эканамісты, як Станіслаў Багданкевіч, Павел Данейка, Леанід Заіка, Міхаіл Залесскі, Леанід Злотнікаў ды іншыя, а таксама такія структуры, як Аналітычны цэнтр «Стратэгія», Навукова-даследчы цэнтр Мізеса, Інстытут прыватызацыі і менеджмента, Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў, прапануюць рэальныя шляхі выхаду са складанай сітуацыі.

Па словах старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, шляхам складаных дыскусіяў падчас падрыхтоўкі платформы атрымалася дасягнуць кампрамісу практычна ўсіх суб’ектаў дэмакратычнай супольнасці Беларусі. «АДС гатовыя да дыялогу ўнутры краіны з уладамі не толькі па палітычнай праблематыцы. Зараз, распрацаваўшы Антыкрызісную платформу, мы можам размаўляць і ўнутры краіны, і за межамі, маючы супольную пазіцыю. Гэта вельмі і вельмі важна», — падкрэсліў кіраўнік АГП.

Як адзначыў лідэр Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін, падрыхтаваны дакумент — не праграма выхаду з крызісу, таму што праграму можа рэалізаваць толькі ўрад, які валодае дастатковай кампетэнцыяй і паўнамоцтвамі, доступам да дзяржаўных рэсурсаў і ўладных рычагоў. Па словах Калякіна, у платформе вызначаныя накірункі, над якімі зараз трэба найбольш актыўна працаваць: гэта прыярытэтнае фінансаванне і развіццё адукацыі і навукі, пераход на кіраванне сучаснымі сродкамі праз стварэнне праграмы «Электронная Беларусь і электронны ўрад», развіццё энергетычнай праграмы, якая сёння маецца і ва ўрадзе, заснаванай на выкарыстанні разнастайных рэсурсаў і сыравіны для вытворчасці электраэнергіі, а таксама кардынальнае спрашчэнне падатковай сістэмы.

Апроч іншага, аўтары платформы прапануюць прывесці нацыянальнае заканадаўства ў адпаведнасць з асноўнымі міжнароднымі нормамі і стандартамі функцыянавання фінансаў, таварных рынкаў, інвестыйцый і бухгалтарскага ўліку; стварыць сістэму пенсійных фондаў новага тыпу, якія працуюць як ашчадна-назапашвальныя фінансавыя інстытуты; забяспечыць для тых, хто мае патрэбу ў жыллі, за кошт сродкаў бюджэту аплату працэнтаў па іпатэчных крэдытах звыш пяці адсоткаў гадавых, а таксама з дапамогай бюджэту забяспечыць магчымасць набыцця тымі, хто мае патрэбу, сацыяльнага жылля, кошт аднаго квадратнага метра якога, роўным сярэдняму заробку па краіне.

Гэтая платформа будзе выкладзена ў канцы сакавіка на наступным паседжанні Кансультацыйнай рады пры Адміністрацыі прэзідэнта былым старшынёй Нацбанку Станіславам Багданкевічам. Па словах намесніка старшыні Партыі БНФ Віктара Івашкевіча, гэты дакумент — не толькі прапанова і парады дзейнай беларускай уладзе. «Гэта нашы патрабаванні да ўлады: калі яна не выканае меры па сацыяльнай абароне людзей і па дэмакратызацыі беларускага грамадства, то мы заяўляем, што яна не здольная справіцца з сітуацыяй і павінна сысці», — сказаў палітык. Як адзначыў намеснік старшыні Партыі БНФ, рэалізацыя гэтай платформы магчыма толькі пад кантролем дзеяздольных і падсправаздачных грамадству дэмакратычных інстытутаў улады пры ўмове спынення палітычных рэпрэсій, у атмасферы празрыстасці і даверу.

Пры гэтым адзначаецца, што Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы не маюць намеру падзяляць з цяперашнім рэжымам адказнасць за наступствы крызісу. «Цяперашняя ўлада, вінаватая ў кансервацыі неэфектыўнай мадэлі эканомікі, сістэматычным падмане грамадства, самаізаляцыі ад дэмакратычных краін, павінна як мага хутчэй пайсці ў адстаўку», — лічаць аўтары дакумента.

Каментаваць